На мяжы з Польшчай — велізарная чарга з легкавікоў і аўтобусаў
За апошнія тры дні колькасць легкавых аўтамабіляў на выезд з Беларусі ў Польшчу вырасла на 70%, паведамляе Памежны камітэт.
На раніцу 28 кастрычніка ў чарзе перад польскім пунктам пропуску Тэрэспаль (Брэст) было 1305 легкавых аўтамабіляў і 88 аўтобусаў.
Для параўнання: раніцай у пятніцу, 25 кастрычніка, там было 760 легкавікоў і 15 аўтобусаў.
— Ад пятніцы колькасць легкавога транспарту перад польскім пунктам пропуску Тэрэспаль (Брэст) павялічылася на 545 адзінак. За выходныя дні сумежны бок прыняў на сваю тэрыторыю ўсяго 34% аўто ад нормы, — заявілі з Памежным камітэце.
Апоўдні па мінскім часе колькасць легкавых аўтамабіляў вырасла да 1335.
Вось што пісалі карыстальнікі наконт чэргаў на мяжы з Польшчай у каментарах на канале Dzik Pic.
- «Чарга ідзе з хуткасцю ~16 аўто на гадзіну».
- «Муж устаў у чацвер вечарам, праехаў у суботу днём, 44 гадзіны».
- «Жонка трапіла на пачатак росту чаргі: 720 машын. Прыйшлося падоўжыць на наступныя суткі кватэру. Усяго 45,5 гадзін: 39 у электроннай чарзе і 6,5 на мяжы».
Раней мытнікі змянілі для транспарту правілы праходжання беларуска-польскай мяжы. Навіна закранула рэгістрацыю транспартных сродкаў у зоне чакання.
Уладальнікі транспартных сродкаў цяпер могуць рэгістравацца ў электроннай чарзе на праходжанне мяжы.
Пасля рэгістрацыі яны змогуць або заставацца ў агульнай чарзе, або пакінуць зону чакання і з’ехаць у любое зручнае месца. Сачыць за чаргой можна будзе ў сістэме на сайце «Белмытнясэрвісу». Таксама можна будзе звязацца з аператарам, які ў патрэбны час выкліча ў зону чакання.
Што тычыцца іншых пунктаў пропуску, то, паводле звестак беларускіх памежнікаў, на раніцу панядзелка сітуацыя там была спакайнейшай.
У пункт пропуску «Каменны Лог» (на Літву) на выезд з Беларусі было 10 аўтамабіляў і 0 аўтобусаў, у пункце пропуску «Беняконі» (на Літву) таксама 10 аўто і 0 аўтобусаў.
У пункт пропуску «Грыгароўшчына» (на Латвію) у чарзе на выезд з Беларусі не было легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў.
Читать на dev.by