Exadel зніжае заробкі. Хаб цяпер у Польшчы, мінскі офіс паменшыўся ў 5+ разоў
Амерыканская Exadel з офісамі ў РБ замарозіла перагляд заробкаў, расказалі dev.by некалькі супрацоўнікаў кампаніі.
Некаторым спецыялістам заробкі знізілі — нам вядома прынамсі пра польскія кейсы, такой інфармацыі з іншых офісаў пакуль няма.
Як сцвярджаюць суразмоўцы, перагляд заробкаў у кампаніі замарозілі яшчэ ў маі. Пры гэтым офісаў у Беларусі гэтыя змены фактычна не закранулі, бо «там перагляд заробкаў замарожаны ўжо даўно».
Адначасова частка супрацоўнікаў сутыкнулася са скарачэннем заробкаў.
— Я працую ў Польшчы. Мне і калегам знізілі заробак на 5%. Пра гэта паведамілі кожнаму асабіста і забаранілі гэта абмяркоўваць. У чэрвені некаторым калегам знізілі заробак на 10%. Патлумачылі, што гэта звязана са складанай сітуацыяй на рынку і сыходам кліентаў, — расказаў адзін з супрацоўнікаў Exadel.
Паводле ягоных слоў, частку людзей сталі адпраўляць на бэнч, а потым звальняць у выпадку адсутнасці праектаў. Як доўга спецыялісты могуць знаходзіцца на бэнчы, суразмоўцы дакладна не ведаюць — паводле іх слоў, гэта залежыць ад лакацыі. «Напрыклад, у Беларусі на бэнчы можна знаходзіцца каля месяца, а потым звальненне».
Да вайны ва Украіне асноўны цэнтр распрацоўкі Exadel размяшчаўся ў Мінску. У 2022 годзе кампанія вырашыла перанесці хаб у Польшчу, а таксама абвясціла аб маштабным пашырэнні польскага офіса і планах наняць да 2023 года каля 2 тысяч спецыялістаў.
На дадзены момант у Польшчы адкрыта 5 офісаў кампаніі: у Варшаве, Беластоку, Познані, Шчэціне, Гданьску. Дакладная колькасць супрацоўнікаў у Польшчы невядомая. Мяркуючы з профіляў у лінкедзіне, іх больш за 500.
Акрамя Польшчы супрацоўнікі беларускага офіса Exadel рэлакаваліся ў іншыя краіны — Літву, Узбекістан, Грузію.
А што з офісам у Беларусі?
Суразмоўцы dev.by сцвярджаюць, што летась амерыканскі топ-менеджмент вагаўся, ці закрываць беларускі офіс і юрыдычную асобу. У выніку кампанію вырашылі пакінуць.
Яшчэ восенню 2021 года ў Exadel у Беларусі працавалі 700+ спецыялістаў, кампанія ўваходзіла ў топ-15 ІТ-бізнэсаў паводле памеру каманды. Цяпер, паводле інфармацыі dev.by, у штаце засталося ўсяго 120-130 супрацоўнікаў.
Адзін з топ-менеджараў кампаніі, з якім удалося звязацца dev.by, расказаў, што найманне ў беларускай кампаніі даўно прыпыненае. Засталіся тыя, хто з розных прычын не змог або не захацеў рэлакавацца (напрыклад, пажылыя бацькі, маленькія дзеці) і згодны працаваць нават ва ўмовах працяглай замарозкі заробкаў.
Але некаторыя з іх перыядычна звальняюцца. «Няма выразных перспектыў і доўгатэрміновых праектаў. Калі цябе здымаюць з праекта, то іншы наўрад ці будуць шукаць», — растлумачыў рашэнне адзін з супрацоўнікаў.
Паводле слоў яшчэ аднаго суразмоўцы, цяпер супрацоўнікі Exadel у Беларусі ў асноўным працуюць на ўнутраных праектах, а таксама на некалькіх вонкавых праектах, заказчыкам якіх не прынцыпова, у якой лакацыі знаходзяцца спецыялісты.
Мы накіравалі пытанні кіраўніцтву Exadel. Апублікуем адказы, калі атрымаем.
Exadel
Міжнародная ІТ-кампанія. заснавана ў 1998 годзе. Юрыдычная асоба ў Беларусі з’явілася ў 2006 годзе. Распрацоўвае, тэсціруе, кансультуе і падтрымлівае праекты кліентаў з розных даменных абласцей: фінансы, блакчэйн, фондавыя біржы, абарона інфармацыі, ахова здароўя, адукацыя і інш.
У кампаніі працуе 2800+ чалавек. Галаўны офіс Exadel знаходзіцца ў Уолнат-Крык (Каліфорнія, ЗША). Усяго ў Exadel 30+ офісаў у 10+ краінах.
Пры канцы 2019 — пачатку 2020 года кампанію Exadel планаваў купіць EPAM, але ўгода ў выніку не адбылася. У сакавіку 2021 года ўгоду наконт купляння Exadel закрыла амерыканская прыватная інвестыцыйная кампанія Sun Capital.
У студзені 2023 года ўрад Беларусі ўнёс замежнае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Эксадэл» у пашыраны спіс кампаній з акцыянерамі з недружалюбных краін. Ім забаронена адчужаць долі (акцыі) у беларускіх юрасобах без дазволу Мінфіна.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 210 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі.
У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў.
Дапамагчы нам можна праз Patreon.
І яшчэ крыптой, тут гаманцы.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by