ЕС абвінаваціў Google у парушэнні законаў і ўціску распрацоўшчыкаў. Кампаніі пагражае штраф у 35 млрд еўра

Еўрапейская камісія заявіла, што Google парушае Закон аб лічбавых рынках (DMA). Кампанія аддае перавагу ўласным сэрвісам у пошукавай выдачы і абмяжоўвае магчымасці распрацоўшчыкаў аплікацый у Play Store прапаноўваць карыстальнікам больш выгадныя ўмовы па-за межамі крамы.

Пакінуць каментарый

Рэгулятар лічыць, што кампанія несправядліва вылучае ўласныя сэрвісы, такія як Shopping, Flights, Hotels і іншыя, у выніках пошуку Google Search. На думку рэгулятара, Alphabet (мацярынская кампанія Google) такім чынам парушае патрабаванне DMA не аддаваць перавагу ўласным сэрвісам перад канкуруючымі прапановамі ад трэціх бакоў.

У прыватнасці, Google размяшчае свае сэрвісы на больш прыкметных месцах у пошукавай выдачы, напрыклад, у верхняй частцы старонкі або ў спецыяльных блоках з палепшаным візуальным афармленнем і механізмамі фільтрацыі. Выканаўчая віцэ-прэзідэнтка Еўракамісіі Тэрэса Рыбера падкрэсліла, што такая практыка перашкаджае канкурэнтам атрымліваць справядлівы рэйтынг і абмяжоўвае выбар карыстальнікаў.

Другое абвінавачанне датычыцца крамы мабільных аплікацый Google Play Store. Еўракамісія лічыць, што Google перашкаджае распрацоўшчыкам аплікацый інфармаваць карыстальнікаў Android пра больш выгадныя прапановы, даступныя па-за межамі Play Store.

Сцвярджаецца, што Google тэхнічна абмяжоўвае магчымасці распрацоўшчыкаў накіроўваць карыстальнікаў да абраных імі прапаноў і каналаў распаўсюджвання. Акрамя таго, ЕС выказвае меркаванне, што камісіі, якія спаганяе Google з распрацоўшчыкаў за кожную пакупку лічбавых тавараў і паслуг, з’яўляюцца неабгрунтавана высокімі і захоўваюцца празмерна доўгі час.

У выпадку канчатковага прызнання віны Google можа быць аштрафаваная на суму да 10% свайго сусветнага гадавога даходу. Улічваючы, што выручка Alphabet у 2024 годзе склала $350 мільярдаў, максімальны штраф можа дасягнуць $35 мільярдаў. Google мае права аспрэчыць папярэднія абвінавачанні або ўнесці дадатковыя змены ў сваю дзейнасць, каб адпавядаць патрабаванням DMA да вынясення канчатковага рашэння ЕС.

У адказ на абвінавачанні старэйшы дырэктар Google па пытаннях канкурэнцыі Олівер Бетел назваў прэтэнзіі ЕС «памылковымі». Ён папярэдзіў, што патрабаванні Еўракамісіі могуць негатыўна паўплываць на спажыўцоў і бізнес. У прыватнасці, забарона на прамыя спасылкі на сайты авіякампаній можа прывесці да росту коштаў на квіткі з-за камісій пасярэднікаў.

Бетел таксама выказаў заклапочанасць, што патрабаванні да Play Store ствараюць «ілюзію выбару паміж адкрытасцю і бяспекай», фактычна прымушаючы Google альбо зрабіць экасістэму закрытай, як у Apple, альбо аслабіць абарону карыстальнікаў ад махлярскіх спасылак на аплікацыі.

Google сцвярджае, што змены, якіх ад яе патрабуе ЕС, ускладняць карыстальнікам пошук патрэбнай інфармацыі і паменшаць трафік еўрапейскіх кампаній. Кампанія падкрэслівае, што працягне ўзаемадзейнічаць з Еўракамісіяй і выконваць яе правілы, але папярэджвае, што цяперашнія патрабаванні павялічваюць рызыку пагаршэння карыстальніцкага досведу.

Кіраўнік Google DeepMind: ШІ будзе рабіць усё-ўсё не горш за чалавека праз 5–10 гадоў
Па тэме
Кіраўнік Google DeepMind: ШІ будзе рабіць усё-ўсё не горш за чалавека праз 5–10 гадоў
Google выпусціла мадэль Gemma 3 для распрацоўшчыкаў
Па тэме
Google выпусціла мадэль Gemma 3 для распрацоўшчыкаў
Google просит Трампа не расчленять компанию
Па тэме
Google просит Трампа не расчленять компанию

Читать на dev.by