«Гэта робіць нас мацнейшымі». У Amazon радыя высокай цякучасці інжынераў
Некаторыя супрацоўнікі AWS, воблачнага падраздзялення Amazon, занепакоеныя занадта частымі звальненнямі ў шэрагах старэйшых інжынераў. Пытанне на гэтую тэму прагучала на карпаратыўным сходзе ў лістападзе. Але прынамсі адзін з топ-менеджараў групы бачыць у гэтым суцэльныя плюсы. Скрыпт трапіў у рукі журналістаў Business Insider.
Віцэ-прэзідэнт AWS Прасад Каліанараман лічыць, што ва ўмовах недахопу людзей і рэсурсаў арганізацыя вымушана быць больш пераборлівай у плане таго, на якіх напрамках дзейнасці іх засяродзіць.
«Насамрэч гэта дазваляе нам ствараць лепшыя прадукты, як мне здаецца, бо так мы больш сфакусаваныя на неабходных функцыях. Я думаю, гэта робіць нас лепшымі», — заявіў Каліянараман.
Ён дадаў, што за апошнія гады колькасць штату AWS значна расла і што настаў час «прадэманстраваць прынцып беражлівасці» — адзін з 16 прынцыпаў кіравання Amazon.
«Для нас беражлівасць спараджае інавацыі. Мы мусім бязлітасна прыярытызаваць», — адзначыў Каліянараман. Таксама ён заклікаў супрацоўнікаў карыстацца генератыўным АІ, каб працаваць прадукцыйней.
Пытанне цякучасці персаналу і выгарання ўздымалася падчас мітынгу не раз. Гэта адная з мноства надзённых праблем AWS нароўні з ростам падраздзялення, які запаволіўся, і бюракратыяй.
Прадстаўнік Amazon у каментары BI сказаў, што за апошнія гады цякучасць кадраў у AWS запаволілася, а Каліанараман толькі падкрэсліваў важнасць беражлівасці і пастаноўкі прыярытэтаў.
Читать на dev.by