Кіраўніца Youtube сышла ў адстаўку па 25 гадах працы ў кампаніі
Генеральная дырэктарка відэахостынгу Сьюзэн Ваджыцкі абвясціла пра сваю адстаўку.
«Сёння я прыняла рашэнне пакінуць пасаду кіраўніцы Youtube і пачаць новы раздзел [у сваім жыцці], сфакусаваўшыся на сям'і, здароўі і асабістых праектах, якімі я захопленая», — напісала яна ў сваім блогу. Ваджыцкі кіравала кампаніяй на працягу дзевяці гадоў, ад 2014 года. Яна займала пасаду гендырэктара даўжэй за ўсіх у гісторыі відэахостынгу. Да Google Ваджыцкі працавала ў Intel і Bain & Company. Яна была адной з першых супрацоўніц Google і здавала свой гараж Лары Пэйджу і Сяргею Брыну, калі яны заснавалі кампанію.
Новым кіраўніком кампаніі стане Ніл Мохен, які ад 2015 года выконваў абавязкі дырэктара па прадукце кампаніі. Ваджыцкі застанецца кансультанткай у холдынгу Alphabet, які валодае Youtube і Google. Змена кіраўніцтва адбываецца на тле падзення рэкламных даходаў платформы другі квартал запар праз вострую канкурэнцыю з TikTok і Reels, а таксама стрымінгавымі сэрвісамі, такімі як Netflix.
«Мне здаецца, што гэта вымушаны сыход, выкліканы нізкай прадукцыйнасцю YouTube апошнімі кварталамі… Што менш ясна, дык гэта тое, ці валодае Мохен, які дагэтуль быў адносна непрыкметны, лідарскімі якасцямі, каб вярнуць YouTube у патрэбнае рэчышча», — заявіў Пол Верна, аналітык Insider Intelligence, у інтэрв’ю Reuters.
Читать на dev.by