Амаль аднарог Flo ліквідуе бізнэс у Беларусі
Распрацоўшчык праграмы для жаночага здароўя Flo ліквідуе беларускую юрыдычную асобу. Такая інфармацыя з’явілася на сайце адзінага дзяржрэгістра. Рашэнне пра ліквідацыю было прынятае пры канцы верасня.
Пра тое, што Flo сыходзіць з Беларусі, крыніцы паведамлялі яшчэ сёлета ўвесну. Таксама на пачатку сакавіка ў ТАА «Фло Хэлс Бел» змяніўся ўласнік: замест амерыканскай кампаніі «Фло Хэлс, Інк», якая валодала 100% ТАА «Фло Хэлс Бел» ад жніўня 2018 года, беларуская кампанія стала належаць фізічнай асобе. У самой кампаніі інфармацыю пра сыход з Беларусі не каментавалі.
На сайце кампаніі даўно няма згадак пра офіс у Мінску, таксама няма вакансій для працы ў Беларусі. Апошнія колькі месяцаў Flo актыўна пашырае каманду ў Літве — за чэрвень-верасень штат літоўскага офіса вырас у два разы да 245 чалавек.
Flo Health — кампанія з беларускімі каранямі, якая выпускае папулярную праграму ў сегменце жаночага здароўя. Штаб-кватэра — у Лондане, мае прадстаўніцтвы ў Нідэрландах і ЗША, офісы распрацоўкі ў Мінску (быў) і Вільні (апошні адкрыты пры канцы 2020 года).
Колькасць супрацоўнікаў на канец 2021 года чакалася каля 400 чалавек, з іх у Мінску — каля паловы. Увосень 2021 года Flo закрыла інвестыцыйны раўнд B. Агульная сума інвестыцый склала $50 млн, ацэнка кампаніі дасягнула $800 млн. Меркавалася, што Flo вось-вось стане наступным аднарогам з беларускімі каранямі пасля PandaDoc.
Праграма Flo апошнія тры гады з’яўляецца самай папулярнай у App Store ў катэгорыі Health & Fitness. Паводле звестак кампаніі, у праграмы ўжо больш за 250 мільёнаў унікальных карыстальнікаў у свеце.
Читать на dev.by