Дапамажыце dev.by 🤍
Падтрымаць

Як мяняюцца папулярныя ІТ-курсы: замест вэбінараў — запісы, замест куратара — бот

Яўген Р. апісвае для dev.by уражанні ад вучобы на тэсціроўшчыка на папулярнай платформе GeekBrains. Пры канцы снежня 2021 ён стаў студэнтам факультэта «Тэставанне праграмнага забеспячэння», кошт за год — 1379 долараў.

Пакінуць каментарый
Яўген Р. апісвае для dev.by уражанні ад вучобы на тэсціроўшчыка на папулярнай платформе GeekBrains. Пры канцы снежня 2021 ён стаў студэнтам факультэта «Тэставанне праграмнага забеспячэння», кошт за год — 1379 долараў.

Паўтара месяца таму я ўжо апісваў свой досвед вучобы на тэсціроўшчыка на GeekBrains. Коратка — кошт не адпавядае ўзроўню арганізацыі: нізкая інтэнсіўнасць заняткаў, пастаянныя зрухі заканчэння курсаў, бязладдзе з праграмай.

За прамінулы час дадалося яшчэ некалькі падстаў для негатыву, якімі хачу з вамі падзяліцца, і ў чарговы раз перасцерагчы.  

Старая праграма

У першай частцы я расказваў пра тое, як адразу пасля пачатку другой чвэрці пасля паступовых зрухаў праграмы навучання на некалькі месяцаў наперад студэнтам нечакана прапанавалі выбар: застацца на старым раскладзе альбо перайсці на спецыялізацыю «Распрацоўшчык-Тэсціроўшчык», дзе частку курсаў прыйшлося б праходзіць нанова.

Зыходзячы з досведу навучання на гэтым «цудоўным» партале, я выбраў застацца на старым фармаце. Хаця пасля гэтага з праграмы зніклі два курсы — «Аўтаматызацыя тэставання Web UI на Java» і «Тэставанне backend на Java».

Ніжэй вы можаце ўбачыць першапачатковы варыянт праграмы (падзяліўся адзін са студэнтаў, хто ўсё ж такі здолеў скончыць GB).  

Так, пасля таго, як скончыліся пазапланавыя вакацыі, навучанне пайшло даволі бадзёра. Студэнты зноў занурыліся ў вэбінары працягласцю да дзвюх гадзін два разы на тыдзень, выконваючы паміж імі хатнія заданні. Такім чынам, худа-бедна, але да сярэдзіны верасня другая чвэрць была скончаная. Нагадаю, што навучанне стартавала пры канцы студзеня, і калі б не пастаянныя накладкі і пераносы заняткаў, то, пэўна, была б скончаная да гэтага часу трэцяя, ат, усё роўна.

Чат замест чалавека

Чарговы трывожны званочак прагучаў 19 верасня. Перад самым пачаткам трэцяй чвэрці ў ГБ раптам апавясцілі студэнтаў пра рашэнне перавесці работу з куратарамі ў новы фармат. Раней было так: за кожнай групай замацоўваўся жывы чалавек, які спрабаваў разрульваць пытанні, якія ўзнікалі ў студэнтаў, і быў сувязным звяном паміж вучнямі і парталам. Варта сказаць, што пытанні хай і не заўжды вырашаліся, але куратар прынамсі даваў нейкую зваротную сувязь.

Дык вось, з 20 верасня ў GeekBrains вырашылі замяніць куратараў так званым «студэнцкім ботам» у тэлеграме. Як выказаліся на партале, «гэта дапаможа нам збіраць усё ў адным месцы і больш аператыўна рэагаваць». Свой досвед зносін са службай падтрымкі я апішу крыху ніжэй, а пакуль адзначу, што тады ніхто на замену асабліва не звярнуў увагі — ну змянілі і змянілі. Тым больш што трэцяя чвэрць пачалася як мае быць і ішла звыкла… да пэўнага моманту!

Запіс замест вэбінара

Перад трэцім заняткам першага курса трэцяй чвэрці «Java. Узровень 1» на пошту ад GB упаў ліст, дзе навучэнцаў апавяшчалі аб тым, што найбліжэйшыя ўрокі замест вэбінарнага фармату пройдуць у запісе. Калі адзін са студэнтаў напісаў пра гэта ў агульным чаце, быў здзіўлены і абураны нават выкладчык гэтага курса.

У працэсе разбору высветлілася, што такім парадкам у GeekBrains, відаць, вырашылі «шчаміць» тых, хто не захацеў пераходзіць на прапанаваны месяцам раней новы варыянт навучання.

То-бок фактычна пазбавілі магчымасці задаваць пытанні выкладчыку ў часе жывога эфіру — для мяне, напрыклад, гэта быў адзін з самых важных крытэраў, калі я выбіраў платформу для навучання.

Работа службы падтрымкі

Колькі слоў пра работу службы падтрымкі, якая, паводле задумкі супрацоўнікаў партала, мела стаць «больш аператыўнай».

Так здарылася, што мне трэба было пераздаць хатняе заданне — пры здачы наблытаў і не заліў праект на GitHub, скінуўшы выкладчыку для праверкі Pull Request без яго. Пры жывых куратарах гэтае пытанне вырашалася на раз-два: пішаш куратару, тлумачыш сутнасць праблемы, прыкладваеш скрын адказу выкладчыка, што той не супраць пераздачы — і пытанне вырашанае. Але GeekBrains не былі б сабой, калі б вырашалі пытанні проста.

Апішу свой шлях рашэння.

28 верасня я напісаў у бот, які замяніў куратара, з просьбай вырашыць праблему. 29 верасня, на наступны дзень, мне адказалі ў боце, што пытанне вырашанае (насамрэч не!). Я ўказаў на гэта ў сваім адказе 29 верасня і паўтарыў пытанне 30 верасня. Пасля папрокаў на мой адрас, маўляў, «тут знаходзяцца жывыя людзі, папрашу вас не грубіяніць», адказаў чат-бот мне больш не даў.

Што тычыцца работы службы падтрымкі па пошце. Першы імэйл туды я напісаў таксама 28 верасня. 29 верасня адтуль адгукнуліся і запыталі пэўныя даныя. 30 верасня напісалі зноў і запыталі яшчэ пэўныя даныя. 3 кастрычніка я стаміўся чакаць і знайшоў абыходны шлях, як усё ж такі здаць працу. У гэты ж дзень увечары мне адказалі са службы падтрымкі, што бачаць, што мне ўдалося прымацаваць працу, і што «калі ў вас узнікнуць іншыя пытанні, пішыце — мы дапаможам :)»

Вердыкт

Студэнты ў чаце ўжо не першы раз падымаюць пытанне пра тое, як вярнуць грошы за навучанне і ці варта звяртацца ў суд. Зрэшты, большасць сыходзіцца на думцы, што нічога гэта не дасць. Хоць некаторыя казалі тамсама, што ім удалося вярнуць ад 30% да 40% кошту навучання.

З шэрагу прычын зрабіць гэтак жа сама я не магу, так што прыйдзецца выпіць гэтую чару да дна.

P. S. Выкладчыкі там насамрэч добрыя, і вучыцца было б цікава. Але толькі вось арганізацыя працэсу ставіць пад пытанне самое існаванне гэтага партала.

Дадатак

Праз некалькі дзён пасля таго, як быў напісаны гэты тэкст, стала вядома, што замена вэбінараў на відэа ў запісе кранула і студэнтаў іншых факультэтаў, якія не пажадалі перайсці на новыя праграмы навучання. Выкладчыкі таксама незадаволеныя, бо іх проста паставілі перад фактам без тлумачэння прычын. 

GeekBrains

GeekBrains — расійская кампанія ў сферы анлайн-адукацыі, заснаваная ў 2010 годзе. Адукацыйная платформа GeekBrains прапануе курсы па такіх напрамках, як праграмаванне, дызайн, маркетынг, кіраванне, аналітыка, распрацоўка гульняў і інш. У 2016 годзе кампанія ўвайшла ў склад VK.

У студзені 2022 года стала вядома, што адукацыйны холдынг, падкантрольны VK, у склад якога, акрамя GB, уваходзіць Skillbox, правёў скарачэнне супрацоўнікаў, патлумачыўшы яго «цэнтралізацыяй працэсаў» і «натуральным адтокам» людзей. Звальненні звязваюць з адмоўнымі фінансавымі вынікамі, з якімі кампаніі сутыкнуліся ў 2021 годзе.

Акрамя таго, 26 ліпеня ў Савелаўскі раённы суд Масквы быў пададзены другі калектыўны пазоў да платформы Geekbrains. Падставай для звароту ў суд стала адмова кампаніі вяртаць грошы за анлайн-курсы на пачатку навучання. Заяўнікамі сталі 102 студэнты, агульная сума пазову — 25,7 млн руб.

Ці варта вучыцца на QA за $1300+ на год — досвед чалавека які сышоў з дзяржслужбы
Ці варта вучыцца на QA за $1300+ на год — досвед чалавека, які сышоў з дзяржслужбы
Па тэме
Ці варта вучыцца на QA за $1300+ на год — досвед чалавека, які сышоў з дзяржслужбы

Хочаце паведаміць важную навіну? Пішыце ў Telegram-бот

Галоўныя падзеі і карысныя спасылкі ў нашым Telegram-канале

Абмеркаванне
Каментуйце без абмежаванняў

Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.

Каментарыяў пакуль няма.