Ва Узбекістане з'явіўся першы айцішны «аднарог». А ў Беларусі іх больш няма
Узбекістанскі ІТ-холдынг Uzum прыцягнуў больш за $100 млн пры ацэнцы звыш $1 млрд, піша vc.ru. Кампанія стала першым тэхналагічным «аднарогам» у краіне.
Вядучым інвестарам стаў венчурны фонд FinSight Ventures, у раўндзе А таксама ўдзельнічалі Xanara Investment Management і некаторыя топ-менеджары Uzum. На працягу гэтага года Uzum плануе прыцягнуць яшчэ каля $200 млн ад фондаў з краін Блізкага Усходу, Вялікабрытаніі і ЗША.
Прыцягнутыя грошы Uzum плануе накіраваць на развіццё ІТ- і лагістычнай інфраструктуры ў краіне, а таксама фандаванне ўласнага сэрвісу растэрміноўкі. У 2024 годзе кампанія плануе запусціць найбуйнейшы ва Узбекістане лагістычны комплекс для анлайн-гандлю.
Экасістэма Uzum аб’ядноўвае маркетплэйс Uzum Market, сэрвіс экспрэс-дастаўкі Uzum Tezkor, лічбавы банк Uzum Bank, KapitalBank, сэрвіс растэрміноўкі Uzum Nasiya, сэрвіс для куплі аўтамабіляў UzumAvto і праграму для развіцця бізнэсу Uzum Business.
Сэрвісы «праходзяць шлях інтэграцыі ў дзве „суперпраграмы“»: Uzum для фізічных асоб і Uzum Business для юрыдычных асоб. Паводле ўласных даных, у 2023 годзе штомесячная аўдыторыя экасістэмы дасягнула 10 млн карыстальнікаў, а чысты прыбытак — $100 млн. У камандзе — каля 10 тысяч супрацоўнікаў.
Кампанія разглядае выхад на IPO ў 2026 годзе. Адзін са сцэнароў — выхад на Ташкенцкую біржу і (або) біржу Абу-Дабі з паралельнымі размяшчэннямі на заходніх рынках.
ІТ-холдынг Uzum у 2023 годзе заснавалі экс-кіраўнік VK Барыс Дабрадзееў і кафаўндар сэрвісу «КупіКупон» Джасур Джумаеў. У тым жа годзе Дабрадзееў пакінуў праект.
У верасні 2021 года першы тэхналагічны «аднарог» з’явіўся ў Беларусі. Ім стаў сэрвіс для аўтаматызацыі дакументазвароту PandaDoc.
Да гэтага летам 2020 года заснавальнікі Мікіта Мікада і Сяргей Барысюк запусцілі прыватную ініцыятыву па зборы грошай для сілавікоў, якія вырашылі змяніць прафесію. У верасні ў мінскім офісе PandaDoc прайшлі ператрусы. Чатыры супрацоўнікі апынуліся ў СІЗА, іх абвінавацілі ў махлярстве. Пазней траім змянілі меру стрымання і выпусцілі з СІЗА. Менеджар па прадукце Віктар Куўшынаў выйшаў на волю толькі ў жніўні 2021-га, амаль праз год пасля затрымання. У лютым 2022-га PandaDoc цалкам ліквідавала юрыдычную асобу ў краіне.
Читать на dev.by