«Больш за 120 аўтобусаў». Перад Калядамі зноў чэргі на мяжы Польшчы з Беларуссю
Пачаўся сезон чэргаў на мяжы. У памежных чатах пішуць, што выезду з Польшчы ў Беларусь чакае больш за 120 аўтобусаў. На праходжанне мяжы сыходзіць да 30 гадзін. Кіроўцы аўто чакаюць яшчэ даўжэй.
Канал для айцішнікаў у Польшчы Dzik звярнуў увагу: паводле некаторых паведамленняў, пасажырам легкавых аўтамабіляў даводзіцца чакаць 47 гадзін мытнага афармлення на мяжы з Беларуссю ў Тэрэспалі. Тыя, хто падарожнічае аўтобусам, «марынуюцца» каля 30 гадзін.
Прэс-сакратар камандуючага памежным атрадам на Бугу капітан Дарыюш Сяніцкі адзначае, што ў перыяд Калядаў і Новага года на мяжы звычайна больш трафіку. А чарга ў Тэрэспалі абумоўленая яшчэ і тым, што на дадзены момант гэта адзіны памежны пераход, які абслугоўвае памежны рух паміж Польшчай і Беларуссю. Астатнія закрытыя.
— Многія грамадзяне Беларусі застаюцца не толькі ў Польшчы, але і ў іншых краінах Еўрасаюза. Яны цяпер едуць у сваю краіну, — сказаў Сяніцкі.
Памежнікі задзейнічалі дадатковых супрацоўнікаў, але, як адзначыў прэс-сакратар, тэмпы афармлення залежаць і ад працы іншых службаў, у тым ліку памежнай службы Беларусі. «Мы заклікаем правяраць час чакання і планаваць паездку загадзя», — дадаў ён.
Паглядзелі, што пішуць у памежных чатах. Перад шлагбаумам не менш за 120 аўтобусаў, паведамляюць карыстальнікі. Чалавек, які вандруе аўтобусам «Прага-Мінск» расказвае, што яны прыехалі на мяжу ўчора апоўначы. «За кальцо палякі не пускалі, перад шлагбаумам было 50-55 аўтобусаў, перад кольцам мы былі 21-е — агулам 71-76 аўтобусаў». Уся мяжа ў іх урэшце заняла 33 гадзіны.
Іншыя вандроўнікі расказваюць, што за 4 гадзіны яны праехалі «толькі 20 метраў».
Адная падарожніца расказвае, што за 100 еўра яна змагла перасесці на мяжы ў Тэрэспалі ў 7-ы аўтобус (каб паскорыць працэс, людзі падсаджваюцца ў аўтобусы, бліжэйшыя да мяжы — заўв. рэд.). Але многія кіроўцы, паводле яе слоў, кажуць, што ў іх месцаў няма. «У маім выпадку прыкладна ў 25-га аўтобуса я сустрэла людзей, якія вярталіся з валізкамі назад і сцвярджалі, што месцаў няма ні за якія грошы».
Карыстальнікі ў чаце паведамляюць, што на беларускім баку мяжы павышаны кантроль: надгляды і допыты. Пра гэта пішуць і беларускія медыя ў Польшчы.
— Такі калапс на мяжы ўпершыню. Я прайшоў і еду на Мінск. Усё ззаду ў мяне, — напісаў адзін з падарожнікаў.
Абстаноўка на выезд з Беларусі цяпер спакойная. На сайце памежнага камітэта можна ўбачыць, што чэргаў з аўтобусаў і легкавых аўто няма. Да пачатку зімовых канікул у беларускіх школьнікаў яшчэ адзін навучальны дзень.
Читать на dev.by