Google запусціла галасавы ШІ-пошук
Кампанія абвясціла аб шырокім запуску функцыі Search Live. Новы інструмент дазваляе шукаць інфармацыю ў фармаце жывога дыялогу са штучным інтэлектам, які адказвае на пытанні імгненна і паралельна прапануе рэлевантныя спасылкі з інтэрнэту.
Функцыя даступная ў аплікацыі Google на Android і iOS. Пад радком пошуку з’явіўся значок Live, націснуўшы на які можна пачаць размову з асістэнтам. Карыстальнікі могуць задаваць пытанні ўголас, а пры жаданні ўключыць камеру, каб дадаць візуальны кантэкст да запыту. Search Live убудаваны і ў Google Lens — пры актывацыі камеры рэжым уключаецца аўтаматычна.
У адрозненне ад стандартнага галасавога пошуку, Search Live працуе на базе мадэлі Gemini. Яна здольная апрацоўваць не толькі мову, але і выявы, ператвараючы пошук у інтэрактыўны чат. Напрыклад, можна паказаць кабель за тэлевізарам і спытаць, куды яго падключыць, ці навесці камеру на помнік у падарожжы, каб адразу даведацца яго назву.
Google прапануе выкарыстоўваць новы інструмент у самых розных сітуацыях: ад дапамогі пры наладцы бытавой электронікі і тлумачэнняў школьных эксперыментаў да выбару настольных гульняў ці вывучэння новых хобі.
На першым этапе Search Live даступны толькі на англійскай мове і толькі карыстальнікам у ЗША. Аднак кампанія ўжо заявіла, што разглядае гэты запуск як крок да мультымадальнага пошуку будучыні, у якім голас, выява і традыцыйныя спасылкі аб’ядноўваюцца ў адзіную сістэму.
Читать на dev.by