Хакеры крадуць токены ў платных карыстальнікаў Claude
Падпісчыкі Claude паведамляюць пра выпадкі, калі іх ліміты токенаў расходуюцца без іх ведама. Anthropic звязвае частку такіх інцыдэнтаў з інфастылерамі, якія крадуць з камп’ютараў дадзеныя сесій і дазваляюць зламыснікам атрымліваць доступ да акаўнтаў, піша TechCrunch.
Падпісчыкі Claude паведамляюць пра выпадкі, калі іх ліміты токенаў расходуюцца без іх ведама. Anthropic звязвае частку такіх інцыдэнтаў з інфастылерамі, якія крадуць з камп’ютараў дадзеныя сесій і дазваляюць зламыснікам атрымліваць доступ да акаўнтаў, піша TechCrunch.
4 жніўня брытанскі незалежны кансультант па ШІ Грант Дэ Свардт заўважыў, што ягоная падпіска Claude Max 20x расходуе токены, хоць ён у той дзень наогул не працаваў. На наступны дзень ён адключыў усё, што было падключана да Claude, прыпыніў запланаваныя задачы і не карыстаўся сервісам, але расход зноў вырас. У адным з найбольш паказальных прамежкаў ён павялічыўся з 45% да 55%, хоць актыўных задач Claude Code на ягоным камп’ютары не было, а воблачнае выкананне і Dispatch былі адключаны.
Дэ Свардт звярнуўся ў Anthropic за дэталізацыяй расходу токенаў, але кампанія яе не прадаставіла. Аднак пацвердзіла, што з акаўнтам нешта не так: платную падпіску прыпынілі, усе ягоныя сесіі і серверныя токены Claude Code ануляваліі і вярнулі £44,49 за астатні тэрмін падпіскі, якая каштуе $200 на месяц. Для Дэ Свардта гэта сур’ёзная праблема: ён працуе адзін і дапамагае малому і сярэдняму бізнесу ўкараняць ШІ-агентаў — напрыклад, для аўтаматычнай загрузкі дадзеных з замоваў, якія прыйшлі па электроннай пошце, у бухгалтарскія сістэмы. Уласны бізнес ён таксама шмат у чым вядзе з дапамогай агентаў: ад адміністратыўных задач да распрацоўкі сайтаў і напісання кода.
Пасля расследавання Anthropic паведаміла яму, што зламыснік выкарыстаў скампраметаваны ключ сесіі Claude, каб выпускаць несанкцыянаваныя OAuth-токены Claude Code. Кампанія выказала здагадку, што акаўнт Дэ Свардта выкарыстоўваўся старонным сервісам для працы з іншымі людзьмі, але не змагла ўстанавіць, якім чынам той атрымаў доступ. У Anthropic лічаць, што гэта магло адбыцца альбо праз крадзеж уліковых дадзеных або дадзеных сесіі, альбо пасля падключэння акаўнта да вонкавага сервісу.
Праблему пагаршае тое, што падтрымка Anthropic адсочвае агульны аб’ём выкарыстання, але не прадастаўляе карыстальнікам яго падрабязную разбіўку нават па запыце. Таму крадзеж можа заставацца незаўважаным месяцамі. Дэ Свардт падзяліўся сваёй гісторыяй на Reddit, і пад ёй дзясяткі каментарыяў ад карыстальнікаў з падобнай сітуацыяй. Адзін расказаў, што ягоны акаўнт аўтаматычна перавялі на больш дарагі тарыф без згоды, спісалі грошы з карткі, а расход токенаў вырас з 0% да 100%, хоць ён наогул не карыстаўся сервісам. У другога за 12 хвілін расход павялічыўся з 0 да 49%, хоць ён паспеў зрабіць толькі некалькі запытаў і скарыстацца пошукам у інтэрнэце. Яшчэ адзін юзер сцвярджаў, што яго акаўнт тры дні запар цалкам расходаваў даступны ліміт токенаў, хоць сам ён Claude не запускаў.
Некаторым карыстальнікам Anthropic паведаміла, што знайшла прычыну. У лістах кампанія папярэдзіла іх пра зламыснікаў, якія выкарыстоўваюць інфастылеры для крадзяжу з камп’ютараў захаваных пароляў, дадзеных сесій і ўліковых дадзеных для ўваходу, а потым атрымліваюць доступ да акаўнтаў і расходуюць іхныя ліміты. Выявіўшы падазроную актыўнасць, Anthropic «выходзіла» карыстальнікаў з акаўнтаў, у некаторых выпадках рабіла вяртанні сродкаў і папярэджвала пра магчымае заражэнне камп’ютара. Кампанія асобна падкрэсліла, што шкоданос не звязаны з выкарыстаннем самога Claude: яго можна падхапіць з розных крыніц у сетцы, напрыклад пры спампоўцы заражанай праграмы або пераходзе па шкоднаснай рэкламе.
Дэ Свардт такога папярэджання ад Anthropic не атрымліваў. Ён кажа, што не знайшоў ніякіх прыкмет кампраметацыі свайго камп’ютара і дасюль не ведае, якім чынам зламыснікі атрымалі доступ да акаўнта. Прыкладна праз два тыдні Anthropic аднавіла ягоную падпіску, але марудлівасць тэхпадтрымкі і адсутнасць дэталізацыі расходу токенаў канчаткова сапсавалі ягонае стаўленне да сервісу — ён перайшоў на Cursor.
Дэ Свардт таксама лічыць, што Anthropic да гэтага часу не дала карыстальнікам нармальных інструментаў, каб яны маглі зразумець, на што менавіта ідуць іхныя токены. Ён не разумее, як карыстальнікам самім абараніцца ад злоўжывання.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.