Google кажа, што пагоршыла пошук у Еўропе праз патрабаванні ўладаў і штрафу
Google абвясціла пра маштабныя змены ў працы свайго пошукавіка на тэрыторыі ЕС, каб выканаць мясцовы Закон аб лічбавых рынках (DMA) і пазбегнуць новых антыманапольных штрафаў. Прадстаўнік кампаніі заявіў Reuters, што гэта прывядзе да найбуйнейшага падзення якасці сервісу за ўсю яе 29-гадовую гісторыю. Пошукавік страціць звыклыя карысныя функцыі, а еўрапейскія кампаніі сутыкнуцца з ростам выдаткаў і падзеннем трафіку.

«Каб адпавядаць патрабаванням DMA, мы ўносім істотныя змены ў працу „Пошуку“ ў Еўропе. Гэтыя навацыі пагаршаюць карыстацкі вопыт для еўрапейцаў: яны прасоўваюць анлайн-пасярэднікаў за кошт мясцовага бізнесу і выдаляюць карысныя функцыі, якімі людзі карысталіся кожны дзень. Карыстальнікаў па-за межамі ЕС гэтыя змены не закрануць», — заявіў старшы віцэ-прэзідэнт Google па ведах ды інфармацыі Нік Фокс.
Прычынай «апгрэйдаў» стала рашэнне Еўракамісіі: у ліпені рэгулятар аштрафаваў кампанію на €460 млн за парушэнне DMA. Google абвінавацілі ў прасоўванні ў выдачы ўласных сервісаў у пакупках, гасцініцах, транспарце і спорце. На выпраўленне парушэнняў пад пагрозай штодзённых штрафаў у памеры да 5% сусветнага абароту ёй далі 60 дзён. За два дзесяцігоддзі сума еўрапейскіх антыманапольных штрафаў Google ужо дасягнула €10,38 млрд.
У ЕС заявілі, што змены павінны ўраўняць правілы гульні на рынку, аднак у Google перакананыя, што рэальную выгаду атрымаюць сайты-агрэгатары і сервісы параўнання цэн накшталт Expedia або Booking.com. Цяпер алгарытм будзе выводзіць на першыя пазіцыі менавіта агрэгатары, а сайтам гасцініц, авіякампаній і рэстаранаў застануцца толькі звычайныя спасылкі, адрасы і тэлефоны. З пошукавай выдачы таксама знікнуць звыклыя інтэрактыўныя падборкі з адлюстраваннем цэн у рэальным часе.
Тэсціраванне новай выдачы на мільёнах карыстальнікаў паказала высокі ўзровень незадаволенасці: людзям даводзіцца ўводзіць паўторныя запыты, каб знайсці патрэбную інфармацыю. Папярэднія праўкі алгарытмаў пад стандарты DMA ўжо прывялі да падзення бясплатнага прамога трафіку на сайты еўрапейскіх кампаній на 30%, і новыя абмежаванні, як чакаецца, нанясуць па мясцовым бізнесе яшчэ адзін удар.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.