Google паказала магутную АІ-мадэль — «забойцу» ChatGPT
Google паказала сваю самую магутную AI-мадэль пад назвай Gemini.
Gemini, якую ўжо ахрысцілі «забойцай» ChatGPT, здольная прымаць на ўваход розныя тыпы даных, уключаючы тэкст, код, выявы, аўдыя і відэа. Яна валодае больш прасунутай здольнасцю да «мыслення» і апрацоўцы складанай інфармацыі, ніж усе папярэднія мадэлі Google.
«Гэтая новая эра мадэляў з’яўляецца адным з найбуйнейшых навуковых і інжынерных праектаў, зробленых кампаніяй», — адзначыў СЕО Alphabet Сундар Пічаі ў рэлізе Gemini.
Google ужо часткова ўкараніла Gemini ў фірмовага АІ-асістэнта Bard. Самая перадавая версія Gemini стане даступная праз Bard на пачатку 2024 года.
Gemini будзе прадстаўленая ў трох версіях, якія будуць адрознівацца спажыванай вылічальнай магутнасцю. Апрацоўка даных для самай магутнай будзе адбывацца ў дата-цэнтрах, а самая маламагутная зможа нармальна функцыянаваць на мабільных прыладах.
У стварэнні Gemini удзельнічала АІ-падраздзяленне Google DeepMind. Там адзначаюць, што, хоць гэта найбуйнейшая мадэль Google, яна яшчэ і значна эфектыўнейшая за сваіх папярэдніц, таму выдаткі на забеспячэнне яе працы для карыстальнікаў будзе абыходзіцца кампаніі «значна» менш.
Читать на dev.by