Google атрымала пазоў ад 21 млн карыстальнікаў
Суд у Каліфорніі ў панядзелак даў ход справе па калектыўным пазове супраць Google, пададзеным ад асобы 21 млн карыстальнікаў кампаніі ў 12 штатах ЗША. Яе і краму праграм, што належыць ёй, абвінавачваюць у парушэнні антыманапольнага заканадаўства краіны.
Гэта адзін з вялікай колькасці разглядаў у дачыненні да тэхнагіганта, у фокусе якіх — яго неканкурэнтныя паводзіны. Летась аналагічныя прэтэнзіі Google выставілі пракуратуры больш як 30 іншых штатаў. З імі цесна супрацоўнічаюць адвакаты пазоўнікаў па новым пазове.
У цэлым шкоду, нанесеную кампаніяй карыстальнікам краіны, ацэньваюць у $4,7 млрд.
Google выступіла ў абарону бізнэс-мадэлі свайго стора і абвергла абвінавачванні. Абарона кампаніі адзначыла, што адвакаты пазоўнікаў не канкрэтызавалі, якая менавіта шкода ім была нанесеная, аднак суддзя адхіліў гэты аргумент.
Бок абвінавачвання сярод іншага сцвярджае, што Google перашкаджае распрацоўшчыкам прыцягваць карыстальнікаў да праграм-канкурэнтаў, а таксама спрабуе адбіць у іх жаданне спампоўваць праграмы ў іншых крамах праз папярэджанні, якія ўводзяць у зман.
На думку абвінаваўцаў, калі б Google паводзіла сябе сумленна, цэны на праграмы і ўбудаваныя пакупкі былі б ніжэйшымі, а выбар — шырэйшым.
Слуханні ў справе пачнуцца ў чэрвені 2023 года.
Читать на dev.by