Гендырэктар Adobe пра тое, як доўга пратрымацца на пасадзе
Гендырэктар мае любіць сваю працу, калі хоча заставацца ім доўга і быць паспяховым. Такім простым сакрэтам падзяліўся СЕО Adobe Шантану Нараен у інтэрв’ю Wall Street Journal. Ён узначальвае кампанію ад 2007 года.
Але гэта не ўсё. Топ-менеджар лічыць, што акрамя гэтага трэба знайсці іншыя рэчы, якімі вы будзеце гарэць.
«Любіце тое, што робіце. І майце іншыя захапленні. Гэта дазволіла мне правесці на пасадзе столькі часу», — кажа Нараен.
Ён дадаў, што нават не ўяўляе, кім бы мог быць, калі б не быў гендырэктарам Adobe.
Нараена можна назваць «доўгажыхаром» сярод гендырэктараў — ён на пасадзе 15 гадоў. Для параўнання, паводле даных Bloomberg, у сярэднім СЕО кампаній са спісу S&P 500 займаюць пасаду прыкладна 7 гадоў.
Пад кіраўніцтвам Нараена Adobe ператварылася з пастаўшчыка софту для творчасці ў воблачнага тэхнагіганта. Выручка кампаніі вырасла больш чым у 5 разоў ад $3,16 млрд у 2007 годзе да больш як $17 млрд у 2022-м. Штат да 2020 года павялічыўся ад 6 тысяч да больш як 22 тысяч.
Кампанія шануе супрацоўнікаў, сам Нараен атрымлівае ад іх высокія ацэнкі на сайтах накшталт Comparably і Glassdoor, а Adobe, паводле версіі апошняга, пастаянна ўваходзіць у спіс найлепшых працадаўцаў.
У снежні Adobe абвясціла пра звальненне прыкладна 100 чалавек, але запэўніла, што масава скарачаць не плануе і працягвае наймаць.
Читать на dev.by