Айцішнік з дазволам на жыхарства іншай краіны прыляцеў у Беларусь — вось пра што з ім размаўлялі ў аэрапорце
Апошнія два месяцы на мяжы Беларусі з РФ і ЕС — узмоцненыя праверкі і «гутаркі».
Даведаліся пра змесціва такой гутаркі ад айцішніка, які не быў у Беларусі каля года. Яго апытвалі ў аэрапорце «Мінск-2».
Паводле інфармацыі dev.by, праверкі ў красавіку-маі ўзмацніліся не толькі на сухапутнай мяжы з ЕС і РФ, але і ў мінскім аэрапорце.
Адным з такіх кейсаў з намі падзяліўся айцішнік, які нядаўна прыляцеў у Беларусь.
— У Беларусі я не быў каля года. У Мінск прыляцеў з іншай краіны (маю дазвол на жыхарства гэтай краіны). Вось што здарылася ў аэрапорце.
Пашпартны кантроль. У спадарыні за шклом — спіс прозвішчаў на паперцы. Кожнага правярае па гэтым спісе. Убачыла маё прозвішча— адразу за тэлефон. Я пытаюся: «Што за спіс, каму тэлефануйце?» Мне ў адказ: «Які Спіс? Нікому я не тэлефаную!»
Прыйшоў памежнік і сказаў «прайсці». Адвёў у нейкі кут, які накшталт загона быў абгароджаны стойкамі і яшчэ чымсьці. Выхад з яго толькі адзін, каля яго два маладыя памежнікі (гадоў 18-20) і такая ж дзяўчынка ў форме. Выходзіць забаранялі, у прыбіральню — з суправаджэннем.
Нас сабралася 10-12 чалавек. Быў іншаземец гадоў 50, жанчына гадоў 60, хлопцы і дзяўчаты 30-40 гадоў. На пытанне «за што затрыманыя» і патрабаванне тлумачэнняў нам адказваў «усё скажуць». Калі мы сталі адкрыта праяўляць незадаволенасць, усіх папярэдзілі, што «цяпер затрымаем на 3 гадзіны «па законе».
Чакалі ў выніку хвілін 40-50. Потым па адным нас сталі выклікаць на «гутарку».
Чалавек, які са мной размаўляў, быў у цывільным, не назваўся. Пытанняў было шмат.
- Што рабіў у іншай краіне?
- Як даўно не быў у Беларусі і чаму, дзе жыве сям’я?
- Як даўно быў ва Украіне? Ці часта бываю ў Польшчы?
- Дзе працую, чаму ў ІТ і як даўно?
- Ці былі ў мяне кантакты са спецслужбамі і сілавымі структурамі краіны пражывання? Кантакт з прадстаўнікамі дарожнай паліцыі для праверкі пасведчання чамусьці не зацікавіў.
- Ці ўдзельнічаў у пратэстах у 2020 годзе?
- Кароннае пытанне — з якой мэтай наведваю Беларусь? (І гэта ў грамадзяніна РБ пытаў).
Потым пакруціў туды-сюды яшчэ раз пашпарт і сказаў, што магу сыходзіць. Тэлефона/ноўтбука не глядзелі, у рэчах не капаліся
У цэлым з боку «камітэтчыка» агрэсіі ды іншага не было. Усё цалкам карэктна і акуратна, нягледзячы на пустыя пытанні. А вось памежнікі паводзіліся як салдафоны з фільма «ДМБ».
Кантэкст
Мяжа з ЕС
У красавіку-маі ўзмоцненыя праверкі аднавіліся на мяжы Беларусі з Літвой і Польшчай. Сілавікі сталі выбарачна правяраць месенджары і сацсеткі на тэлефонах. У тых, хто ўязджае ў краіну, цікавяцца паездкамі за мяжу за апошнія некалькі гадоў, удзелам у пратэстах у РБ і ў мерапрыемствах беларускай дыяспары за мяжой. Таксама задаюць пытанні пра вайну ва Украіне, наяўнасць сваякоў ва УСУ і магчымых кантактах з замежнымі спецслужбамі.
Адначасова змяніўся фармат праверак беларусаў, якія выязджаюць у ЕС без віз. Іх сталі выбарачна прасіць паказваць дазволы на жыхарства.
Мяжа з РФ
5 мая Беларусь увяла памежны кантроль на сухапутнай мяжы з Расіяй. У тых, хто ўязджае ў краіну на аўтамабілях, пачалі правяраць дакументы і багажнікі машын.
Кантроль на мяжы быў уведзены праз чатыры дні пасля дыверсіі на чыгунцы ў Бранскай вобласці Расіі.
Паводле адной з версій, менавіта праз боязь магчымых дыверсій, але ўжо на тэрыторыі Беларусі, і быў узмоцнены кантроль. Ускосна гэта пацвердзіў сенатар Алег Дзячэнка ў эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё». Ён заявіў, што ўзмацненне памежнага кантролю нібыта звязанае з неабходнасцю перакрыць нелегальныя пастаўкі зброі ў Беларусь.
Таксама ў медыя гучала версія, што рашэнне беларускага боку можа быць звязанае з магчымай новай хваляй мабілізацыі ў Расіі. Узмоцнены кантроль дазволіць не дапусціць масавага ад’езду расійцаў у Беларусь.
Паводле афіцыйнай версіі Дзяржпагранкамітэта Беларусі, праверкі на мяжы нібыта праводзяцца ў рамках выканання ратыфікацыйнага пагаднення аб узаемным прызнанні віз з Расіяй, якое было падпісанае ў Мінску 19 чэрвеня 2020 года. У Дзяржпрагранкамітэце таксама ўдакладнілі, што ўведзеныя абмежаванні часовыя і будуць дзейнічаць «да асаблівага распараджэння».
Наступствы
Цягам некалькіх дзён пасля ўвядзення памежнага кантролю на мяжы былі вялікія заторы. Мяркуючы з каментароў у тэлеграм-канале «Мяжа РФ-РБ», на праходжанне мяжы сыходзіла некалькі гадзін.
Цяпер, відаць, сітуацыя нармалізавалася. Вось як карыстальнікі апісваюць працэдуру праходжання мяжы.
- «На беларускім пасту адстаялі 40 хвілін. Глядзяць машыну, просяць адчыніць багажнік. Фатаграфуюць на вэб-камеру, пытаюцца, куды едзем, штосьці ўносяць у камп’ютары і да пабачэння».
- «На мяжы стаялі хвілін 35. Чарга вялікая, але глядзяць хутка. Проста паглядзелі пашпарты (РБ) і папрасілі адчыніць багажнік. У нас багажнік быў набіты даверху рэчамі, нічога не распакоўвалі, пашпартоў не перапісвалі, нікуды не адносілі».
- «Даглядаюць машыну (павярхоўна) і запрашаюць з дакументамі на аўто і пашпартамі да вагончыка. У расійцаў і беларусаў вагончыкі розныя. Штосьці ўносяць у камп’ютары. Дадаткова дзяжурыць даішнік і запісвае ў сшытачак нумары аўто беларусаў».
- «Прайшлі мяжу за 30 хвілін. Чаргі практычна няма. РФ — паглядзелі пашпарты, паглядзелі салон машыны, багажнік, прапусцілі. РБ — агледзелі салон, багажнік, перапісалі ў асобным вагончыку пашпарты, дакументы на машыну, папрасілі паглядзець у камеру, пэўна, фатаграфавалі. І прапусцілі».
Між тым, паводле звестак медыя, таксама былі выпадкі, калі беларусаў, якія перасякалі мяжу, выклікалі на размовы з нагоды пратэстаў і праглядалі іх тэлефоны. Асаблівая ўвага надавалася тым, у каго былі «палітычныя» артыкулы. Такія праверкі часам заканчваліся арыштам.
— На жаль, у нас ужо ёсць гісторыі, калі людзей арыштоўвалі за «экстрэмізм» у мабільніку проста на мяжы, — кажа Андрэй Стрыжак. Акрамя таго, на беларуска-расійскай мяжы старанней сталі правяраць беларусаў, якія маюць шэнгенскія візы.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў.
Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 170 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі. У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў.
Дапамагчы нам можна праз Patreon.
І яшчэ крыптой, тут гаманцы.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by