Fortran зноў прарвалася ў топ-10 TIOBE
Праз больш як 20 гадоў Fortran зноў у дзясятцы самых папулярных моў праграмавання TIOBE.
Аўтары рэйтынгу адзначаюць, што ў выдачы на Amazon, галоўным кніжным маркетплэйсе, на запыт «праграмаванне на Fortran» больш за тысячу вынікаў, у той час як на аналагічны запыт для новых моў накшталт Kotlin або Rust сайт вяртае каля 300 кніг.
У TIOBE адказваюць, што нягледзячы на ўзрост — Fortran з’явілася ў 1957 годзе — мова працягвае развівацца. Новы стандарт быў прыняты прыкладна паўгода таму, пры канцы 2023-га.
Галоўнай прычынай адраджэння Fortran называюць усё большую важнасць матэматычных вылічэнняў. Хоць у гэтай сферы ў яе нямала канкурэнтаў, ва ўсіх ёсць свае недахопы: Python — выбар № 1, але павольная, MATLAB — вельмі простая ва ўжыванні для матэматычных вылічэнняў, але мае даволі дарагія ліцэнзіі, C/C++ — мэйнстрымавыя і хуткія, але не маюць натыўнай падтрымкі матэматычных вылічэнняў, R — падобная да Python, але не такая папулярная і павольная, Julia — дынамічна развіваецца, але пакуль недастаткова спелая. Між тым Fortran павольна, але ўпэўнена набірае абароты.
У цэлым за месяц склад топавай дваццаткі змяніўся толькі ў адным — COBOL выцесніла з яе R. Поўная версія спіса ніжэй.
Читать на dev.by