Гейтс сышоў з Microsoft, але працягвае ўдзельнічаць у яе справах і мае вялікі ўплыў
Сузаснавальнік і шматгадовы СЕО Microsoft Біл Гейтс афіцыйна сышоў з кампаніі ў сакавіку 2020 года, пакінуўшы сваю пасаду ў праўленні. Тады СМІ пісалі, што прычынай стала расследаванне яго сувязі з адной з супрацоўніц у 2000 годзе. І хоць сам прадпрымальнік заяўляў, што мае намер надаваць больш часу філантропіі, Business Insider са спасылкай на свае крыніцы паведамляе, што ён па-ранейшаму таемна працуе на кампанію.
Выданне сцвярджае, што Гейтс быў адной з ключавых фігур у партнёрстве Microsoft з OpenAI. Ён праводзіў сустрэчы з прадстаўнікамі стартапа ад 2016 года, а ў 2022-м паставіў перад Сэмам Альтманам задачу стварыць вялікую моўную мадэль, якая прайшла б складаны экзамен па біялогіі. У жніўні 2022 года дома ў Гейтса Альтман паказаў яму і Сацье Надэле — цяперашняму кіраўніку Microsoft — версію GPT-4, якая сапраўды спраўлялася з экзаменам.
Пасля гэтага, паводле аповеда аднаго былога топ-менеджара Microsoft, Гейтс напісаў нататку, у якой падрабязна патлумачыў, як кампанія мае выкарыстоўваць GPT-4. Мільярдэр падкрэсліў, што мадэль, навучаная на агульнадаступнай інфармацыі з усяго інтэрнэту, можа пакласці пачатак эпосе персанальных памочнікаў.
Пасля той нататкі Надэла правёў сход, на якім даручыў укараніць АІ ў мноства прадуктаў і сэрвісаў Microsoft. А Гейтс дагэтуль праводзіць нарады з топ-менеджарамі кампаніі, каб кантраляваць, як прасоўваецца праца над рознымі праектамі, удзельнічае ў найманні новых топаў, а таксама дапамагае ўтрымліваць дзейных супрацоўнікаў. То-бок хоць непасрэдна і не працуе ў Microsoft, але па-ранейшаму мае моцны ўплыў у кампаніі.
Читать на dev.by