«Раней можна было браць проста так». Exadel прадае супрацоўнікам мерч (дорага)
А тры гады працы ў кампаніі можна канвертаваць у асадку.
Чытач devby даслаў урывак з карпаратыўнай рассылкі кампаніі Exadel. У лісце гаворыцца, што пасля месяцаў чакання і некалькіх тызераў з анонсам «Coming soon» у лістападзе нарэшце адкрылася крама мерча Exadel.
Супрацоўнікі меркавалі, што цэны будуць у коінах або Exadel Store coins — іх уласнай валюце, якую кампанія ўвяла два гады таму. Грошы абяцалі за станоўчыя водгукі пра Exadel на платформах кшталту Glassdoor, Indeed, Dou.ua, devby. Тады супрацоўнікі кампаніі распавядалі, што выдаткаваны на іх напісанне час кампанія ацаніла ў 10 коінаў.
Але, зайшоўшы на сайт, наш суразмоўца і яго калегі, «мякка кажучы, здзівіліся»: цэны паўсюль пазначаны ў еўра, і «гэта нешта — кубак 16 еўра, простая асадка — 7 еўра! То бок тое, што ў іншых кампаніях проста раздаюць, нам прапануюць купіць — такога нідзе не было». Пры гэтым курс канвертацыі «зусім нявыгадны» — 5 коінаў роўна 1 даляру.
— Збіраць на нешта вартае трэба доўга, — тлумачыць спікер. — Калі не рабіць нічога дадаткова (не ўдзельнічаць у community, не праводзіць сумоўі, займацца прамоўшнам кампаніі і гэтак далей), то за год працы ў Exadel можна атрымаць усяго 25 коінаў, за тры гады — 50».
Наш чытач кажа, што незадоўга да запуску крамы быў абвешчаны збор перадзаказаў — «каб ведаць, колькі чаго замаўляць», аднак цэны ніхто не агучваў. Ён сам планаваў узяць заплечнік, худзі і некалькі кубкаў. «Але па факце назапашаных коінаў хопіць толькі на кубкі».
— Плюс яшчэ 10 еўра трэба заплаціць за дастаўку. На сайце пазначана, што пасылкі адпраўляюцца з Нідэрландаў, і таму цэны для ўсіх, незалежна ад лакацыі, — у еўра. А яшчэ там ёсць зноска пра тое, што растаможка ў выпадку перавышэння лімітаў на кошт пасылак у канкрэтнай краіне, — таксама за кошт самога супрацоўніка.
Таксама на сайце пазначана, што заказы выконвае Monday Merch. Наш чытач мяркуе, што вытворчасць і адпраўку мерча аддалі ім на аўтсорс.
— Гэтая праграма з мерчам нейкая непрадуманая: звычайна кампаніі зацікаўлены прасоўваць свой мерч — а тут як быццам гэта супрацоўнікам больш патрэбна, — абураецца спікер.
Прычым калегі, якія даўно працуюць, распавядаюць, што раней усялякія дробязі кшталту асадак і нататнікаў можна было браць у офісах проста так, а заплечнікі часам дарылі на на святы, адзначае наш чытач.
P. S. У журналіста devby заваляўся рарытэтны штодзённік Exadel, які яму далі пасля інтэрв’ю ў офісе кампаніі. Недатаваны. Не выкарыстоўваўся. Прадасць за паўцаны.
Читать на dev.by