Хацелі як лепш: у беларускіх крамах амаль удвая выраслі чэргі з-за QR-кодаў

У апошнія тыдні беларускія крамы ўкараняюць новае патрабаванне аб маркіроўцы тавараў, якое стала абавязковым з сённяшняга дня. Цяпер у выпадку некаторых тавараў трэба прабіваць не толькі штрыхкод, але і спецыяльны код маркіроўкі. Гэта тычыцца ўсіх кас — звычайных і для самаабслугоўвання. Пакупнікі скардзяцца ў сацсетках, што прыходзіцца намнога даўжэй стаяць у чэргах, піша Office Life.

7 каментарыяў

Дадатковы код DataMatrix падобны на звыклы QR-код, у ім зашыфравана, напрыклад, дата вырабу і заканчэння тэрміну прыдатнасці тавару, вытворца, краіна паходжання, склад, тып упакоўкі. Цяпер, сярод іншага, ён прысутнічае на малочнай прадукцыі, каве і гарбаце, напоях, рыбных кансервах, мыйных сродках і абутку, а з 1 кастрычніка спіс пашырыцца.

Каб сістэма працавала, да 1 ліпеня крамы павінны былі абнавіць касы. Акрамя таго, апараты павінны быць падлучаны да сістэмы кантролю касавага абсталявання і весці дыферэнцыраваны ўлік тавараў для іх праслежвання.

Код закліканы дапамагчы вытворцам адсочваць шлях тавараў да прылаўка, разумець, колькі яны прадаюць тавараў і як працуюць лагістычныя ланцужкі. А пакупнікі змогуць атрымаць больш інфармацыі аб таварах праз спецыяльны мабільны дадатак «Электронны знак». Сістэма аўтаматычна выяўляе прадукты са скончаным тэрмінам прыдатнасці, нелегальную прадукцыю або падробкі — такі тавар на касе заблакуюць. Па некаторых прагнозах, пасля ўкаранення маркіроўкі цэны на тавары могуць знізіцца на 10% за кошт скарачэння долі кантрафакту на рынку, і чакаюцца іншыя пазітыўныя эфекты.

Аднак з-за новаўвядзення на касах павялічыліся чэргі. Як расказалі выданню ў буйных гандлёвых сетках, час прабіцця пакупак як касірам, так і на касах самаабслугоўвання, вырас на 70%. На касах самаабслугоўвання пакупнікі марнуюць яшчэ больш часу і часцей звяртаюцца па дапамогу, а кансультантаў больш не стала.

Пакупнікі скардзяцца не толькі на тое, што прыходзіцца прабіваць лішні код — яго яшчэ трэба знайсці, таму што на некаторых таварах адразу некалькі выяў, якія нагадваюць QR-код, і людзі блытаюцца. Таксама патрэбны код часта занадта дробны і нявыразны. Акрамя таго, пры куплі ўпакоўкі бутэлек ліманаду або склееных баначак ёгурту трэба прабіваць кожную — магчымасць памножыць на ўмоўныя чатыры ці шэсць у сістэме не прадугледжана.

Прычым складанасці на касах не такія крытычныя, як у астатнім ланцужку тавараў. Напрыклад, пры прыёмцы тавараў на складах і пры дастаўцы са склада ў краму таксама трэба адсканаваць кожную крышачку.

У Міністэрстве па падатках і зборах удакладняюць, што некаторыя мадэлі кас дазваляюць скараціць шлях і сканаваць толькі код маркіроўкі, здабываючы з яго ўсю патрэбную інфармацыю. У ведамстве абяцалі з часам дапрацаваць праграму кас крам, каб сканаваць адзіны код.

У Беларусі ўвядуць імгненныя плацяжы па QR-кодзе. Абяцаюць ужо сёлета
Па тэме
У Беларусі ўвядуць імгненныя плацяжы па QR-кодзе. Абяцаюць ужо сёлета
У Беларусі могуць неўзабаве падаражэць мабільныя тэлефоны і ноўтбукі
Па тэме
У Беларусі могуць неўзабаве падаражэць мабільныя тэлефоны і ноўтбукі

Читать на dev.by