EPAM стаў падаткаплацельшчыкам №1 у літоўскім ІТ (рост у 6 разоў!)

EPAM Sistemos упершыню стала найбуйнейшым ІТ-бізнэсам Літвы паводле сумы выплачаных падаткаў. 

За 2022 год дачка EPAM павялічыла падатковыя адлічэнні ў літоўскі бюджэт у 6,5 разоў. У топ-3 паводле падатковых плацяжоў увайшла яшчэ адная кампанія з беларускімі каранямі — Wargaming Vilnius.

30 каментарыяў

Паводле звестак Дзяржаўнай падатковай інспекцыі пры літоўскім Мінфіне, за мінулы год EPAM Sistemos заплаціла 10,4 мільёна еўра падаткаў. Абагнаўшы шматгадовага рэкардсмена, дата-цэнтр амерыканскага плацежнага сэрвісу Western Union (9,1 млн).

Для параўнання за 2021 год літоўскі бюджэт атрымаў ад EPAM суму ў разы меншую — усяго 1,6 мільёна еўра.

Рэкордным для EPAM летась стаў чацвёрты квартал: за кастрычнік–снежань кампанія заплаціла больш за 4 мільёны еўра падаткаў. Гэта на 25% больш, ніж у трэцім квартале, і на 60% больш, ніж сумарна ў першым і другім кварталах.

Паводле даных rekvizitai.vz.lt, за мінулы год каманда літоўскага офіса вырасла ў 4,5 разы. Цяпер у штаце 1,5+ тысячы спецыялістаў. Асноўная каманда EPAM знаходзіцца ў Вільні. Таксама ўлетку кампанія адкрыла другое падраздзяленне — у Коўне. На гэты момант там зарэгістравана амаль 60 супрацоўнікаў.

Літва ўваходзіць у топ-10 найпапулярнейшых лакацый у EPAM. На сайце адкрыта больш за 120 вакансій для прэтэндэнтаў на працу ў літоўскім офісе кампаніі (у тым ліку аддалена).

Wargaming Vilnius заплаціла ў літоўскі бюджэт за мінулы год 8,5 мільёнаў еўра падаткаў. Гэта трэці паказчык сярод ІТ-бізнэсаў. Па выніках 2021 года кампанія не ўвайшла ў статыстыку падаткавікоў (у топ-50 падаткаплацельшчыкаў сектара «інфармацыя і сувязь»).

Для Wargaming Vilnius таксама чацвёрты квартал 2022 года стаўся рэкордным: за гэты перыяд кампанія заплаціла 3,3 мільёна еўра падаткаў. Для параўнання, за першы-другі кварталы літоўскі бюджэт атрымаў 2,3 мільёна еўра падаткаў, за трэці квартал — 2,9 мільёна еўра.

Каманда літоўскага офіса Wargaming таксама інтэнсіўна расла. За 2022 год штат павялічыўся ў 2,5 разы да 987 спецыялістаў. Літва — на другім месцы сярод усіх лакацый Wargaming паводле колькасці вакансій. На сайце кампаніі адкрыта 35+ прапаноў працы ў літоўскім офісе.

Дзякуючы росту каманды і падатковых адлічэнняў EPAM Sistemos і Wargaming Vilnius па выніках мінулага года ўвайшлі ў топ-500 найбуйнейшых падаткаплацельшчыкаў Літвы. Дачка EPAM апынулася на 128 месцы ў рэйтынгу, а дачка Wargaming на 165 месцы.

Таксама ў топ-500 трапіла яшчэ адная ІТ-кампанія з беларускімі каранямі — мабільны распрацоўшчык Melsoft. За мінулы год кампанія заплаціла ў бюджэт Літвы больш за 4 мільёны еўра падаткаў. У літоўскім офісе кампаніі зарэгістравана амаль 320 супрацоўнікаў — у 4,3 разы больш, ніж год таму.

Літва ўваходзіць у топ-3 найпапулярнейшых месцаў для беларускіх айцішнікаў. За мінулы год штат ІТ-кампаній з беларускімі каранямі, якія зарэгістраваныя ў Літве, вырас больш як у тры разы — ад 1,5 да 4,7 тысячы супрацоўнікаў.

Кампаніі з беларускімі каранямі ў Літве выраслі за год у 3 разы. Топ-10
Па тэме
Кампаніі з беларускімі каранямі ў Літве выраслі за год у 3 разы. Топ-10
У Літве пражываюць амаль 50 тыс. беларусаў
Па тэме
У Літве пражываюць амаль 50 тыс. беларусаў
Заробкі айцішнікаў-рэлакантаў у Літве амаль у 3 разы большыя, ніж у мясцовых жыхароў
Па тэме
Заробкі айцішнікаў-рэлакантаў у Літве амаль у 3 разы большыя, ніж у мясцовых жыхароў
«Прапусцілі са скрыпаннем». Ці лёгка заехаць у Літву з польскай візай?
Па тэме
«Прапусцілі са скрыпаннем». Ці лёгка заехаць у Літву з польскай візай?

Читать на dev.by