Падрабязны гід па жыцці ў Грузіі з асабістага досведу

Нядаўна мы падрыхтавалі падрабязны гід па жыцці ў Польшчы. Цяпер на чарзе іншы папулярны сярод рэлакантаў кірунак — Грузія. Рэкамендацыі па арэндзе жытла, легалізацыі, адкрыцці ІП і рахункаў у банку, карысныя спасылкі.

37 каментарыяў
Содержание

Як зняць кватэру ў Грузии

Гайд тычыцца ў першую чаргу жыцця ў Тбілісі. Калі вы жадаеце падзяліцца нюансамі арэнды жытла і іншых аспектаў жыцця ў Батумі ды іншых гарадах, напішыце ў наш бот ці на пошту pavel@dev.by.

Рынак жытла ў Тбілісі моцна адрозніваецца ад рынку жытла ў Мінску.

У сталіцы Грузіі шмат старых будынкаў з кватэрамі незвычайнай планіроўкі, а гарадскія раёны вельмі непадобныя адзін да аднаго.

У Мінску больш-менш зразумела, якія параметры задаваць для пошуку кватэры (напрыклад, «двушка з еўрарамонтам каля метро» або «танная маленькая аднапакаёвая кватэра ў спальным раёне») і колькі абраная кватэра будзе каштаваць. У Тбілісі так гэта не працуе.

У Старым горадзе (у шырокім сэнсе да яго адносяцца турыстычныя раёны Мтацмінда, Салалакі, Аўлабары, Чугурэці — паабапал ракі Кура) сучасных шматпавярховых дамоў няшмат. У старых дамах у гэтых раёнах кватэры пераважна прасторныя з двума пакоямі ці больш. З магчымых праблем: старыя сантэхніка і трубы, маленькія кухні, дрэнная гукаізаляцыя, перыядычныя (прыкладна раз на месяц) адключэнні вады і электрычнасці. Праз такія нюансы кватэры ў Старым горадзе часта каштуюць танней за аналагічныя варыянты ў менш аўтэнтычных, але больш сучасных раёнах сталіцы. На пачатку сакавіка — калі наплыў экспатаў з Расіі і Беларусі толькі пачынаўся — кошты на арэнду жытла ў Старым горадзе стартавалі ад $400.

На паўночны захад ад Старога горада размяшчаюцца раёны Вера і Ваке. Тут ужо больш шматпавярховікаў, савецкай і сучаснай архітэктуры, развітая інфраструктура паслуг (кавярні, каворкінгі, супермаркеты, салоны прыгажосці і інш.). Ваке лічыцца самым прэстыжным і дарагім раёнам Тбілісі. Вера крыху менш прыгладжаны, гэтакі пераходны раён ад Старога горада да Ваке. На пачатку сакавіка двушку ў гэтых раёнах можна было зняць за $500.

Поўнач Тбілісі займае вялікі спальны раён Сабуртала. Тут фонд жытла больш звыклы для беларускага вока: большасць дамоў — гэта панэльныя шматпавярховікі. У Сабуртала можна знайсці невялікія аднапакаёвыя кватэры (што рэдкасць для старой часткі Тбілісі) або звычайную двух- ці трохпакаёвую кватэру з сучасным рамонтам. На пачатку сакавіка кошты за аднапакаёвыя кватэры пачыналіся ад $300.

Самыя танныя кватэры — на ўскраінах Тбілісі (раёны Самгоры, Дзідзі Дзігомі). Але вонкавае аблічча гэтых раёнаў вымушае жадаць лепшага. Можна прыгледзецца да больш сімпатычнага прыгарада Тбілісі: мястэчак Мцхета, Руставі.

Рынак жытла ў Тбілісі вельмі зменлівы і імкліва рэагуе на эканамічную і турыстычную сітуацыю ў краіне.

Яшчэ ўвесну 2021 года падчас пандэміі і каранцінных абмежаванняў кватэры ў Тбілісі каштавалі нядорага — у Старым горадзе можна было зняць прасторную кватэру за $300-350. У Веры і Ваке за тую ж цану здаваліся невялікія ўтульныя кватэры з сучасным рамонтам. Вольных кватэр было шмат. Улетку, калі ўлады паступова адмянялі кавідныя абмежаванні і ў Грузію пачалі прыязджаць турысты, арэнда кватэр падаражэла — у сярэднім прыкладна на $100.

Цэны дасягнулі піку ў сярэдзіне сакавіка — пачатку красавіка 2022 года, калі ў першыя тыдні ўкраінскай вайны ў Грузію прыехала каля 50 тыс. расійцаў і беларусаў. Некаторыя арэндадаўцы павысілі цэны ў два разы. Бывалі выпадкі, калі з кватэр высялялі наймальнікаў-грузін, каб здаць жытло імігрантам па высокіх цэнах. Паводле маіх назіранняў, у красавіку ажыятаж троху пацішэў і кватэры зноў сталі таннець.

Восточная нега и приход EPAM. Плюсы и минусы Тбилиси от ИТ-журналиста из Минска
По теме
Восточная нега и приход EPAM. Плюсы и минусы Тбилиси от ИТ-журналиста из Минска

Што трэба ведаць падчас арэнды жытла ў Грузіі

1. Часцей за ўсё кватэры здаюцца праз агентаў-рыэлтараў. За іх паслугі плаціць гаспадар кватэры.

2. Кватэры здаюць на доўгі тэрмін — ад паўгода, але часцей на год. Вы адразу плаціце за першы і апошні месяцы арэнды. Калі выселіцеся да завяршэння кантракта, грошы за апошні месяц вам не вернуць.

3. Кантракты на доўгатэрміновую арэнду звычайна складзеныя паводле адзінага ўзору, але ёсць нюансы. Часам іх складаюць толькі на рускай мове, часам — на рускай і грузінскай. Другі варыянт лепшы, бо кантракт можа спатрэбіцца, напрыклад, пры адкрыцці рахунку ў банку, а там могуць не ведаць рускай мовы.

У некаторых кантрактах ёсць пункт аб праве наймальніка зняць кватэру пасля заканчэння года арэнды за тую ж суму. Вельмі важны пункт — забарона мяняць суму арэнды да заканчэння кантракта. Пастарайцеся дамовіцца з агентам і гаспадаром кватэры, каб такі пункт уключылі ў кантракт.

4. Паводле чутак, да хатніх гадаванцаў грузінскія арэндадаўцы ставяцца спакойна, але абвестак з пазнакай «без гадаванцаў» таксама хапае.

5. У грузінскіх дамах часам няма батарэй, а ванны ўвогуле — велізарная рэдкасць. Падчас нядоўгай зімы (тэмпература апускаецца ніжэй за 10 градусаў толькі некалькі тыдняў у годзе) кватэра можа абагравацца або праз батарэі, падлучаныя да газавай калонкі, або праз электрычныя абагравальнікі, або гарачым паветрам з кандыцыянера. У апісанні кватэры часам пішуць «ёсць цэнтральнае ацяпленне» — хутчэй за ўсё, гэта значыць, што ў кватэры проста ёсць батарэі, падлучаныя да газавай калонкі. Калонкі і абагравальнікі спажываюць шмат энергіі (адпаведна і газу з электрычнасцю), таму зімой кошт камунальных плацяжоў значна павялічваецца.  

З асабістага досведу

Напрыклад, у маёй кватэры ў старым доме батарэй няма, халоднымі днямі для абагравання ўключаю электрычны абагравальнік. У сакавіку, які быў анамальна халодным (снег, дажджы, тэмпература каля 5 градусаў), я заплаціў $50 толькі за электрычнасць. Пры гэтым абагравальнік працаваў толькі днём і адключаўся на ноч. У цёплы час года ўсе камунальныя паслугі (вада, электрычнасць, газ, уборка тэрыторыі, інтэрнэт) абыходзяцца ў $20-30.

 Дзе публікуюць абвесткі пра арэнду 

«Фишка — платные лифты». Разработчик-ИП про 1% налогов и воздух в Батуми
По теме
«Фишка — платные лифты». Разработчик-ИП про 1% налогов и воздух в Батуми

Легалізацыя, пасведчанне на права жыхарства

Грамадзянам Беларусі і шмат якіх іншых еўрапейскіх краін можна жыць у Грузіі адзін год. Раз на год трэба выехаць з краіны хаця б на адзін дзень. Вярнуўшыся ў Грузію, можна зноў жыць год — і так да бясконцасці.

Грузія абкружаная краінамі, куды беларусаў пускаюць без віз (Турцыя, Арменія, Азербайджан), таму здзейсніць аднадзённую паездку за межы краіны не стане праблемай.

Грамадзяне Беларусі могуць адкрываць у Грузіі ІП і рахункі ў банках.

З такімі ўмовамі атрыманне часовага пасведчання на права жыхарства (якое першапачаткова выдаецца на той жа год) вялікага сэнсу не мае, калі вы не скіраваныя на грузінскае грамадзянства.

Бадай, асноўная перавага пасведчання на права жыхарства ў цяперашніх умовах — права яго ўладальнікаў атрымліваць візы ў замежных пасольствах у Грузіі. Не ўсе еўрапейскія пасольствы і консульствы выдаюць візы беларусам, якія жывуць у Грузіі без пасведчання на права жыхарства. Зрэшты, польскае пасольства ў Тбілісі яшчэ ў сакавіку выдавала беларускім грамадзянам і гуманітарныя візы, і візы па праграме Poland Business Harbour (калі сітуацыя памянялася, напішыце ў каментарах або ў тэлеграм-бот).

Пасведчанне на права жыхарства можа быць карысным пры афармленні страхавых і медыцынскіх паслуг.

Як атрымаць пасведчанне на права жыхарства

  • Працоўнае пасведчанне на права жыхарства можа атрымаць замежны працаўнік грузінскай кампаніі або замежнік-іпэшнік. Для гэтага кампанія або ІП павінны атрымліваць гадавы даход не меншы за 50 тыс. лары (прыкладна 16,5 тыс. долараў).
  • Яшчэ адзін спосаб — валодаць нерухомасцю ў Грузіі коштам ад 100 тыс. долараў.
  • На пасведчанне на права жыхарства могуць прэтэндаваць бацькі дзяцей, якія вучацца ў грузінскіх школах. У такім выпадку спачатку вучнёўскае пасведчанне атрымлівае дзіця, а потым яго бацькі. 
  • Пасведчанне на права жыхарства на 5 гадоў выдаецца замежнікам, якія інвеставалі ў грузінскую эканоміку ад 300 тыс. долараў.
  • На сталае пасведчанне на права жыхарства (або сталае месца пражывання) прэтэндуюць муж або жонка грамадзян Грузіі (таму замежнікі часам заключаюць фіктыўныя шлюбы з грузінамі і грузінкамі), а таксама людзі, якія легальна пражылі ў краіне 10 гадоў.

ІП

Нюансы: 

  • Айцішнікі (праграмісты, паблішары і іншыя спецыяльнасці), капірайтары, інтэрнэт-маркетолагі, журналісты, рэдактары могуць прэтэндаваць на адкрыццё ІП са статусам малога бізнэсу. Статус малога бізнэсу дае права на падатак у 1% ад штомесячнага абароту (пры гадавым даходзе да ~30 тыс. долараў ад грузінскіх заказчыкаў і да ~160 тыс. долараў ад замежных заказчыкаў). Больш падрабязна пра падаткі тут.
  • Для адкрыцця ІП патрэбны юрадрас у Грузіі. Яго можна купіць у грузін каля месца рэгістрацыі ІП. Або замовіць усю працэдуру адкрыцця ІП пад ключ у мясцовых юрыстаў. Або арандаваць офіс.
  • ІП са статусам «малы бізнэс» падаюць падатковыя дэкларацыі штомесяц у электронным кабінеце на сайце падатковай. Вывучыць алгарытм працы ў асабістым кабінеце нескладана — вось гайд. Можна наняць грузінскага бухгалтара, які будзе падаваць дэкларацыі за вас. Яго паслугі абыдуцца ў некалькі дзясяткаў долараў на месяц.
  • У сакавіку-красавіку імігранты з Беларусі і Расіі падавалі шмат заявак на адкрыццё ІП. Аб адмовах у адкрыцці ІП я не чуў, але працэдура разгляду заявак часам расцягвалася на некалькі тыдняў.
  • На гэты момант самае складанае ў працэдуры рэгістрацыі ІП — адкрыццё бізнэс-рахунку ў грузінскім банку.

Банкі 

Два самыя буйныя банкі Грузіі — Bank of Georgia (скарочана BoG; у Беларусі працуе яго дачка — БНБ) і TBC. Ёсць некалькі папулярных банкаў паменш: Credo, Liberty.

Пасля пачатку вайны ва Украіне буйныя банкі зрабілі больш жорсткай працэдуру адкрыцця фізічных і юрыдычных рахункаў для расійцаў і беларусаў.

Напрыклад, у TBC грамадзян РБ просяць пацвердзіць, што яны жывуць у Грузіі — паказаць дамову арэнды або працоўны кантракт. Многім адмаўляюць у адкрыцці мультывалютнага рахунку і выдаюць карту з урэзаным функцыяналам, якая працуе толькі на тэрыторыі Грузіі (нешта накшталт беларускай Белкарт).

У BoG рахункі фізічным асобам з Расіі і Беларусі адкрываюць часцей. Трэба толькі запоўніць анкету з пытаннямі пра крыніцы даходу, рахункі ў банках і інш.

Грузінскія банкі і раней, у мірныя часы, маглі адмовіць замежнікам у адкрыцці ІП-рахунку. Цяпер такіх адмоў стала больш. Судзячы з паведамленняў у спецыялізаваным чаце, часцей за ўсё ІП з беларускім або расійскім пашпартам адмаўляюць у BoG. У банках паменш — Credo і Liberty — адмаўляюць радзей.

Адна з альтэрнатыў рахунку ў грузінскім банку — бізнэс-акаўнт у Wise. Плацежная сістэма працягвае працаваць з беларусамі, якія жывуць за межамі Беларусі.

Мабільная сувязь і інтэрнэт

Асноўных мабільных аператараў тры: Beeline, Magti, Silknet/Geocell

Чым адрозніваюцца (даведка з сайта М. Леўшыца): 
  • Beeline. Плюсы: недарагія тарыфы на інтэрнэт і мабільную сувязь, добрая тэхнічная падтрымка. Мінусы: слабая зона пакрыцця ў Грузіі, нізкая якасць сувязі ў памяшканнях.
  • Magti. Плюсы: вялікі выбар тарыфаў (напрыклад, 5 лары (1$=~3 лары) на тыдзень за безлімітны інтэрнэт або 45 лары на месяц за безлімітны інтэрнэт, эсэмэскі і званкі), добрая зона пакрыцця па Грузіі. Мінусы: не прыходзяць смс-абвесткі ад некаторых замежных сэрвісаў.
  • Silknet/Geocell. На працягу апошніх паўтара гадоў, як я знаходжуся ў Грузіі, гэты правайдар быў чымсьці сярэднім паміж двума згаданымі вышэй. Я карыстаўся іх тарыфам, задавальнялі кампрамісы па кошце і якасці, але ў выніку цяпер на Magti.

Сістэма тарыфаў на мабільную сувязь і інтэрнэт у Грузіі наладжаная крыху інакш, чым у Беларусі. Замест выбару сталага тарыфу ты купляеш у мабільнай праграме сотавага аператара пакеты на званкі і інтэрнэт. У пакетаў розныя ўмовы і розны тэрмін дзеяння (звычайна ад двух да чатырох тыдняў). Часта пакеты прадаюцца па зніжкавых цэнах. Напрыклад, у дадатку Beeline да 1 мая можна купіць 120 Гб мабільнага інтэрнэту за 18 лары ($6).

Цікавы факт: паслугі грузінскага Beeline можна аплаціць праз беларускі АРІП (у пошуку набраць «Білайн Грузія»).

Magti і Silknet таксама з’яўляюцца самымі папулярнымі інтэрнэт-правайдарамі. Пакет оптыкі з хуткасцю 20 Мбіт/сек каштуе $10. У Silknet ёсць тэхпадтрымка на рускай мове.

Грамадскі транспарт 

Разавая паездка ў любым відзе грамадскага транспарту (акрамя фунікулёра) у Тбілісі каштуе 1 лары ($0,3).

З 1 лютага ў Тбілісі дзейнічае сістэма абанементаў на ўсе віды грамадскага транспарту:

  • Безлімітная 90-хвілінная карта — 1 лары;
  • Безлімітная карта на 1 дзень — 3 лары;
  • Безлімітная карта на 1 тыдзень — 20 лары;
  • Безлімітная на 1 месяц — 40 лары;
  • Безлімітная карта на 3 месяцы — 100 лары;
  • Безлімітная карта на 6 месяцаў — 150 лары;
  • Гадавая карта — 250 лары.

У Грузіі недарагое таксі. Напрыклад, 25-хвілінная паездка з цэнтра Тбілісі да аэрапорта за горадам абыдзецца прыкладна ў 20 лары ($7). У Тбілісі і Батумі працуюць Яндэкс-Таксі і Bolt. У Кутаісі і іншых невялікіх гарадах — толькі Bolt.

Медыцынскія паслугі, вакцынацыя 

Самы просты спосаб атрымаць доступ да медыцынскіх паслуг для замежніка — аформіць медстрахоўку.

Пакет медстрахоўкі звычайна ўключае ў сябе бясплатныя наведванні сямейнага доктара, прафілактычны медагляд (да 2 разоў на год), бясплатную шпіталізацыю і выклік хуткай дапамогі, зніжкі на прапісаныя доктарам лекі (да 80%) і стаматалагічную дапамогу.

Стандартныя пакеты медстрахоўкі каштуюць 50-60 лары на месяц, але страхавыя кампаніі часта просяць аплату на год наперад.

З найбольш папулярных страхавых кампаній:

  • Ardi (ёсць рускамоўная падтрымка);
  • GPI

У Грузіі бясплатна вакцынуюць замежнікаў, якія прабылі ў краіне не менш за 3 месяцы (або працуюць на грузінскую юрыдычную асобу). Перад прышчэпкай вы самі выбіраеце вакцыну — даступныя Pfizer, AstraZeneca, Sinopharm, Sinovac. Пасля вакцынацыі замежнік атрымлівае грузінскі кавід-пашпарт (у папяровым і электронным выглядзе). Грузінскі электронны сертыфікат аб вакцынацыі прызнаецца ў ЕС.

Карысныя спасылкі 


Падатковы кодэкс Грузіі на рускай мове.

Інструкцыя па атрыманні пасведчання кіроўцы ў Грузіі.

Навінавыя тэлеграм-каналы 

Чаты і групы

Очень подробный гид по жизни в Польше из личного опыта
По теме
Очень подробный гид по жизни в Польше из личного опыта
«Не так дёшево, как ожидалось». Впечатления айтишников, которые уехали в Узбекистан
По теме
«Не так дёшево, как ожидалось». Впечатления айтишников, которые уехали в Узбекистан
«Когда приехал, знал 2 слова: ja и nein». Гид по Мюнхену от минчанина, что живёт там 2,5 года
По теме
«Когда приехал, знал 2 слова: ja и nein». Гид по Мюнхену от минчанина, что живёт там 2,5 года

Читать на dev.by