ЕС забараніў беларусам адкрываць гаманцы на еўрапейскіх крыптабіржах

Еўрасаюз увёў новыя санкцыі супраць Беларусі. Абмежаванні былі зацверджаныя ў рамках 16 пакета санкцый супраць Расіі, прымеркаванага да трэцяй гадавіны пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.

22 каментарыя

Крыптагаманцы — усё

Новыя санкцыі, у прыватнасці, закранулі магчымасці для беларусаў карыстацца заходнімі крыптабіржамі.

Так, рашэннем ЕС грамадзянам і рэзідэнтам Беларусі забаронена адкрываць (мець) крыптагаманцы або захоўваць крыптаактывы на крыптабіржах.

Таксама грамадзянам Беларусі або фізічным асобам, якія пражываюць у Беларусі, забаронена займаць кіраўніцкія пазіцыі і валодаць або кантраляваць кампаніі або органы, якія займаюцца аказаннем такіх паслуг. 

Абмежаванні не закранаюць грамадзян Беларусі, якія маюць ДНЖ або ПМЖ у краінах ЕС.

Без софту для прамысловасці

Новыя санкцыі закранулі пастаўкі софту ў Беларусь.

У прыватнасці, Еўрасаюз увёў абмежаванні на «продаж, пастаўку, перадачу, экспарт або даванне праграмнага забеспячэння, звязанага з выведкай нафты і газу». Гэта зроблена для «мінімізацыі рызыкі абыходу абмежавальных мер праз тэрыторыю Беларусі».

Таксама пад забарону трапіў софт для кіравання прадпрыемствамі, прамысловага праектавання і вытворчасці. Акрамя таго, ЕС забараніў «продаж, ліцэнзаванне або перадачу любым іншым спосабам правоў інтэлектуальнай уласнасці або камерцыйнай таямніцы, звязаных з такім софтам».

Плюс «Інтэграл»

Пад новыя санкцыі ЕС трапіла дзяржпрадпрыемства «Інтэграл» — беларускі вытворца паўправаднікоў, інтэгральных схем і іншых высокатэхналагічных тавараў. 

Як сказана ў тэксце абгрунтавання ўвядзення санкцый, прадукцыя ААТ «Інтэграл» закупляецца «расійскімі кампаніямі, якія ўдзельнічаюць у расійскай агрэсіі супраць Украіны, а яго прадукцыя была выяўленая на полі бою».

Адзначаецца, што расійскія заказы «складаюць большую частку экспарту» «Інтэграла».

«Паўправаднікі жыццёва важныя для вайсковых намаганняў Расіі, якая ўжо інвеставала 350 мільёнаў долараў у „Інтэграл“. Таму „Інтэграл“ падтрымлівае дзеянні, якія падрываюць і пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны, а таксама падтрымлівае і здабывае выгаду (ад супрацоўніцтва) з урадам Расіі, які нясе адказнасць за анэксію Крыма і дэстабілізацыю Украіны», — гаворыцца ў дакуменце.


Читать на dev.by