Чарга з 2,4+ тысячы аўто, знаходжанне ў зоне чакання — да 6 сутак. Што адбываецца на беларуска-польскай мяжы

На беларуска-польскай мяжы чарговы калапс праз святы. Выезд з Беларусі на тэрыторыю Польшчы займае больш як суткі. Пры гэтым у зваротным кірунку абедзве мяжы можна прайсці за пару гадзін.

38 каментарыяў

Паводле даных Дзяржпагранкамітэта, станам на 10 гадзіну раніцы 7 студзеня ў чарзе каля пункта пропуску «Брэст» (выезд з Беларусі ў Польшчу) знаходзілася больш за 2400 аўтамабіляў. Выезду таксама чакалі 100 аўтобусаў.

Ад рэгістрацыі да выкліку ў зону чакання — ад 3 да 6 дзён

Мяркуючы з паведамленняў у памежных чатах, аўтамабільная чарга на выезд з Польшчы памяншаецца вельмі павольна. Станам на вечар 6 студзеня ў чарзе было каля 2500 аўтамабіляў.

— «Чарга зусім крыху памяншалася, але па апошніх колькасцях рэгістрацый на гадзіну ёсць верагоднасць, што найбліжэйшым часам пойдзе на спад».

Прыкладны час ад рэгістрацыі ў электроннай чарзе да выкліку ў зону чакання (ЗЧ) для легкавых аўтамабіляў складае ад трох да шасці дзён. Мяркуючы з паведамленняў у чатах, раніцай 7 студзеня мяжу перасякалі аўтамабілісты, якія зарэгістраваліся 3-4 студзеня.

  • «7 гадзін на ўсё праходжанне + 3 сутак у зоне чакання».
  • «Прыехалі ў зону чакання 04.01 у 6:12, выклікалі на мяжу 07.01 у 06:20. Заехалі ў Польшчу ў 11:40 па беларускім часе».
  • «Чаканне ў чарзе ЗЧ — 2 дні 14 гадзін. Уся мяжа па зялёным калідоры — 5 гадзін. Разам: 2 дні 19 гадзін. Палякі адчынялі ўсе валізкі, без рэнтгена. Па мосце пускалі ў аб’езд аўтобусаў.»

Праз доўгае чаканне некаторыя аўтамабілісты палічылі за лепшае змяніць маршрут і выехаць праз літоўскую мяжу.

— «4 студзеня зарэгістраваўся, паглядзеў, што ў найлепшым выпадку 7 студзеня ўвечары выклічуць у зону чакання і ўсё ж такі вырашыў ехаць праз Беняконі. За 14 гадзін прайшлі мяжу. Хоць і павольна там працуюць літоўцы, але ўсё роўна хутчэй, чым цяпер на Брэсце».

А вось тыя, хто, наадварот, у Беларусь з Польшчы, мяжу праходзяць даволі хутка.

— «Перад шлагбаумам тры машыны, адразу заезд, у палякаў максімум 15 хвілін, працавалі тры каналы, нават багажніка не адчынялі. Далей у РБ, на пашпартным праверка кожнага металашукальнікам, выгрузка ўсяго змесціва машыны, кішэняў усіх сумак, вельмі доўга не выпускалі пасля кантролю. Разам — адная гадзіна 30 хвілін».

Ад 12 да 40+ гадзін

Тыя, хто едзе на аўтобусе, перасякаюць мяжу троху хутчэй — за 14-24 гадзін. Але гэта, калі атрымаецца перасесці ў бліжэйшы да шлагбаума аўтобус. Мяркуючы з чатаў, за гэта просяць 50-150 еўра.

У сваю чаргу «Мінсктранс» арганізаваў бясплатную перасадку пасажыраў сваіх аўтобусаў у сувязі з доўгім праходжаннем межаў Беларусі і Польшчы (пры наяўнасці свабодных месцаў). 

Зрэшты, нават з улікам перасадкі час праходжання мяжы можа заняць каля 40 гадзін.

— «Ехаў з Мінска 05.01 на 10:10. Аўтобус стаў на мяжу ў 15:40, наперадзе было 60-70 аўтобусаў. Адразу не перасаджваўся, не ведаў, як будзе ісці чарга, пераначаваў у Брэсце. Наступнага дня каля 12:00 аўтобус быў 25-м. Калі зразумеў, што не паспяваю на працу — перасеў, лепш бы зрабіў гэта адразу. Агульны час паездкі Мінск-Варшава — 40 гадзін».

Праз вялікія чэргі і доўгі час праходжання мяжы ўзнікла яшчэ адная праблема, якую вымушаныя ўлічваць тыя, хто едзе з Беларусі ў Польшчу або назад. Змяніўся расклад аўтобусаў. Рэйсы пераносяцца часам амаль на суткі.

 — «Еду з Польшчы ў РБ, большасць рэйсаў пераносяць амаль на суткі. Мой аўтобус быў сёння на 8:45 — у выніку перанеслі на 20:00. Пашанцавала, што пад’ехаў пусты аўтобус да Брэста, многія паехалі з ім. Таму тыя, хто накіроўваецца ў бок Беларусі з Польшчы, майце на ўвазе, што праз вялікую плынь аўтобусы ідуць са спазненнем».


Читать на dev.by