Глабальны збой у Microsoft: пошта Outlook і сервісы 365 «ляжаць» ужо паўдня — пацярпелі дзяржорганы розных краінаў, OpenAI і Anthropic
Буйны збой у сервісах Microsoft, у тым ліку Outlook, Teams і Copilot, расцягнуўся да працоўных гадзін Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну ў пятніцу пасля таго, як закрануў тысячы карыстальнікаў у ЗША, паведамляе Reuters. Кампанія назвала прычынай інцыдэнту серверныя непаладкі і да гэтага часу разбіраецца з імі.
Збой ударыў па дзяржаўных ведамствах у Аўстраліі, Японіі і ЗША, а таксама па шэрагу буйных кампаній, у тым ліку OpenAI і Anthropic. Гэта ўжо другі сур’ёзны збой сервісаў Microsoft 365 сёлета, і ён узмацняе асцярогі, што паўторныя непаладкі могуць прымусіць карпаратыўных кліентаў засумнявацца ў надзейнасці Microsoft.
Буйны збой у сервісах Microsoft, у тым ліку Outlook, Teams і Copilot, расцягнуўся да працоўных гадзін Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну ў пятніцу пасля таго, як закрануў тысячы карыстальнікаў у ЗША, паведамляе Reuters. Кампанія назвала прычынай інцыдэнту серверныя непаладкі і да гэтага часу разбіраецца з імі.
Збой ударыў па дзяржаўных ведамствах у Аўстраліі, Японіі і ЗША, а таксама па шэрагу буйных кампаній, у тым ліку OpenAI і Anthropic. Гэта ўжо другі сур’ёзны збой сервісаў Microsoft 365 сёлета, і ён узмацняе асцярогі, што паўторныя непаладкі могуць прымусіць карпаратыўных кліентаў засумнявацца ў надзейнасці Microsoft.
Microsoft паведаміла, што ўнесла карэктывы ў працу закранутых сервераў, аднак устойлівая праца сервісаў пакуль не адноўленая. У кампаніі адзначылі толькі частковае аднаўленне ў рэгіёнах, дзе былі ўжытыя змяненні.
«Мы вывучаем, якія дадатковыя крокі можна зрабіць для павышэння агульнай стабільнасці інфраструктуры», — заявіла кампанія ў X.
Паводле дадзеных Downdetector, да 23:30 паводле ўсходняга часу ЗША (07:30 паводле Мінску) у ЗША было зафіксавана больш за 18 тысяч скаргаў на працу Outlook. Ранкам у пятніцу па мясцовым часе сервіс таксама рэгістраваў перабоі ў працы шэрагу прадуктаў Microsoft у Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне, у тым ліку ў Індыі, Аўстраліі і Японіі.
На піку збою, каля 13:00 паводле ўсходняга часу ў чацвер, Downdetector фіксаваў больш за 130 тысяч скаргаў на праблемы з Outlook у ЗША. У агульнай складанасці збой доўжыцца каля 12 гадзін.
Microsoft удакладніла, што непаладкі закранулі функцыі Microsoft 365, якія залежаць ад Exchange Online і электроннай пошты, тады як элементы, не завязаныя на Exchange Online, працягнулі працаваць у штатным рэжыме. Exchange Online — гэта воблачная платформа абмену паведамленнямі Microsoft, якая забяспечвае працу электроннай пошты, календароў, кантактаў і задач.
У кампаніі дадалі, што ім «невядома» пра якую-небудзь шкодную актыўнасць, якая магла б стаць прычынай збою.
Удар па паштовых сістэмах і дзяржсектары
Сярод аўстралійскіх структур, закранутых пятнічным збоем, апынуліся служба выведкі і федэральная паліцыя краіны. Міністр унутраных справаў і кібербяспекі Тоні Бёрк заявіў, што, на думку самой Microsoft, гаворка не ідзе пра кібератаку.
«Яны мяркуюць, што сутыкнуліся з чымсь падобным да сітуацыі з CrowdStrike, калі няўдала прайшло абнаўленне. Наступствы, з якімі яны цяпер разбіраюцца, у асноўным прыпалі на паштовыя сістэмы», — сказаў Бёрк на прэс-канферэнцыі. Збой CrowdStrike у 2024 годзе стаў адным з найбуйнейшых інтэрнэт-інцыдэнтаў у гісторыі: ён паралізаваў ІТ-сістэмы бальніц, банкаў і аэрапортаў і выявіў уразлівасць глабальна звязаных тэхналогій.
Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША паведаміла, што збой закрануў яе карыстальнікаў і мясцовыя інжынеры працуюць над вырашэннем праблемы разам з Microsoft. Намеснік генсека кабінету міністраў Японіі Масанао Адзакі таксама заявіў, што інцыдэнт паўплываў на інфармацыйную інфраструктуру ўрада.
Наступствы для бізнесу
OpenAI і Anthropic паведамілі пра праблемы ў працы канэктараў Microsoft, а індыйскія авіякампаніі IndiGo і Akasa Air заявілі пра збоі ў працы сваіх паштовых службаў падтрымання. Збой таксама парушыў кіраванне фондамі ў тайваньскіх брокерскіх фірмах, кампаніях у страхаванні жыцця і інвестыцыйных трастах.
Аналітыкі гандлёвай платформы eToro лічаць, што інвестары, хутчэй за ўсё, спакойна паставяцца да бягучага інцыдэнту, аднак рэгулярныя збоі з часам могуць нашкодзіць рэпутацыі Microsoft: «Калі праблемы з надзейнасцю пачнуць выглядаць сістэматычнымі, у кожнага ІТ-аддзела з’явіцца падстава двойчы падумаць, перш чым аддаваць яшчэ большую частку свайго бізнесу ў рукі аднаго пастаўшчыка. Рынак захоча ўбачыць, што Microsoft здольная падтрымліваць базавую працаздольнасць сістэмаў, перш чым яна папросіць кліентаў выдаваць больш грошай на Copilot».
Сёлета збой сервісаў Microsoft 365 адбыўся ў студзені, а да гэтага — у кастрычніку летась. Акрамя таго, у мінулым месяцы кампанія паведамляла пра збой воблачнай платформы Azure, які закрануў яе пакет офісных прыкладанняў і шэраг галінаў па ўсім свеце.
Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.