ЕС не верыць Telegram і сам палічыць яго еўрапейскую аўдыторыю
Еўракамісія падазрае кампанію ў прыніжэнні звестак пра колькасць карыстальнікаў, праз што спрабуе пазбегнуць больш строгай мадэрацыі кантэнту.
У Брусэлі лічаць, што Telegram мог прынізіць даныя пра колькасць карыстальнікаў у ЕС, каб застацца ніжэй за парог у 45 мільёнаў карыстальнікаў. Пры перавышэнні гэтага парога сэрвіс трапляе ў спіс буйных анлайн-платформаў, да якіх выстаўляюцца стражэйшыя патрабаванні ў дачыненні да бізнэсу і кантэнту. Новыя правілы дзейнічаюць згодна з нядаўна прынятым законам «Пра лічбавыя паслугі» (DSA).
У лютым гэтага года Telegram заявіў пра 41 мільён карыстальнікаў у ЕС. У гэтым месяцы Telegram не падаў дакладных звестак пра велічыню аўдыторыі, заявіўшы толькі, што ў яго «значна менш за 45 мільёнаў актыўных карыстальнікаў у ЕС». Цяпер у часе расследавання Еўракамісія самастойна вызначыць фактычную колькасць карыстальнікаў месенджара.
У выпадку прызнання Telegram буйной платформай кампанія будзе абавязаная выконваць жорсткія правілы мадэрацыі кантэнту, праводзіць незалежны аўдыт і абменьвацца данымі з Еўракамісіяй. Пры гэтым нядаўна Telegram даў справаздачу аб вялікім росце аўдыторыі, а кіраўнік кампаніі Павел Дураў заявіў, што аўдыторыя набліжаецца да 1 мільярда карыстальнікаў ва ўсім свеце.
24 жніўня французская паліцыя затрымала Паўла Дурава ў парыжскім аэрапорце Ле-Буржэ. Яму былі выстаўленыя абвінавачванні ў дачыненні да шэрагу злачынстваў, звязаных з арганізаванай злачыннасцю. Суд прыняў рашэнне вызваліць прадпрымальніка пад заклад у 5 мільёнаў еўра і забараніў бізнэсоўцу выязджаць з Францыі. Дураў абавязаны два разы на тыдзень адзначацца ў аддзяленні паліцыі.
Читать на dev.by