Microsoft распрацоўвае новую модульную версію Windows з АІ
Microsoft працуе над новай — модульнай і наладжвальнай — версіяй сваёй аперацыйнай сістэмы, даведаўся Windows Central.
Першай спробай кампаніі стварыць модульную АС была Windows Core OS, таксама вядомая пад назвай Windows 10X. Яна задумвалася як абноўленая Windows без састарэлых функцый і з падтрымкай UWP-праграм, але яе так і не выпусцілі.
Новы праект называецца CorePC. Яго галоўнай асаблівасцю стане падзел самой сістэмы, карыстальніцкіх даных і іншых файлаў. У бягучай версіі Windows усе гэтыя кампаненты знаходзяцца на адным сістэмным раздзеле, у той час як CorePC будзе падтрымліваць некалькі раздзелаў. Гэта дазволіць паскорыць абнаўленне і скід сістэмы і павысіць бяспеку, паколькі крытычна важныя раздзелы будуць даступныя карыстальнікам і іншым праграмам толькі для чытання. Аналагічны падыход прымяняецца ў iPadOS і Android.
Таксама CorePC дазволіць Microsoft зрабіць Windows паўнавартасным канкурэнтам Chrome OS па памеры, прадукцыйнасці і магчымасцях.
Акрамя гэтага, у рамках CorePC чакаецца версія АС з кодавай назвай Neon, сумяшчальная з састарэлымі праграмамі win32. Таксама чакаецца версія без зваротнай сумяшчальнасці, але з убудаваным АІ і аптымізацыяй пад апаратнае забеспячэнне.
Выданне адзначае, што пакуль гэта толькі планы і да рэлізу, дата якога не вядомая, усё яшчэ можа змяніцца.
Читать на dev.by