«Тады пашпарт трэба прадаваць на біржы, як акцыю». Экс-праграміст хоча ператварыць дзяржаву ў карпарацыю. Дубакоў, Голуб і іншыя абмеркавалі ідэю

Ідэі праграміста Кёрціса Ярвіна папулярныя не толькі ў Крамянёвай даліне і Белым Доме, але і ў шматлікіх «правых» і «крепких хозяйственников» па ўсім свеце. 

Абмеркавалі з палітолагамі і ІТ-бізнесменамі з Беларусі.

18 каментарыяў

Ранняе тэхналагічнае асяроддзе Крамянёвай даліны, прасякнутае ідэаламі лібертарыянства, аказала моцны ўплыў на ідэі Ярвіна яшчэ ў 90-х. У канцы нулявых ён вядзе палітычны блог пад псеўданімам Mencius Moldbug і дзеліцца ідэямі «цёмнага асветніцтва» (Dark Enlightenment). Галоўны пойнт яго ідэалогіі ў тым, што дэмакратыя больш не працуе, таму дзяржаву варта арганізаваць як карпарацыю на чале з CEO, якога прызначаюць «акцыянеры».  

Кёрціс Ярвін нарадзіўся ў 1973 годзе ў сям'і з прагрэсіўнымі поглядамі, дзе цанілася адукацыя. Бацька, Герберт Ярвін, быў супрацоўнікам дыпламатычнай службы ЗША, а яго дзед і бабуля па бацькоўскай лініі — амерыканскія яўрэі камуністычных поглядаў. Кёрціс скончыў універсітэт Браўна (ЗША), а пасля працягнуў навучанне ў аспірантуры ў Каліфарнійскім універсітэце ў Берклі. 

Апроч атакі на традыцыйныя інстытуты і сістэму адукацыі, якія прапануецца захапіць або замясціць, Ярвін нібыта плануе знесці і тэхнічныя «слупы» — стварае «новы дэцэнтралізаваны інтэрнэт» Urbit. Яго фінансуе Пітэр Ціль, сузаснавальнік PayPal і Palantir. Але пакуль платформа не карыстаецца вялікай папулярнасцю.

Ідэямі Ярвіна актыўна натхняецца адміністрацыя Трампа. Напрыклад, праграма Schedule F, у рамках якой планавалася звольніць дзясяткі тысяч дзяржслужбоўцаў — гэта запазычанне ідэі Ярвіна RAGE (Retire All Government Employees). Праект DOGE (Department of Government Efficiency) — гэта па сутнасці таксама спроба рэфармаваць дзяржапарат з дапамогай логікі стартапаў, павысіўшы эфектыўнасць дзяржавы.

Пад уздзеяннем ідэй Ярвіна (або па сваіх прычынах) актыўна правеюць заснавальнікі амерыканскіх ІТ-гігантаў — Маск, Безас, Цукерберг і іншыя. Яшчэ нядаўна ліберальная — прынамсі, у яе быў такі імідж — Даліна сёння носіцца з ідэямі хутчэй лічбавай дыктатуры.

Для апісання новага статусу ІТ-мільярдэраў, якія ідуць у палітыку, нават прыдумалі тэрмін — «бралігархі» (ад англ. tech-bro — «тэхначувак», гік + oligarch). У адрозненне ад традыцыйных алігархаў, якія куплялі лаяльнасць у кулуарах, бралігархі выходзяць на сцэну: публічна падтрымліваюць Трампа, уплываюць на выбары і свабоду слова. У іх рыторыцы — пагарда да «бюракратыі дэмакратыі», жаданне ўсё спрасціць і цэнтралізаваць. 

Не новая ідэя. Як «карпаратыўная дзяржава» прарастае ў розных кропках зямнога шара

Палітолагі канстатуюць, што гэтыя ідэі самі па сабе зусім не новыя і усплылі на хвалі крызісу дэмакратыі і светапарадку, што ўжо не раз здаралася ў гісторыі чалавецтва.

— У любую эпоху ёсць дзівакі, якія вылучаюць дзіўныя ідэі, — лічыць Валер Карбалевіч. — На гэтыя ідэі не звяртаюць увагі, пакуль яны не робяцца запатрабаванымі. А запатрабаванымі яны робяцца ў момант крызісу дэмакратыі. Мне здаецца, зараз менавіта гэта і адбываецца ў Злучаных Штатах. Пра гэта кажа сам факт таго, што Трамп прыйшоў да ўлады. 

З яго пункту гледжання, ідэя карпаратыўнай дзяржавы — гэта ідэя таталітарызму, дзе дзяржава цалкам кантралюе грамадства, абапіраючыся на карпаратыўныя саюзы.

— Канцэпцыя ўжо была рэалізаваная ў Італіі ў эпоху Мусаліні, у фашысцкай Германіі і ў Савецкім Саюзе. Асобныя элементы карпаратыўнай дзяржавы могуць выкарыстоўвацца аўтарытарнымі рэжымамі. Не абавязкова, але ў значнай меры.

Напрыклад, беларускі аўтарытарызм таксама эксплуатуе некаторыя атрыбуты карпаратыўнай дзяржавы, лічыць палітолаг:

— Лукашэнка стварыў мадэль карпаратыўнага аўтарытарызму, які абапіраецца на арганізацыі, прызначаныя рэпрэзентаваць інтарэсы розных слаёў грамадства. Напрыклад, прафсаюзы аб’ядноўваюць працуючае насельніцтва. БРСМ — моладзь. Ёсць Саюз жанчын, Саюз ветэранаў. Альбо была раней аграрная партыя, якая аб’ядноўвала старшынь калгасаў. Царква — таксама элемент карпаратыўнай дзяржавы. Каталіцкая царква ў Беларусі функцыянуе зусім інакш, чым у Польшчы або ў іншых каталіцкіх краінах. Улада кантралюе ў значнай меры ўсе гэтыя арганізацыі, а праз іх — пэўныя слаі грамадства. 

Так, у Беларусі персаналісцкая аўтакратыя, але гэта не супярэчыць канцэпцыі карпаратыўнай дзяржавы. Фашысцкія рэжымы таксама персаналісцкія. І Мусаліні, і Гітлера.

У Штатах цалкам рэалізаваць ідэі карпаратыўнай дзяржавы будзе складана, упэўнены Карбалевіч:

— Для гэтага трэба зламаць усе існуючыя інстытуты, што можа прывесці да грамадзянскай вайны. Але рэалізаваць асобныя элементы гэтай ідэалогіі цалкам магчыма. Карпаратыўная дзяржава ставіць на першае месца эфектыўнасць. Але што гэта значыць? Эфектыўная дзяржава — гэта якая? Якая забяспечвае эканамічны рост ці забяспечвае захаванне ўлады дыктатару? Розныя людзі разумеюць эфектыўнасць па-свойму. 

Ryoji Iwata, Unsplash

Павел Усаў, кіраўнік Цэнтра палітычнага аналізу і прагнозу (Варшава), доктар палітычных навук, нагадвае, што яшчэ Арыстоцель і Платон прасоўвалі мадэль арыстакратычнай манархіі як № 1 па эфектыўнасці (дэмакратыя на другім месцы), але лепш за дэмакратыю з тых часоў так нічога і не прыдумалі.

Ён лічыць, што прыклады карпаратыўных дзяржаў сёння — Расія, Кітай і… ЗША.

— Карпаратыўная дзяржава, дзе выбары нічога не вырашаюць, ужо сфармаваліся ў Кітаі і Расіі. Там карпарацыі пад назвай МДБ і ФСБ вызначаюць развіццё дзяржавы. У ЗША таксама склалася пэўная карпарацыя, таму што кандыдаты ў прэзідэнты першапачаткова праходзяць адбор унутры партый. Спачатку канкуруюць паміж сабой, а потым вярхоўка дэмакратычнай партыі прымае рашэнне, што той ці іншы кандыдат будзе ўдзельнічаць у выбарах. Гэта таксама па сутнасці карпаратыўнае прасоўванне і гэтая мадэль сёння пакутуе на крызіс.

А вось у беларускім рэжыме Усаў прыкмет «карпарацыі» не бачыць. На яго думку, гэта пакідае задзел для магчымасці будучых змен: напрыклад, «у Расіі такога шанцу на змены няма, пакуль сама карпарацыя — атачэнне Пуціна — не пачне рэформы».

«Для дзяржавы і кампаніі працуюць розныя мадэлі»

Мы спыталі ў вядомых tech-bro з Беларусі, ці можа дзяржава быць эфектыўным бізнесам.

«Абсурд»

Ігар Маханёк, уладальнік венчурнай кампаніі Geek Ventures 

— Ідэя карпаратыўнай манархіі гучыць абсурдна. Дзяржава — гэта не бізнес. У бізнесу задача зарабляць, у дзяржавы — падтрымліваць грамадзян.

«У паспяховых кампаніях квітнее дыктатура, а ў паспяховых краінах — дэмакратыя»

Міхаіл Дубакоў, СЕО ў Fibery

— Чаму ў паспяховых кампаніях квітнее дыктатура, а ў паспяховых краінах — дэмакратыя? У большасці вядомых мне выпадкаў кампаніі з дэмакратычнымі структурамі не дасягалі выбітных поспехаў. 

Нейкі час некаторыя яшчэ насіліся з тэмай бірузовых арганізацый (кіраванне кампаніяй, заснаванае на самаарганізацыі супрацоўнікаў — Рэд.), але яна не ўзляцела. У Targetprocess мы таксама спрабавалі шырокую аўтаномію, але не атрымалася. Магчыма, дрэнна спрабавалі, альбо трэба было лепш рыхтаваць людзей. Альбо мадэль дэмакратыі проста не падыходзіць для кіравання кампаніяй. 

Часта (асабліва на першых этапах) у кампаніі невялікая колькасць уласнікаў, гэта значыць выгадаатрымальнікаў. І раз у іх skin in the game, яны і замаўляюць музыку. Калі кантрольны пакет у аднаго чалавека — атрымліваем дыктатуру. Калі ў некалькіх — алігархію. Плюсы такога падыходу — хуткае прыняцце рашэнняў, рызык і адзіны вектар развіцця. Ён можа быць няправільны, але хуткасць, высокая рызыка і ўзгодненасць дзеянняў для кампаніі важней, чым абсалютная правільнасць рашэнняў і мінімізацыя рызык. 

Sigmund, Unsplash

Дзяржавай жа валодае народ (у ідэале), так што дыктатура або алігархія ў гэтым выпадку не падаецца справядлівай формай ладу. Раз народ валодае, то кожны павінен мець уплыў на рашэнні. Дэмакратыя спрабуе гэты механізм рэалізаваць. З мінусаў — адразу ўсё робіцца павольна. Напрыклад, Еўрапарламент: не ўражвае ані хуткасцю, ані смеласцю. Але для дзяржавы (у адрозненне ад кампаніі) гэта добра: мінімізуюцца рызыкі, больш узгодненыя рашэнні. Народ не любіць узрушэнняў — яму важна спакойнае развіццё.

Тады ўзнікае пытанне: ці можна стварыць кампанію, дзе ўсе супрацоўнікі — паўнавартасныя ўласнікі? У тэорыі так, а на практыцы — ніводнай паспяховай кампаніі гэтага не ўдалося. Кампанію засноўвае адзін або некалькі людзей, якія бяруць на сябе рызыкі і прымаюць усе рашэнні. Калі кампанія паспяхова развіваецца, у гэтых людзей няма падстаў дзяліцца яшчэ з кімсьці нажытымі долямі ў бізнесе. Вось і атрымліваем умоўную алігархію ўнутры кампаніі. 

З гэтага вынікае, што для дзяржавы і кампаніі працуюць розныя мадэлі, так як гэта розныя сістэмы з рознымі цыкламі развіцця і патрэбамі. Усе гэтыя манархіі і аўтакратыі часам добра гучаць — «давайце паклічам добрага цара і ён усё выправіць», — але на практыцы працуюць паскудна. Добры цар, атрымаўшы ўладу, робіцца не зусім добрым, але застаецца ўсё такім жа хуткім з поўным наборам паўнамоцтваў. 

У кампаніях жа спробы ўкараніць шырокую дэмакратыю таксама (пакуль) церпяць фіяска. У гэтым выпадку рашэнні прымаюцца доўга з-за неўзгодненасці дзеянняў, адпаведна цяжэй прымаць рызыкоўныя рашэнні. А хуткасць, рызыка і адзіны вектар развіцця для кампаніі вельмі важныя.

Дадам, што за Трампам сачыць цікава, але выключна з медыцынскага пункту гледжання, апрануўшы белы халат і ахоўныя акуляры. Аптымізму ў мяне — нуль.

«Цэнтралізацыя накладае недасягальныя інтэлектуальныя патрабаванні на орган прыняцця рашэнняў»

Віктар Хамянок, экс-CEO і заснавальнік Rozum Robotics 

— Ідэя цэнтралізацыі кіравання дзяржавай і эканомікай не новая і ўжо апрабаваная ў некаторых краінах, напрыклад у Савецкім Саюзе.

На першы погляд цэнтралізацыя выглядае эфектыўным інструментам, але ў рэальным жыцці гэта накладае высокія (недасягальныя) інтэлектуальныя патрабаванні ад органа, які прымае рашэнні. 

У СССР старанна планавалі пяцігодкі, размяркоўвалі задачы па міністэрствах, вытворчых і галіновых аб’яднаннях.

У тэорыі за кошт адсутнасці канкурэнцыі (кожны займаўся сваёй справай) хуткасць развіцця эканомікі павінна быць вышэйшай, чым у капіталістычных краінах. Але на практыцы канкурэнцыя ў капіталістычных краінах забяспечвала лепшую адаптавальнасць бізнесу да рынку. 

Яшчэ адзін навочны прыклад — гэта армія, якая да апошняга часу была іерархічная і цэнтралізаваная. Але, як паказала практыка, такая армія непаваротлівая з-за хуткасці прыняцця рашэнняў. Самыя перадавыя арміі свету пераходзяць на дэцэнтралізацыю і прыняцце рашэнняў групамі на месцах.

Зрэшты ў ідэальна плоскія арганізацыі я таксама не веру. Гэта патрабуе каласальнай матывацыі і кампетэнцый ад кожнага ўдзельніка групы. У рэальным жыцці гэта таксама рэдка дасягальна. Цэнтралізацыя — гэта жорсткі шкілет. Дэцэнтралізацыя — моцныя мышцы. Існаванне аднаго без другога немагчыма.

Дзяржава, пабудаваная па прынцыпах карпаратыўнай манархіі, мае ўсе шансы абрынуцца пад сваім цяжарам, як гэта адбылося з Савецкім Саюзам.

«Калі б пашпарт можна было прадаць на біржы як акцыю — кіраўнікі кіравалі б краінай па рынкавых метрыках»

Кірыл Голуб, венчурны інвестар, СEO і сузаснавальнік кампаніі Aheadworks, сузаснавальнік беларускай сеткі бізнес-анёлаў Angels Band і літоўскай LitBAN 

— У рэальнасці карпарацыі і тым больш стартапы вельмі далёкія ад манархій. І ў карпарацыях, і ў стартапах (пасля Series A) рэальная ўлада належыць радзе дырэктараў, якая цалкам можа звольніць незгаворлівага або неэфектыўнага СЕО.

Таму карпарацыя або ўмоўная «лічбавая манархія» — гэта не больш, чым «гульні розуму», пустыя філасофстваванні. 

Так, карпарацыі не дазваляюць нам валодаць і распараджацца іх лічбавымі актывамі. Калі Apple у адзін момант прыбрала Epic Games з App Store, кампанія пазбавілася рынку ў сотні мільёнаў прылад, не маючы права на апеляцыю — тыповы «указ манарха». Аналагічна для большасці платформаў: бан можа знішчыць рэкламны кабінет і шматгадовы кантэнт. Напрыклад, у вас няма юрыдычных правоў на ваш канал у тэлеграме — можаце самі прывесці дзясятак іншых прыкладаў.

Даменнае імя — бадай што не апошні лічбавы актыў, прызнаны міжнародным правам уласнасці (UDRP/ICANN). Нават спрэчныя выпадкі вырашаюцца арбітражам, а не аднабаковым банам. Усе іншыя актывы — акаўнты, рэпутацыя, падпісчыкі — належаць платформам. Доступ да іх можа быць спынены адным клікам менеджара Trust & Safety.

Блокчэйн — не панацэя. Бо фармальна актывам валодае не асоба, а носьбіт прыватнага ключа: страта seed-фразы роўная канфіскацыі без суда і следства. Таму патрэбны лічбавы пашпарт. Сэм Альтман спрабуе вырашыць гэта праз Worldcoin — скан радужкі («proof of personhood»), але масавай, прызнанай усімі ідэнтычнасці пакуль няма і на даляглядзе.

А вось канцэпцыя дзяржавы як публічнай кампаніі з абарачальнай «акцыяй-грамадзянствам» нашмат цікавейшая. Калі пашпарт можна будзе прадаць гэтак жа лёгка, як акцыю, у «кіраўніка» з’яўляецца рынкавы KPI. У гэтым выпадку яму выгодна трымаць грамадзян, каб яны не «фліпнуліся» ў іншыя юрысдыкцыі. 

Дарэчы ідэю «права на exit вышэй, чым на voice» прасоўвае і Баладжы Срынівасан у канцэпцыі network state.  Так, даўно існуе «залаты пашпарт»: Кіпр — €300 тыс., Мальта — €375 тыс., Партугалія — ≥ €500 тыс. Але афармленне займае 2–5 гадоў і такое грамадзянства застаецца выключэннем для HNWI, а не базавым правам.

Асобнае пытанне — як ацэньваць «пай»? Грубая чарнавая ідэя — GDP per capita × узрост паўналецця. Для ЗША ($ 83 тыс. × 18 ≈ $1,5 млн) або Беларусі (€8 тыс. × 18 ≈ €144 тыс.) гэта блізка да кошту існуючых праграм натуралізацыі праз інвестыцыі. Але як правіла, такая формула ігнаруе размеркаванне даходаў, ды і рэальныя сацыяльныя абавязацельствы дзяржавы перад грамадзянамі (напрыклад, улік узроўню сац.абавязацельстваў РБ перад грамадзянінам на хаду дыскантуе такі разлік яшчэ ў два разы).

Тэхнічна можна зрабіць банкротам краіну, перадаць частку актываў «замежным інвестарам», але гэта толькі да першай нацыяналізацыі. Адным словам — калі б пашпарт можна было прадаць на біржы як акцыю і купіць новы — кіраўнікі кіравалі б краінай па рынкавых метрыках. Каб капіталізацыя не падала і грамадзяне не зладзілі б масавы exit.

Але да тых часоў «пакет» грамадзянства застаецца для многіх з нас неліквіднай паперай з вечным lock-up перыядам.

Трамп ударыць па айцішніках? А можа, наадварот уваскрэсіць ІТ-краіну? Спыталі ў экспертаў
Па тэме
Трамп ударыць па айцішніках? А можа, наадварот уваскрэсіць ІТ-краіну? Спыталі ў экспертаў

Читать на dev.by