«Галоўнае блакаванне» будзе 6 чэрвеня? Новыя скаргі на Santander
Ці глабальная гэта гісторыя з польскімі банкамі, ці прыватная ініцыятыва Santander, усё яшчэ незразумела.
На мінулым тыдні беларусы сталі расказваць пра блакаванне анлайн-банкінгу (не рахункаў!) у Santander. Для разблакавання супрацоўнікі банка просяць у іх ДНЖ з тэрмінам дзеяння мінімум 12 месяцаў і кажуць, што гэта распараджэнне «зверху», якое нібыта мае распаўсюдзіцца на ўсе банкі (але ў іншых банках пакуль усё як мае быць). Dzik Pic адправіў ліст з пытаннямі ў KNF і падзяліўся новымі гісторыямі ад кліентаў Santander.
«Супрацоўніца банка сказала, што мы ў першай хвалі, а галоўнае блакаванне будзе 6 чэрвеня»
— У мяне заблакавалі доступ да праграмы і сайта Santander у пятніцу зранку. Даведалася, калі, стоячы на вакзале ў іншым горадзе, хацела памяняць сродкі на злотыя. Афігела.
Я адкрыла рахунак у Santander у 2022-м, карту побыту атрымала тры тыдні таму, так што, можна сказаць, мне яшчэ пашанцавала. Схадзіла ў суботу ў аддзяленне з картай, і мне вярнулі доступ да сэрвісу.
Дзяўчына-супрацоўніца расказала, што работнікаў проста паставілі перад фактам у чацвер. Што гэта было невялікае паведамленне без аніякай інструкцыі па разблакаванні. Наогул не сказалі, каго і калі гэта закране, каб яны маглі патэлефанаваць сваім кліентам. Ну, і што гэта нібыта было рашэнне не Santander, а кагосьці вышэйшага, на ўзроўні краіны, таму можа закрануць і іншыя банкі.
І яшчэ сказала, што галоўнае блакаванне будзе 6 чэрвеня, мы трапілі ў першую хвалю.
Наконт патрабаванняў да карт побыту — паводле слоў той жа супрацоўніцы, патрэбны ДНЖ з тэрмінам дзеяння мінімум год, каб вярнулі доступ. Але на той момант так і не было вядома, ці заблакуюць зноў, калі карце застанецца менш за 12 месяцаў. Параіла адкрыць рахунак у банку Alior на ўсялякі выпадак.
Пры такім «блакаванні» можна плаціць картай як звычайна, карыстацца BLIK (але я не магла, так як у мяне стаяла аўтарызацыя праз праграму), здымаць грошы праз банкамат і ў аддзяленні. Няма доступу толькі да самой праграмы і акаўнта на сайце.
«Асабістыя рахункі — добра. Але спулка!»
— Таксама ў Santander закрылі доступ да рахункаў — і асабістых, і для спулкі. Як мінімум, абмежавалі ўваход у акаўнт у банку.
Карту побыту чакаю ўжо паўгода, пакуль на PBH-візе. У чацвер, 23 мая, мне тэлефанавалі, пыталіся, ці ёсць карта побыту. Я адказаў, што ёсць дэцызія, а саму карту толькі чакаю. І мне сказалі, «заўтра чакайце блакавання рахункаў».
Банк параіў ісці ў ужонд — прасіць хутчэй карту, што, самі разумееце, тупая парада. У панядзелак пайду да юрыстаў, паспрабуем накатаць скаргу. Асабістыя рахункі — добра. Але спулцы закрыць доступ — гэта [канец свету], вядома.
Ну, і ўсё, што ж тут рабіць, пластык чакаць трэба.
«Выглядае, што трэба збіраць „катлеты“ і валіць адтуль»
— Жонцы таксама абмежавалі выкарыстанне праз праграмы.
Патэлефанавала ў падтрымку — там сказалі, што рахунак не заблакаваны, картай карыстацца можна, а вось праграмы — так, заблакаваныя. І што трэба данесці ДНЖ, пра тэрмін нічога не згадвалі.
Жонка сказала, што яшчэ чакае пластык, а пакуль на штампе. На гэта ёй адказалі, што не ведаюць, ці падыдзе штамп, і трэба звярнуцца ў аддзяленне. Але, як я зразумеў з іншых сітуацый, са штампам ісці сэнсу няма.
Я тыдзень таму абнавіў пашпарт на ДНЖ, у мяне ўсё працуе. Але выглядае, што трэба збіраць «катлеты» і валіць адтуль, так як у іншых чатах размова ідзе пра 12-месячны ДНЖ.
Читать на dev.by