ДПК: чарга з легкавых аўто на ўезд у Польшчу вырасла ў 4 разы

Гэта наступства забароны Літвы і Латвіі на ўезд аўто з нумарамі РБ.

9 каментарыяў

Ад панядзелка 15 ліпеня чарга легкавых аўто на ўезд у Польшчу павялічылася ў чатыры разы, паведамляе Дзяржпагранкамітэт Беларусі. Пасля ўвядзення забарон уладамі Літвы і Латвіі транспартныя плыні пераразмеркаваліся на польскі кірунак. 

У выніку перад адзіным функцыянуючым для легкавога транспарту польскім пунктам пропуску Тэрэспаль (Брэст) сабралася 240 аўто. Яго супрацоўнікі, паводле даных ДПК, ад пачатку тыдня прынялі 35% легкавікоў ад нормы.

Перад літоўскімі пунктамі пропуску Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) на ўезд у ЕС цяпер 110 аўто, іх кантрольныя службы на працягу тыдня прымалі на сваю тэрыторыю каля 55% транспарту ад нормы.

Акрамя таго, станам на 10:00 перад Тэрэспалем (Брэст) чакаюць уезду 30 аўтобусаў, перад Меднікамі (Каменны Лог) — 4 аўтобусы.

Мяркуючы з архіўных даных ДПК, 15 ліпеня, а 10:00 перад Тэрэспалем было 70 легкавых аўто. То-бок, строга кажучы, чарга за чатыры дні вырасла ў 3,4 разу. Гэта не 4, але ўсё роўна шмат. Чарга з аўтобусаў нават трохі скарацілася.

Нагадаем, Латвія ўвяла забарону на ўезд легкавых аўтамабіляў на беларускіх нумарах 16 ліпеня, Літва — 18 ліпеня.


Читать на dev.by