Актывы EPAM у Беларусі скараціліся, у РФ — пакуль не прададзеныя

EPAM застаўся працаваць у Беларусі, але кампанія скараціла актывы і сродкі на рахунках у беларускіх банках. Адным з істотных фактараў уплыву на фінансавы стан і бізнэс, у тым ліку ў Беларусі, у EPAM працягваюць разглядаць вайну ва Украіне. Пра гэта гаворыцца ў новай справаздачы кампаніі для камісіі па каштоўных паперах і біржах ЗША. Падаем асноўнае.

1 каментарый

Рызыкі

Як адзначаецца ў справаздачы EPAM, рада дырэктараў кампаніі кантралюе стратэгічныя і геапалітычныя рызыкі, а таксама тыя, што звязаныя з геаграфічным пашырэннем.

Год таму каля 60% супрацоўнікаў кампаніі працавала ў Беларусі, Украіне і Расіі. Але летась кампанія была вымушаная рэлакаваць спецыялістаў з гэтых краін у іншыя лакацыі праз расійскае ўварванне ва Украіну. Цяпер у Расіі кампанія не мае супрацоўнікаў, штат спецыялістаў у Беларусі скараціўся ў два разы, а каманда ва Украіне — да 11 тысяч чалавек.

Усяго за мінулы год на рэлакацыю кампанія выдаткавала 39 мільёнаў долараў. Сёлета, мяркуючы з усяго, EPAM перавозіць толькі асобных супрацоўнікаў. За студзень-сакавік кампанія выдаткавала на пераезд усяго 212 тысяч долараў.

ЕРАМ баіцца, што працяглыя ваенныя дзеянні, далейшая эскалацыя канфлікту, новыя санкцыі ЕС у дачыненні да Беларусі і Расіі (у тым ліку службовых асоб) і контрсанкцыі ў адказ негатыўна паўплываюць на фінансавы стан і бізнэс.

У справаздачы пазначана таксама, што кампанія высока ацэньвае рызыкі ўплыву на бізнэс заказчыкаў. Летась з пачаткам вайны ва Украіне шэраг заказчыкаў адмовіўся працаваць з айцішнікамі ў Беларусі. Праз гэта скараціўся партфель праектаў у РБ, а кампаніі прыйшлося рэлакаваць асобныя каманды. Мяркуючы са справаздачы, EPAM асцерагаецца паўтарэння такога сцэнара з дзейнымі кліентамі. Кампанія ацэньвае рызыкі, звязаныя з прыпыненнем або адмовай кліентаў ад дзейных праектаў, альбо скарачэннем кошту кантрактаў. Гэта таксама можа негатыўна адбіцца на бізнэсе, кажуць у EPAM.

Актывы

Праз рэзкае скарачэнне каманды ў Беларусі знізіўся аб’ём фінансавых рэсурсаў, якія EPAM трымае на рахунках у беларускіх банках для аперацыйных патрэб і працы офіса. Калі на канец сакавіка мінулага года на рахунках кампаніі быў 51 мільён долараў у эквіваленце, то на канец сакавіка гэтага года на трэць менш — 34 мільёны долараў. Што праўда, за першы квартал гэтага года аб’ём сродкаў вырас на 6 мільёнаў долараў. У справаздачы кампанія ўдакладняе, што «рэшткі сродкаў у банках змяняюцца ў залежнасці ад аперацыйных патрэб у рэгіёне», але без падрабязнасцей.

Агульныя актывы ў Беларусі таксама працягваюць скарачацца. На канец першага квартала кошт актываў — 55,2 мільёна долараў. За год (у параўнанні з канцом першага квартала 2022 года) актывы зменшыліся на 21,5%, або на 15 мільёнаў долараў, за студзень–сакавік гэтага года — зменшыліся на 2+ мільёны долараў.

Асноўныя актывы EPAM размешчаныя ва Украіне (коштам амаль 70 мільёнаў долараў) і ЗША (65+ мільёнаў долараў).

У лістападзе мінулага года стала вядома, што EPAM падпісаў дамову наконт продажу сваіх актываў у Расіі. Кампанія не назвала пакупніка актываў і меркаваную суму ўгоды. «Тэрміны завяршэння продажу залежаць ад звычайных умоў закрыцця ўгоды, уключаючы ўхваленне ўгоды расійскім урадам», — казала кампанія.

Актывы пакуль не прададзеныя. У сваёй справаздачы EPAM адзначае, што ў красавіку гэтага года кампанія «ўнесла папраўкі ў пагадненне аб продажы практычна ўсіх астатніх актываў у Расіі, уключаючы грашовыя сродкі і іх эквіваленты, трэцяй асобе». Раней кампанія атрымала неабходны дазвол расійскага ўрада на продаж актываў.

EPAM Systems напрамую і праз аднайменную кіпрскую «дачку» валодаў у Расіі некалькімі арганізацыямі: ТАА «ЭПАМ Рашэнні», ТАА «Коўдвэб» і ТАА «ЭПАМ Сістэмз». Першыя дзве кампаніі ўжо афіцыйна ліквідуюцца, толькі «ЭПАМ Сістэмз» пакуль застаецца дзейнай юрыдычнай асобай у Расіі.


dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў.

Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 170 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі. У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў. 

Дапамагчы нам можна праз Patreon. 

З Беларусі — праз Donorbox.

І яшчэ крыптой, тут гаманцы.

Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.

EPAM скараціў глабальны штат і рэзка паменшыў выдаткі на рэлакейт
Па тэме
EPAM скараціў глабальны штат і рэзка паменшыў выдаткі на рэлакейт
Wargaming пасунуў EPAM і лідзіруе па падатках у Літве
Па тэме
Wargaming пасунуў EPAM і лідзіруе па падатках у Літве
EPAM открыл два офиса в Колумбии (приезжал Добкин)
По теме
EPAM открыл два офиса в Колумбии (приезжал Добкин)
«Прадаў акцыі EPAM, кватэру, гадзіннік». Як айцішнікі адкрылі бізнэсы за мяжой
Па тэме
«Прадаў акцыі EPAM, кватэру, гадзіннік». Як айцішнікі адкрылі бізнэсы за мяжой

Читать на dev.by