Эпоха «сінтэтычных акцёраў»: у Швейцарыі прэзентавалі першую ў свеце ШІ-актрысу. Галіна не ў захапленні
На Цюрыхскім кінафестывалі прэзентавалі Цілі Норвуд — першую актрысу, створаную з дапамогай штучнага інтэлекту, піша Variety. Гэта праект студыі Xicoia, якая адгалінавалася ад брытанскай відэастудыі Particle6, заснаванай актрысай і прадзюсарам Элін ван дэр Вельдэн.
Паводле слоў ван дэр Вельдэн, да ШІ-актрысы ўжо праяўляюць цікавасць агенцтвы па пошуку талентаў. Яна адзначыла, што яшчэ ў пачатку года студыі не верылі ў такія тэхналогіі, але ўжо да мая пачалі шукаць супрацоўніцтва. У бліжэйшыя месяцы стваральнікі абвесцяць, якое агенцтва будзе афіцыйна прадстаўляць актрысу.
У ліпені Норвуд атрымала першую ролю — у камедыйным скетчы AI Commissioner, выпушчаным Particle6. На яе старонцы ў Facebook з’явіўся запіс пра тое, што яна «не верыць, што гэта адбылося» і падзялілася эмоцыямі ад дэбюту.
Стваральнікі праекта ставяць перад сабой амбіцыйную мэту — зрабіць Норвуд актрысай узроўню Скарлет Ёхансан або Наталі Партман. Ван дэр Вельдэн тлумачыць, што цікавасць да ШІ-акцёраў звязана ў тым ліку з эканомікай кіна- і тэлеіндустрыі: тэхналогіі здымаюць частку нагрузкі на бюджэт і адкрываюць новыя творчыя магчымасці.
«Аўдыторыі важная гісторыя, а не тое, ці ёсць у акцёра пульс», — напісала ван дэр Вельдэн у LinkedIn. Яна дадала, што Норвуд прыцягвае фанатаў і ўвагу прафесіяналаў і што эпоха «сінтэтычных акцёраў» ужо надышла. У Particle6 лічаць, што ў бліжэйшыя гады ў індустрыі будзе з’яўляцца ўсё больш праектаў з акцёрамі, створанымі ШІ.
У індустрыі з’яўленне ШІ-актрысы выклікала рэзкую рэакцыю. Многія акцёры і актрысы выступілі супраць віртуальнага персанажа і агенцтваў, якія могуць захацець з ім працаваць — ім пажадалі страціць усіх «жывых» кліентаў. Некаторыя намякнулі на этычнасць і ўказалі на тое, што для стварэння Норвуд былі выкарыстаны твары соцень дзяўчат. Хтосьці заявіў, што гэта ўвогуле не актрыса.
Читать на dev.by