«Менш сівых валасоў». Топ-менеджары сышлі проста кодзіць — вельмі задаволеныя
Гэтыя спецыялісты спусціліся на некалькі прыступак па кар’ернай лесвіцы, каб стаць шчаслівейшымі.
Дырэктар франчайзі 1С — праграміст: «Не меў жадання больш кіраваць, хацеў жыць без клопатаў»
— Сышоў з пасады дырэктара франчайзі 1С у 1С-праграмісты. Шкадую толькі, што не зрабіў гэтага раней.
Я ў распрацоўцы з 2002 года. У 2006-м прыйшоў у тую самую кампанію: спачатку праграмістам на паўстаўкі, а з 2008 — га перайшоў да іх на поўны дзень — начальнікам аддзела распрацоўкі. З лютага 2010-га я стаў дырэктарам гэтай кампаніі.
Сышоў я ў снежні 2021 года — «у нікуды», бо стаміўся, не меў жадання больш кіраваць, хацеў жыць «без клопатаў».
Працу шукаў як звычайны суіскальнік — на лінкедзіне і праз rabota.by: апублікаваў рэзюмэ і адгукаўся на вакансіі. Усё як звычайна. Многія калегі мяне знаюць: або чулі пра мяне, або чыталі мае кнігі, або здавалі мне экзамены на сертыфікацыях.
Праз 2 тыдні я ўладкаваўся ў адную кампанію праграмістам. Папярэдне прайшоў сумоўе з эйчарам і другое — з кіраўніком праекта і кіраўніком распрацоўкі. Яны мяне не зналі. Ці звярнулі ўвагу, што кандыдат — экс-дырэктар, магчыма, але прама ніхто нічога не сказаў. Пры працаўладкаванні мы абмяркоўвалі толькі кола абавязкаў і паўнамоцтваў. А далей патрабавалася толькі прытрымлівацца дамоўленасцяў.
Што ў цяперашнім маім становішчы падабаецца мне больш за ўсё — у мяне няма клопатаў. Я больш не думаю пра працу ў выходныя, у адпачынку, раніцамі і вечарамі. Мне няма справы да таго, як кампанія-працадаўца будзе затыкаць чарговую дзірку ў персанале, як усё будзе развівацца, як і дзе зарабіць грошай.
У мяне ёсць толькі мая праца і абумоўлены працоўны час. Пры гэтым я зарабляю больш і значна больш часу надаю сабе і сям'і.
ІТ-дырэктар — праграміст — цімлід: «Цяпер у мяне 80% задач тэхнічных і толькі 20% — арганізацыйных»
Пасля заканчэння ВНУ я 7 гадоў працаваў інжынерам-праграмістам. На адной з работ начальнік прапанаваў перайсці на пазіцыю прожэкта — я пагадзіўся. І 5 гадоў быў менеджарам, а затым яшчэ 5 гадоў я прапрацаваў на пазіцыі ІТ-дырэктара.
Пасля 40 гадоў у мяне адбылося пераасэнсаванне, што мне падабаецца і чым хачу далей займацца. І я сышоў — стаў распрацоўшчыкам, сеньёрам. А праз паўтара года звольніўся і перайшоў у іншую кампанію на пазіцыю цімліда, дзе і працую ўжо 4 гады.
Чаму я так зрабіў: калі быў менеджарам, 80% маёй працы складалі аргзадачы і толькі 20% — тэхнічныя, а цяпер у мяне 80% задач тэхнічных і толькі 20% — арганізацыйных.
У грошах я не згубіў. Але тут варта растлумачыць вось што: менеджарам я працаваў у Маскве — і атрымліваў у расійскіх рублях. У тлустыя часы мой заробак даходзіў да $10 тысяч па курсе. А потым «даўбануў» крызіс — зарплата ў пераводзе ў валюту ўжо не была такая добрая.
Я сам выгараў, адчуў, што ўпёрся ў столь. Таму за паўгода да заканчэння тэрміну дзеяння майго кантракта сказаў на працы, каб шукалі мне замену.
Пайшоў я ў нікуды і два месяцы адпачываў. Потым напісаў farewell message у LinkedIn, што ўжо не працую ў той кампаніі — і гэтае паведамленне ўбачыў адзін мой былы калега, звязаўся са мной і паклікаў у прадуктовы стартап з каранямі са Швейцарыі.
Я прайшоў 4 інтэрв’ю: адно з эйчарам, два — тэхнічныя, і апошняе — з CTO з ЗША. Хлопцы былі радыя мяне наняць, бо ў мяне быў шырокі спектр тэхнічных ведаў акрамя праграмавання. Плюс у стартапе няма выразнай спецыялізацыі — там усе робяць усё: ёсць задача, і калі ты можаш нешта зрабіць, то бярэш і робіш, і не толькі ў галіне праграмавання.
Ці можна сказаць, што я «сышоў на паніжэнне» — паводле тайтлу так. Але насамрэч у прадуктовым стартапе ўсе былі senior-інжынеры, так што не — усё норм.
Праз паўтара года я сышоў у іншую кампанію на пазіцыю цімліда — мне зрабілі офер, ад якога я не змог адмовіцца: гэта было цікава і па задачах, і па грошах. Што яшчэ гэта мне дало: напэўна, у мяне менш сівых валасоў і страчаных нервовых клетак. А калі сур’ёзна, то з’явілася больш часу на навучанне чамусьці новаму і на хобі.
Читать на dev.by