Google забаранілі запускаць чатбота Bard у ЕС
Google прыйшлося адкласці запуск фірмовага чатбота ў Еўрапейскім саюзе праз прэтэнзіі мясцовага рэгулятара ў пытаннях прыватнасці, піша Insider.
Рэліз Bard меўся адбыцца на гэтым тыдні, але яго заблакавала ірландская Камісія абароны даных, паколькі амерыканская кампанія не патлумачыла, як будзе выконваць адпаведныя еўрапейскія правілы. Гэты орган адказвае за рэалізацыю закона GDPR, які рэгламентуе абарону персанальных даных еўрапейскіх карыстальнікаў, іх выкарыстанне кампаніямі і перадачу па-за межы ЕС.
Прадстаўнік Google паведаміў журналістам выдання, што кампанія гутарыла з рэгулятарам на працягу апошніх тыдняў і падала патрэбную дакументацыю, але не ўдакладніў, у чым менавіта прычына затрымкі і калі еўрапейцы атрымаюць магчымасць апрабаваць АІ-сістэму.
Bard выйшаў у свет у сакавіку. Распрацоўшчыкі планавалі пашыраць геаграфію ахопу паступова. Паводле слоў кампаніі, цяпер ён даступны больш як у 180 краінах і тэрыторыях.
Нядаўна з праблемамі ў ЕС сутыкнуліся і распрацоўшчыкі ChatGPT — канкурэнта Bard — з OpenAI. Кіраўнік арганізацыі Сэм Альтман казаў, што яна можа сысці з рэгіёна, калі не зможа выконваць законы ў галіне штучнага інтэлекту, што рыхтуюцца і абавяжуць распрацоўшчыкаў генератыўнага АІ раскрываць, якія матэрыялы тыя выкарыстоўвалі пры навучанні сваіх моўных мадэляў. Але пакуль OpenAI не плануе пакідаць ЕС.
Читать на dev.by