Foxconn і Nvidia анансавалі будаўніцтва АІ-фабрык
Foxconn і Nvidia пабудуюць новы тып дата-цэнтраў, якія будуць выкарыстоўвацца для стварэння розных прадуктаў на аснове штучнага інтэлекту, напрыклад, беспілотных аўтамабіляў. Пра гэта лідары дзвюх кампаній Лю Янг-Вэй і Джэнсен Хуанг расказалі на штогадовай тэхналагічнай канферэнцыі Foxconn у Тайбэі, піша Reuters.
Foxconn — найбуйнейшы ў свеце кантрактны вытворца электронікі з Тайваня. Nvidia на сённяшні дзень — самы дарагі чыпмэйкер планеты.
«Узнік новы від вытворчасці — вытворчасць інтэлекту. А дата-цэнтры, якія гэтым займаюцца, з’яўляюцца АІ-фабрыкамі», — адзначыў Хуанг.
Паводле яго слоў, «АІ-фабрыкі» будуць у бесперапынным рэжыме атрымліваць і апрацоўваць даныя ад самакіравальных аўто, што дазволіць удасканальваць іх. «Машына перасоўваецца па рэальным свеце і збірае новыя даныя. Гэтыя даныя паступаюць на АІ-фабрыку. АІ-фабрыка паляпшае софт і абнаўляе ўвесь аўтапарк. У будучыні АІ-фабрыкі будуць у кожнай кампаніі, у кожнай галіне», — патлумачыў прадпрымальнік, які нарадзіўся на Тайвані.
Акрамя таго, АІ-фабрыкі змогуць выкарыстоўвацца кампаніямі для навучання робатаў і сэрвісаў на базе генератыўнага АІ.
На АІ-фабрыках будуць выкарыстоўвацца чыпы і софт Nvidia, у тым ліку перадавы суперчып GH200, забаронены да пастаўкі ў Кітай. Лю адзначыў, што Foxconn хоча быць не толькі кантрактным вытворцам, але і ператварыцца ў кампанію, якая дае платформенныя рашэнні. Таксама Foxconn паказала прататып новага электрагрузавіка Model N.
У студзені дзве кампаніі запартнёрыліся для распрацоўкі платформы самакіравальных аўто. У рамках праекта Foxconn будзе выпускаць электронныя блокі кіравання для машын на базе чыпа DRIVE Orin ад Nvidia для продажу на сусветным рынку.
Читать на dev.by