У ЕС ухвалілі законапраект, які абмяжуе выкарыстанне АІ і ўвядзе строгія правілы для распрацоўшчыкаў
Еўрапейскі парламент прыняў праект закона аб штучным інтэлекце (AI Act), які моцна абмяжуе выкарыстанне софту на базе АІ для распазнавання твараў, а таксама запатрабуе ад стваральнікаў АІ-сістэм накшталт ChatGPT раскрываць больш інфармацыі пра даныя, якія выкарыстоўваюцца для іх навучання. Канчатковы варыянт закона будзе прыняты не раней, ніж пры канцы года, паведамляе New York Times.
Адной з асноўных тэм абмеркаванняў у новым законе было распазнаванне твараў. Еўрапарламент прагаласаваў за забарону выкарыстання тэхналогіі ў рэальным часе, але пакуль не вырашана, ці варта рабіць выключэнні для нацыянальнай бяспекі ды іншых праваахоўных мэтаў.
Іншае палажэнне забараняе кампаніям збіраць біяметрычныя даныя з сацыяльных сетак для стварэння баз даных для АІ. Заканадаўцы таксама дадалі забарону на выкарыстанне тэхналогій распазнавання эмоцый праваахоўнымі органамі, памежнымі службамі, на працоўных месцах і ў навучальных установах.
Была пашыраная класіфікацыя АІ-сістэм высокай рызыкі. У яе патрапілі мадэлі, якія, на думку парламента, могуць нанесці істотную шкоду здароўю, бяспецы, асноўным правам або сацыяльнаму асяроддзю, а таксама АІ-сістэмы, якія выкарыстоўваюцца для ўплыву на выбаршчыкаў і зыход выбараў. Таксама ў спіс высокай рызыкі былі дададзеныя буйныя сацсеткі, якія выкарыстоўваюць алгарытмы для рэкамендацыі кантэнту.
На ход дэбатаў спрабуюць паўплываць лідары тэхнакампаній. Гендырэктар OpenAI Сэм Альтман апошнія месяцы наведаў не менш за 100 амерыканскіх заканадаўцаў ды іншых палітыкаў у Паўднёвай Амерыцы, Еўропе, Афрыцы і Азіі. Ён заклікае да рэгулявання АІ, але лічыць, што прапанова Еўрасаюза можа выявіцца надмерна складанай для выканання.
Канчатковы варыянт закона будзе ўзгоднены паміж прадстаўнікамі ўлады ЕС — Еўрапейскага парламента, Еўрапейскай камісіі і Рады Еўрапейскага Саюза. Як мяркуецца, пры канцы гэтага года.
Читать на dev.by