Польшча і краіны Балтыі дамовіліся, калі закрыюць мяжу з Беларуссю
У Варшаве прайшла сустрэча кіраўнікоў МУС Польшчы і краін Балтыі. На ёй кіраўнікі ведамстваў дамовіліся, пры якіх умовах цалкам закрыюць мяжу з Беларуссю, паведамляе RMF24.
Крытэраў для прыняцця такога рашэння будзе два:
- Узброены інцыдэнт або інцыдэнты ля мяжы адной з краін, які ўяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы.
- Арганізаваны масавы прарыў нелегальных мігрантаў.
Як патлумачыла кіраўніца МУС Літвы Агне Білатайтэ, калі будзе зафіксаваны адзін з такіх інцыдэнтаў, службы аператыўна абмяняюцца інфармацыяй і прымуць рашэнне (аб закрыцці межаў — заўв.) на ўзроўні ўрадаў.
Пры гэтым Літва загадзя плануе закрыць на мяжы з Беларуссю яшчэ два пункты пропуску — «Лаварышкес» і «Райгардас» — для ўмацавання бяспекі краіны і вырашэння праблемы кантрабанды. Па словах кіраўніцы ведамства, гэтая прапанова ўжо сфармаваная, рашэнне можа быць прынятае ў найбліжэйшы час.
Нагадаем, 18 жніўня Літва закрыла два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю — «Шумскас»/«Лоша» і «Цвярачус»/«Відзы». Матывацыя — узрослыя пагрозы ў сувязі з перадыслакацыяй ПВК «Вагнер».
Падчас сённяшняй сустрэчы міністры ўнутраных спраў Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі таксама закранулі ПВК «Вагнер». У сумеснай заяве яны запатрабавалі ад беларускіх уладаў вывесці ПВК «Вагнер» з тэрыторыі Беларусі, а таксама прыбраць нелегальных мігрантаў з прымежнай зоны.
Ці змогуць беларусы выехаць з краіны ў выпадку закрыцця межаў?
Гэтую тэму закрануў кіраўнік МУС і адміністрацыі Польшчы Марыюш Каміньскі.
— Мы знаходзімся ў кантакце з беларускай апазіцыяй і будзем выпрацоўваць такія механізмы, каб кожны, каму пагражаюць рэпрэсіі ў Беларусі, у сітуацыі, калі памежныя пераходы закрытыя, мог дабрацца да нашых краін, — цытуюць яго медыя.
Читать на dev.by