«Менеджар — Скарпіён». Навошта айцішнікаў падбіраюць па задыяку? Ці робіць так хтосьці ў Беларусі?
Кожная сёмая кампанія ў Расіі (14%) улічвае знак задыяку суіскальніка пры найманні, паказваюць апытанні джаббордаў. 24% кіраўнікоў лічаць «карысным» пры прыняцці бізнэс-рашэнняў улічваць парады астролагаў, таролагаў, нумеролагаў і чараўнікоў.
Уплыў гэтай галіны на ІТ-рынак Беларусі ўзмацняецца, таму мы вырашылі даведацца, ці папулярныя ў нас эзатэрычныя практыкі і ці ўзмацняецца іх экспарт.
Выглядае, не вельмі папулярныя.
Сярод нашай аўдыторыі знайшліся 3 чалавекі, у якіх быў досвед працы з кіраўнікамі, для якіх «гараскоп», «таро», «нумералогія» і іншае — гэта важна.
«Сказала, што я „як Дзяўчына“ раблю сваю працу скрупулёзна, але мне патрэбны хтосьці хуткі»
— Я раней працаваў продактам, і СРО мне падбіралі па знаку задыяка. Распавяду падрабязней.
Мы працавалі ў мінскім офісе, а начальніца была прызначаная з Масквы. Яна сказала, што я «як Дзяўчына» раблю сваю працу скрупулёзна і якасна, але мне патрэбны хтосьці больш «хуткасны», каб мы працавалі ў пары — ужо не памятаю, які знак яна называла.
Спецыяліст па падборы персаналу на яе патрабаванне адгледзеў каля 5-7 кандыдатаў і ў выніку падабраў-такі адпаведнага чалавека. І на здзіўленне нашае з ім супрацоўніцтва было найлепшым за ўсю маю кар’еру. Хоць мы абодва лічылі, што гэта ўсё крынджаціна.
«Гучалі словы, што гэта жарт, але тым не менш…»
— 5-6 гадоў таму на сумоўях у вядомы анлайн-маркетплэйс тавараў б/у пыталіся, хто кандыдат па знаку задыяка, — пры гэтым гучалі словы, што гэта жарт, але тым не менш.
Я працаваў у іншым дэпартаменце (цэлыя два гады) і сумоўе праходзіў у іншых людзей, таму мне пытанняў на гэтую тэму не задавалі. А вось у Product & Tech такімі рэчамі на той момант цікавіліся.
«Хацеў скласці натальную карту, каб праверыць нашую працоўую сумяшчальнасць»
— Я працавала з такім кіраўніком: спачатку ён пацікавіўся, хто я па гараскопу, потым неяк папрасіў назваць час майго нараджэння. На слушнае пытанне: «Навошта?» — адказаў, што яму трэба скласці натальную карту, каб праверыць нашую працоўную сумяшчальнасць.
Для мяне гэта было ўжо «званочкам», але я вырашыла паглядзець, як далей будуць развівацца нашыя працоўныя ўзаемаадносіны. Часу не раскрыла — схлусіла нешта. Ён жа стаў паводзіць сябе яшчэ больш дзіўна: даваў пачытаць нейкія кнігі пра расшыфроўку характару па імені і даце нараджэння, прапанаваў мяняць голас, калі з ім размаўляю — для яго ён занадта звонкі.
Сумарна я прапрацавала ў кампаніі 4 месяцы — і пайшла на новую працу з-за таго, што грымнуў кавід і вытворчасць спынілася, а офісныя работнікі пайшлі ў адпачынак за свой кошт.
Не магу назваць свой досвед адмоўным, але пачуццё, што ўсё, што адбываецца — гэта нейкі крындж, я адчувала часта. Напэўна, варта дадаць, што так кіраўнік паводзіў сябе з усімі супрацоўнікамі, якія працавалі ў офісе (не ведаю, ці тычылася гэта людзей на вытворчасці).
Гісторыі з лінкедзіна: «Зваліўся пад на кластары — спрабавалі выклікаць шамана»
У лінкедзіне таксама ёсць падобныя гісторыі.
— 5-6 гадоў таму эйчар буйнога аператара сотавай сувязі запрасіў мяне на сумоўе. Ён сам мяне знайшоў — я заяўкі не падавала.
Кіраўнік аддзела падключыўся да сумоўя аддалена. Пазней далі хатняе заданне, потым паклікалі на фінальнае сумоўе з дырэктарам дэпартамента. Сядзім у велізарным кабінеце з відам на горад: я, кіраўнік аддзела, дырэктар і эйчар. Усё як звычайна: пытанне-адказ — гутарка ідзе добра. Бліжэй да канца сумоўя дырэктар дэпартамента пытаецца:
— Хто вы па знаку задыяка?
— Блізняты.
— Блізняты няўседлівыя з характару, вы не падыходзіце для гэтай працы. Нам патрэбныя ўседлівыя для руціннай працы.
— Я ўседлівы чалавек. І як можна дзяліць 7 млрд чалавек на 12 тыпаў асобы? Усе людзі розныя.
— Не, Усе блізняты такія.
Праз пару дзён патэлефанаваў эйчар і сказаў, што яны прынялі рашэнне на карысць іншага кандыдата. Напэўна, не «Блізнюка», — распавяла адная карыстальніца сеціва.
У лінкедзіне вельмі папулярнае жартаўлівае відэа, якое запісала бізнэс-аналітык і выкладчыца Анастасія Дзергач, — нібыта адразу пасля сумоўя. У ім дзяўчына распавядае, як прайшла тры тэставыя заданні, тэсты «Які ты суп?» і «Хто ты са смяшарыкаў?», выканала тэст на дызайн чалавека — «усяго 200 пытанняў»… Але, на жаль, завалілася на тэсце па сумяшчальнасці па гараскопу з PM: «ён — Скарпіён, я — Авен, бач ты, мы адно аднаму не падыходзім».
Анастасія прызналася нам, што сама з падобным не сутыкалася. Але ў некаторых яе знаёмых быў такі досвед — так што дзяўчына проста сабрала некалькі гісторый у адным відэа. Ну і каментары ў сацсетках даказваюць, што падобныя гісторыі не рэдкія.
Пад адным постам з гэтым відэа карыстальнікі пішуць: «100%» і «вельмі праўдападобна. У Расіі гэта менавіта такі цырк». Ёсць таксама каментар: «У мяне таксама правяралі астралагічны гараскоп пасля сумоўя». Мы спыталі ў гэтай карыстальніцы, як яна адрэагавала на такую праверку.
— Мяне гэта напружыла, вядома. Адчувалася, што гэта не вельмі нармальна. Але, з іншага боку, было нават цікава, ці падыходжу я ім па гараскопу. Аднак яны мне так і не адказалі — зніклі.
А вось каментар ад ІТ-рэкруцёра:
У лінкедзіне нямала тых, хто абапіраецца на гараскопы і верыць у натальныя карты. Мы знайшлі нават пост ад ІТ-рэкуцёра пра тое, як выбудаваць паспяховую кар’еру па знаку задыяка. Зрэшты, на наступны дзень дзяўчына напісала, што гэты пост — жарт на першага красавіка.
Ёсць і тыя, хто эксплуатуе «эзатэрычную» тэму для заробку — абяцае з дапамогай таро і розных энергетычных практык «падняць энергію», каб «прыцягнуць новыя магчымасці». І ўсё гэта пад хэштэгам #пошук працы. Аднак пад такімі пастамі нямала саркастычных каментароў.
І дзеля справядлівасці варта заўважыць: у лінкедзіне нямала і тых, хто заклікае рэкруцёраў не ўключаць усю гэтую «магію» ў інтэрв’ю, нават калі кіраўніцтва вельмі настойвае, — і гэта ў тым ліку калегі.
Што кажуць рэкруцёры: «Не абстрактныя кампаніі ўлічваюць знакі задыяку пры падборы, а людзі»
Хэдхантар і кар’ерны кансультант, кіраўнік партнёр ARTITERA Аляксей Нямковіч адзначыў, што яму ніхто і ніколі не выстаўляў патрабаванняў па знаках задыяка.
— Так, пры гэтым былі ўладальнікі бізнэсу, якія звярталі на гэта ўвагу (але не лічылі за галоўнае) — і выказвалі здагадкі аб характары кандыдата.
Вы можаце шматкроць пераконваць чалавека, які прымае рашэнні, што ён грунтуецца на няслушных фактах або довадах, але трэба памятаць: уласнік бізнэсу заўсёды аплачвае памылкі са сваёй кішэні. Калі хтосьці верыць, што зямля плоская, трэба ўлічваць, што ён жыве ў іншай сістэме каардынат. Улічваць і браць пад увагу, так як ты не можаш «лячыць» свайго кліента ад яго предустановок і прадузятасцяў без запыту.
Пры гэтым на пытанне, ці карэктна ўключаць такі крытэр у адбор як асноўны, Аляксей адказвае так:
— Усё, што супярэчыць заканадаўству і заснавана на любой дыскрымінацыі, — заўсёды некарэктна. Любая спроба сегментаваць кандыдатаў выключна па поле, узросце або астралагічных прыкметах недапушчальная і мусіць спыняцца цвёрда і настойліва. Але важна памятаць, што за кампаніямі стаяць канкрэтныя людзі і гэта не абстрактныя кампаніі бяруць пад увагу знакі задыяка пры падборы, а неадукаваныя людзі.
Ксенія Лешык, TA/HR з больш як 6-гадовым досведам працы, у тым ліку ў Беларусі, адзначае, што з патрабаваннямі па знаках задыяка ў сваёй працы ніколі не сутыкалася:
— Гэта дзіўны варыянт ацэнкі скілоў для мяне, і адзіны варыянт тлумачэння, які я для сябе знайшла, — манагеры, якiя патрабуюць гэтага, перакладаюць адказнасць за свае рашэнні (бо самастойна прымаць іх не могуць).
Падзякi сусвету, я не сустракалася з падобным, але чула, што такое iснуе.
Што бы я рабiла ў такой сiтуацыi? Думаю, спачатку зрабiла б спробу растлумачыць манагеру, чаму не трэба карыстацца такiмi туламi, а калі б не спрацавала — паспрабавала б эскаліраваць.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам, увагай і данатамі.
І яшчэ крыптой, тут кашалькі.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by