Хакеры ўзламалі сайт Christie's і паставілі аўкцыённы дом на лічыльнік
Хакерская групоўка RansomHub узяла на сябе адказнасць за кібератаку на сайт аўкцыённага дома. Зламыснікі сцвярджаюць, што атрымалі доступ да канфідэнцыйнай інфармацыі пра яго кліентаў.
Хакерская групоўка RansomHub узяла на сябе адказнасць за кібератаку на сайт аўкцыённага дома. Зламыснікі сцвярджаюць, што атрымалі доступ да канфідэнцыйнай інфармацыі пра яго кліентаў.
Паводле звестак The New York Times, паведамленне пра атаку з’явілася ў даркнэце 27 мая. Хакеры апублікавалі імёны некалькіх кліентаў Christie’s з іх датамі нараджэння. Таксама ўзломшчыкі прыгразілі раскрыць «важную асабістую інфармацыю» кліентаў аўкцыённага дома і апублікавалі таймер зваротнага адліку, які дасягне нуля да канца мая.
Яны дадалі, што спрабавалі дамовіцца з Christie’s, але аўкцыённы дом спыніў з імі камунікацыю. «Відавочна, што калі гэтая інфармацыя будзе апублікаваная, яны панясуць вялікія штрафы ў адпаведнасці з GDPR, а таксама сапсуюць сваю рэпутацыю сярод кліентаў», — заявілі ў групе.
У аўкцыённым доме прызналі, што хакеры змаглі атрымаць несанкцыянаваны доступ да «часткі сеткі» і «завалодалі некаторай абмежаванай колькасцю персанальных даных, якія тычацца некаторых нашых кліентаў». Прадстаўнік Christie’s падкрэсліў, што няма ніякіх доказаў, што была скампраметаваная фінансавая інфармацыя.
Сайт падвергнуўся нападу за некалькі дзён да вясновага распродажу аўкцыённага дома. Як адзначае выданне, многія кліенты даведаліся пра здарэнне ад журналіста газеты. Паводле слоў супрацоўнікаў, у самім аўкцыённым доме назіралася паніка пасля кібератакі, а ў часе распродажу кампанія выкарыстоўвала альтэрнатыўныя варыянты анлайн-таргоў.
Група RansomHub распаўсюджвае праграмы-вымагальнікі і можа быць звязаная з рускамоўнай групай хакераў ALPHV. Яе абвінавачваюць у атацы на кампанію Change Healthcare, якая адбылася ў лютым гэтага года. Самі хакеры сцвярджаюць, што змаглі атрымаць ад Change Healthcare выкуп у памеры $22 мільёнаў.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.