«Назіраем вялікае перасяленне айцішнікаў». Вялікае інтэрв'ю з кіраўніком Zubr Capital Алегам Хусаенавым
5 кастрычніка ў Варшаве ў рамках DZ CLUB Арцём Канцавы ўзяў інтэрв’ю ў дырэктара і заснавальніка Zubr Capital Алега Хусаенава. Размаўлялі пра інвестыцыі ў крызіс і пра тое, як зарабляць — «па абодва бакі жалезнай заслоны».
Публікуем тэкставую версію.
Алег Хусаенаў — генеральны дырэктар і заснавальнік Zubr Capital, інвестыцыйнай кампаніі з больш як 30-гадовым вопытам.
Цяпер Zubr Capital кіруе трыма фондамі з агульным аб’ёмам большым за $250 млн, надаючы асаблівую ўвагу ІТ і тэхналагічным сектарам. У 2016 годзе, пад кіраўніцтвам Алега, Zubr Capital прыцягнула $91 млн інвестыцый ад Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, галандскага фонду развіцця (FMO), кампаніі Wargaming і паспяховых прадпрымальнікаў з Усходняй Еўропы.
У 2022 годзе кампанія запусціла новы фонд аб’ёмам $108 млн, накіраваны на інвестыцыі ў ІТ-кампаніі з акцэнтам на рэлакацыю і глабальную экспансію.
«Лепш за ўсё прадаваліся гарэлка і ікра, але, на жаль, за гарэлкай і ікрой вялося вялікае паляванне»
Кажуць, вашая кар’ера прадпрымальніка пачыналася ў Варшаве. Раскажыце пра гэта.
Я скончыў інстытут грамадзянскай авіяцыі ў Маскве — і ў 1978 годзе трапіў па размеркаванні ў Мінск.
Як малады інжынер я працаваў на заводзе і атрымліваў каля 100-120 рублёў. А я ўжо ажаніўся на той час, у мяне нарадзілася дзіця — на жыццё не хапала. Тады я звярнуў увагу, што людзі з нашага завода ездзяць у Польшчу: набіраюць якіх-небудзь тавараў у Мінску — і вязуць туды прадаваць. За выходныя можна было зарабіць $100. Тады ў Беларусі на $100 можна было жыць цэлы месяц — гэта была вельмі вялікая сума.
Я хутка зразумеў, што трэба вазіць: лепш за ўсё прадаваліся гарэлка і ікра, але, на жаль, за гарэлкай і ікрой вялося вялікае паляванне.
Чаму я навучыўся тады: па-першае, вельмі хутка збіраць і разбіраць валізкі; па-другое, зразумеў, што такое міжнародны гандаль.
Тады патрэбная была віза, каб трапіць у Польшчу?
Па-мойму, не. Тады ўсё было вельмі проста — у Вільні быў рынак, і мы ездзілі туды на ўшастым запарожцы майго сябра: 160 км і ніякіх межаў.
Апішыце шырокімі мазкамі, што цяпер адбываецца на рынку з ІТ-праектамі, стартапамі.
На ІТ-прадукты па-ранейшаму ёсць попыт — і ён высокі. Ён драйвіцца ЗША і Еўропай, якая ледзь адстае ад Штатаў, але таксама і іншымі краінамі.
Не думаю, што ў найбліжэйшы час адбудзецца нешта, праз што ўсе скажуць: «Стоп, больш нічога не трэба!» Я таксама думаю, што АІ не так хутка заменіць праграмістаў — прагнозы вельмі часта не супадаюць з рэальнасцю.
Адзін з маіх бізнэсаў — аўтамабільны. Гадоў 15 таму казалі, што ўжо ў 2020 годзе рухавікі ўнутранага згарання знікнуць, — будуць толькі электрамабілі. Мы думалі пад гэта мяняць бізнэс-мадэль. Але вы перасоўваецеся па вуліцах Варшавы і бачыце, што «электрычак» па-ранейшаму значна менш, чым аўтамабіляў з ДВС.
Змены адбываюцца — але не так хутка. Думаю, што цяперашнім прадпрымальнікам хопіць месца на рынку.
На жаль, грошы цяпер — «дарагія»…
Той факт, што грошы «дарагія», не азначае, што грошай няма. Вы павінны разумець, як уладкаваны фінансавы рынак: чэмпіёнамі па зараблянні грошай у свеце з’яўляюцца эндаўменты (мэтавы капітал, ахвяраваны некамерцыйнай арганізацыі, даходы ад якога выкарыстоўваюцца для яе ўстойлівага фінансавання — Заўв. рэд.) брытанскіх і амерыканскіх універсітэтаў.
Чэмпіён нумар адзін — Ельскі ўніверсітэт, яго прыбытковасць за апошнія 30 гадоў — 13,4%, гэта вельмі добры паказчык. Рэч у тым, што ў яго ёсць правіла, у якія «кошыкі» складаць грошы: 35% партфеля ён накіроўвае ў фонды, якія інвестуюць у прадпрымальніцтва — таму што гэтая індустрыя дае самыя высокія даходы.
Інвестары шукаюць таленавітыя стартапы, кампаніі — і гэта канвеер, яго не спыніць.
Тое, што грошай стала менш, прывяло да таго, што няякасныя фонды, якія працавалі па прынцыпе «Spray and Pray», згалелі — і перасталі падымаць грошы, бо ім іх ужо ніхто не дае. А фонды, якія перформілі 10-20 гадоў таму, перформяць і цяпер — і па-ранейшаму атрымліваюць дастаткова вялікія рэсурсы.
Нашы дырэктары кожны дзень шукаюць новыя кампаніі, каб размясціць грошы. Яны не спыняюцца ні днём, ні ноччу. І так працуе ўся індустрыя: мільярды долараў шукаюць свае стартапы. Так, гэтыя грошы не так лёгка атрымаць — трэба паказаць, што ваша кампанія эфектыўная, што інвестар зможа зарабіць разам з вамі. Калі вы не можаце даказаць гэта, выхад толькі адзін-паляпшаць свой прадукт і кампанію.
«Пашчасціла пакінуць Беларусь, — значыць, што мультыплікатары на ваш бізнес будуць вышэйшыя»
Можаце расказаць, што цяпер у партфелі Zubr Capital?
Трохі перадгісторыі: ідэя Zubr Capital нарадзілася ў 2009 годзе, калі я спрабаваў вывесці на біржу «Атлант-М». Мы нанялі інвестыцыйны банк, які пазнаёміў нас з вядучымі расійскімі фондамі прамых інвестыцый.
У Беларусі такой галіны не было наогул — і якраз у 2011 годзе выконвалася 20 гадоў з таго моманту, як я стаў генеральным дырэктарам «Атлант-М». Я сказаў: «Усё, хопіць!» — таму што любы кіраўнік спачатку рухае кампанію, потым не перашкаджае ёй, а потым гэтую ж кампанію губіць. Час мяняць прафесію. І я зразумеў, што ёсць такая ніша ў Беларусі: ніхто ёй сістэмна не займаўся.
Але падняць першы фонд мне ўдалося толькі праз 6 гадоў вялікімі намаганнямі, таму што калі я пачаў звяртацца да інстытуцыянальных інвестараў, такіх як Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР), яны казалі: «Ты — пачатковец, ты ўсё жыццё прадаваў машыны». І мне даводзілася пераконваць іх, што я змагу інвеставаць.
Мне дапамагло, што ў холдынгу «Атлант-М» былі няпрофільныя актывы. Я дамовіўся са сваімі акцыянерамі, інвестарамі, — і мы выдзелілі МТбанк, «Атлант-Тэлекам», «Атлант-Кансалт» і яшчэ пару невялікіх кампаній — як невялікі фонд памерам $35 млн — і пачалі кіраваць. Нам было зразумела, што трэба, каб кожная кампанія, якая ўваходзіць у гэты партфель, вырасла. Мы пачалі звяртаць на гэта ўвагу.
Пасля гэтага ў МТБанку з’явілася карта «Халва», калі памятаеце. І дарэчы, калі мы зайшлі ў гэты банк, ён быў дванаццатым па ліку з 16 банкаў Беларусі. Мы вызначыліся са стратэгіяй, вырашылі, што ён будзе рознічным банкам нумар адзін, — за 3 гады нам удалося з 1,8% рознічнага рынку заняць да 18%. Ну і ў 2015 годзе мы паспяхова з яго выйшлі.
Потым дакладна гэтак жа было з «Атлант-тэлекам» — мы зрабілі яго прыватным правайдарам нумар адзін, яго оптавалакном была «засеяная» ўся Беларусь. І прадалі яе Telekom Austria Group — перамовы вялі непасрэдна са штаб-кватэрай у Мексіцы (з 2014 года акцыі Telekom Austria Group пачала набываць мексіканская тэлекамунікацыйная кампанія America Movil, пры канцы 2023 года яе доля склала 58% — Заўв. рэд.) і ў Вене.
Калі я паказаў інвестарам, што мы можам вырошчваць кампаніі і паспяхова з іх выходзіць, мы падпісалі пагадненне з ЕБРР. Гэта быў канец 2016 года. Яны давалі нам 25% капіталу, а астатняе я імкнуўся сабраць сярод багатых беларусаў, таму што ідэя фонду палягала ў тым, каб навучыць беларускіх прадпрымальнікаў інвеставаць — не толькі ў нерухомасць, яхты і дачы, але таксама і ва ўласныя прадпрыемствы, таму што гэта стварыла б у краіне нейкую экасістэму, якая дазваляла б не выводзіць грошы, а звяртаць, інвестуючы ў цікавыя кампаніі.
Наступны фонд у нас быў цалкам звязаны з беларускімі кантрактамі. А потым быў наступны — за 2 гады да пачатку вайны, мы паднялі яго досыць лёгка, таму што нашы інвестары бачылі перформанс папярэдняга фонду. Нават пасля 2022 года ніхто не адмовіўся ад супрацоўніцтва з намі — што дазволіла камандзе працягваць інвеставаць далей. Хіба што ў ЕБРР сказалі: «Трэба пачакаць, паглядзець, як усё будзе».
«Мы цяпер назіраем вялікае перасяленне айцішнікаў»
Цяпер раскажу, куды мы інвестуем — у ІТ-кампаніі, якія рэлакуюцца з усходу на захад. У гісторыі быў перыяд вялікага перасялення народаў, а мы зараз назіраем вялікае перасяленне айцішнікаў — з Расіі, Казахстана, Беларусі, Украіны.
Мы вызначылі для сябе лакацыі, дзе «адлоўліваць» гэты паток у свае сеткі — гэта Кіпр, там вельмі шмат айцішнага варушняку, і Польшча. Тут ёсць не толькі беларускія айцішнікі, але і ўкраінскія, на якіх мы таксама глядзім.
Прывяду прыклад кампаній з беларускімі каранямі, у якія мы праінвеставалі: Palta і яе даччыныя кампаніі.
Месяц таму Flo, якая з’яўляецца даччынай кампаніяй Palta, закрыла раўнд з амерыканскім фондам General Atlantic — знакавы фонд, ён выводзіў на біржу Duolingo. І яны заявілі, што іх задача — вывесці Flo на біржу па ацэнцы не ніжэйшай за 5 млрд. А я памятаю час, калі Flo каштавала $200 млн — і мы ў той момант не ўвайшлі ў яе, а ўвайшлі, калі кампанія каштавала ў тры разы даражэй.
Дарэчы, Flo — вельмі добры матывацыйны прыклад: кожная шостая жанчына ў ЗША карыстаецца Flo, а робяць яе беларусы, і ў іх нават офіса няма ў ЗША.
Гэтыя рэлаканты-гуны — гэта паўнавартасная экасістэма або часовае гета, з якога ў будучыні трэба будзе выйсці?
Мне не падабаецца слова «гета». Думаю, гэта магчымасці. Эпідэмія кавіду прывяла нас да таго, што ўгоды сталі здзяйсняць, не сустракаючыся, — проста ў Zoom. Калі здарыўся жнівень 2020 года ў Беларусі, я зразумеў, што мне не абавязкова вяртацца ў Мінск, — мае калегі не асудзяць мяне за гэта. А пасля лютага 2022 года велізарная колькасць айцішнікаў знялася са сваіх месцаў і паехала за мяжу — і мы былі да гэтага гатовыя.
За кампаніі з Беларусі даюць нізкія мультыплікатары. У нас ёсць вельмі таленавітыя людзі, якія стваралі бізнэсы а-ля Amazon, — дык вось калі б яны адкрылі свае кампаніі ў маленькай Літве, тыя б каштавалі больш за мільярд адразу ж. Таму калі вам пашчасціла пакінуць Беларусь, — гэта значыць, што мультыплікатары на ваш бізнэс будуць вышэйшыя.
Рэлаканты — гэта магчымасць, але вы ж можаце інвеставаць туды ж, куды інвестуюць заходнія фонды, напрыклад, амерыканскія?
У мяне такой мэты няма. Я лічу, што кожная кампанія павінна знайсці сваю нішу на рынку — і выбудаваць пад яе стратэгію (нашая кампанія пастаянна шукае нішы).
Мы былі першымі ў Беларусі, хто заняўся інвестыцыямі — у нас не было тады канкурэнтаў. І гэта лепш за ўсё — калі ў вас няма канкурэнтаў, таму што тады вы можаце рабіць цуды на рынку.
Цяпер у нас ёсць капітал, ёсць вопыт. Нашая задача простая: нам даюць $1 млн долараў — а мы павінны вярнуць інвестару праз 5-7 гадоў як мінімум $3 млн. Гэта значыць, мы павінныя ўкласціся ў кампанію так, каб яна вырасла ў 5 разоў (таму што ёй яшчэ трэба ўтрымліваць сваю каманду). Мы павінныя шукаць вельмі добрыя кампаніі. Ну вось мы знайшлі сваю нішу — яна ўнікальная, яна ўсім падабаецца.
Для прыкладу: амаль за 2 гады мы праінвеставалі палову фонду. Гэта значыць, што, хутчэй за ўсё, мы нават павялічым яго памер, таму што тыя грошы, што засталіся, мы інвестуем на працягу 5 гадоў (так трэба: кожны фонд на працягу 5 гадоў інвесціруе). Мы бачым такі вялікі пайплайн (цьфу-цьфу-цьфу), што грошай, якія мы цяпер паднялі, можа не хапіць да канца гэтых 5 гадоў.
«Калі вашая мэта — зарабляць, то вы можаце рабіць гэта нават у Беларусі»
У інтэрв’ю 2021 года вы казалі, што чакаеце нармалізацыі сітуацыі ў Беларусі. Усё яшчэ чакаеце?
Не памятаю кантэксту — трэба было б перагледзець маё ж інтэрв’ю.
Вы казалі, што бізнэс-клімат у Беларусі змяніўся — але такое не першы раз: трэба перачакаць. Дык вось ці трэба цяпер чакаць, ці варта рухацца далей?
Мой досвед падказвае, што стабільнасць у краіне, нават дрэнная, дазваляе бізнэсу выжываць.
У 2020 годзе ў Беларусі была турбулентнасць, але памяць людзей кароткая, і я чакаў, што праз нейкі час забудуцца ўсе гэтыя рэчы, супакоіцца як адзін, так і другі бок — і людзі працягнуць рабіць бізнэс. Але затым грымнуў 2022-і — таму сітуацыя не стабілізавалася.
Я б перафармуляваў вашае пытанне так: дзе лепш рабіць бізнэс — па гэты бок жалезнай заслоны ці па той? Бізнэс можна рабіць усюды. Рэальна! Калі вашая мэта — зарабляць прыбытак, вы можаце рабіць гэта нават у Беларусі.
Але калі вашая мэта — пабудаваць бізнэс, які створыць кошт, то кошт ані ў Беларусі, ані ў Расіі вы цяпер не створыце. Таму ў вас можа быць такі выбар: зарабляць у Беларусі кэш, які потым можна і інвеставаць — у тым ліку праз Zubr Capital. А кошт лепш вырошчваць тут — у Еўропе, альбо ў ЗША, дзе самы высокі мультыплікатар.
Вашыя партфельныя кампаніі — па абодва бакі гэтай заслоны. Доўга так яшчэ можа быць?
Мы падзялілі свае партфельныя кампаніі на дзве часткі — тыя, якія могуць рэлакавацца з Беларусі цалкам, і тыя, якія не могуць гэтага зрабіць.
Першыя ствараюць кошт тут — на захадзе. Другія працягваюць рабіць гэта ў Беларусі. У нас стаіць задача да канца 2026 года выйсці з усіх гэтых кампаній, і, прадбачачы пытанне, куды, адкажу — хутчэй за ўсё, у расійскія ці казахстанскія кампаніі, якія іх могуць купіць.
Дарэчы, з Казахстана людзі масава не з’язджаюць, Там няма вайны, і мовы можна не вучыць. Чаму ж тады ўсе з’ехалі ў Польшчу і на Кіпр, і мала хто — у Казахстан?
Я не ведаю, як кожны з вас прымаў рашэнне з’ехаць, але калі ты жывеш у Беларусі, з’ехаць у Польшчу — натуральней і прасцей. Пераезд з Беларусі ў Казахстан — гэта ў пэўным сэнсе даўншыфтынг.
Я знаю паспяховых людзей, якія з’ехалі ў Казахстан і працягваюць там рабіць бізнэс, бо знайшлі там сваю нішу (і яна дазваляе ім скейліцца і атрымліваць вельмі добры прыбытак — гэта нармальна). Тут таксама мае быць прагматычны падыход.
Многія кампаніі раней ганарыліся тым, што яны з Беларусі. Цяпер беларускі аднарог называецца якім заўгодна — літоўскім, брытанскім, але не беларускім. З аднаго боку, так — гэта прагматычны падыход. Але з другога — крыўдна ж. Што вы пра гэта думаеце?
Я скажу так: у кулуарах ніхто з гэтых людзей не саромеецца таго, што яны беларусы — яны з гонарам пра гэта гавораць. У беларускага ІТ добры «шлейф» і імідж.
У публічным жа полі пра гэта не гавораць з некалькіх прычын: некалькі месяцаў таму кіпрскі банк, з сябрамі праўлення якога я дружны, паведаміў: «Алег, мы цябе любім і паважаем, але мы ведаем, што ты звязаны з Беларуссю. Мы вымушаныя закрыць твае рахункі — так як санкцыі і іншае». Вядома, яны далі мне час, каб уладзіць справы, і мы па-ранейшаму сябруем, але вось ёсць такое — у некаторых рэчах беларускія пашпарты таксічныя.
І калі вы хочаце, каб на біржы вас купіла велізарная колькасць амерыканцаў, вам варта гэтую інфармацыю трымаць у цені — проста не выпінаць.
Ганарыцца, але ціха, толькі «ў кулуарах»?
Ну, давайце так: у Ілана Маска паўднёваафрыканскае паходжанне — але ён пазіцыянуе сябе як амерыканец.
Нашая з вамі задача — усюды стаць сваімі. Вы прыехалі сюды ў Польшчу — вы павінны тут стаць сваімі. На Кіпр прыбылі — тое ж самае. А ўжо як дапамагчы сваёй радзіме, потым мы прыдумаем. Калі мы будзем моцнымі, багатымі і шчаслівымі, то дапамагчы радзіме зможам.
«Мінімальны цікет, які мы чакаем ад нашых інвестараў, — гэта $2 млн»
Раней можна было мець класную каманду — і толькі за гэта атрымаць грошы, або за ідэю, якой вы гарыце. Цяпер трэба паказваць выручку, які працуе бізнэс — ніхто авансам грошай не дае… Што рабіць прадпрымальнікам, якія хочуць пачаць цяпер зарабляць?
Давайце пачнем з таго, што абавязкова вернуцца часы, калі зноў будуць «верталётныя» грошы. Рынкі вельмі цыклічныя.
Цяпер стаўкі рэфінансавання высокія — і вядома ўвесь лішні кэш пайшоў на S&P 500 і яшчэ кудысьці. Але з часам стаўкі ўпадуць, і кэш прыйдзе на наш рынак. Грошы пачнуць зноў даваць проста пад ідэі — таму што большасць непрафесійных інвестараў паддаецца статкавага эфекту: усе ўкладваюцца — і я ўкладуся.
Я бачыў, як ствараліся фонды на пустым месцы, хлопцы раздавалі грошы налева і направа. Потым, калі часы пагоршыліся, высветлілася, што карэта ператварылася ў гарбуз, і зразумела, што інвестары, якія страцілі на гэтым, — ужо не хочуць проста так раздаваць грошы. Але на іх месца прыйдуць новыя, якія будуць сапраўды гэтак жа раздаваць.
Мой адказ такі: трэба быць гатовым да шчасця. Шчасце ж у тым, каб знайсці сваю нішу, на якой вы пачнеце памнажаць кліентаў. Таму што калі ў вас няма кліентаў, ваш бізнэс нічога не варта.
Калі ж вы знайшлі нішу і можаце зрабіць мільён кліентаў, да вас рана ці позна прыйдуць і прапануюць грошы — абавязкова. Таму вашая задача цяпер не чакаць, а шукаць.
Вы ж з Беларусі, вы ведаеце, што нават у самым высокім лесе ўсё роўна растуць новыя дрэвы. Так і ў бізнэсе: усё роўна будуць вырастаць новыя кампаніі. Вашая задача — стаць гэтымі кампаніямі.
На рынку шмат шыфтаў. Калі я пачынаў сваю прадпрымальніцкую дзейнасць, у 99% кампаній не было камп’ютараў — і многія разбагацелі на тым, што вазілі камп’ютары ў краіну. Потым шыфт — інтэрнэт, і людзі сталі разумець, што можна нешта рабіць у інтэрнэце. Наступны шыфт — мабільныя тэлефоны і праграмы. Цяпер новы шыфт — АІ.
Так, ва ўсіх гэтых тэхналогіях будзе вельмі шмат пены. Але пасля таго як пена сыдзе, застануцца вельмі моцныя кампаніі. Шыфты заўсёды будуць на рынку: будзе адбывацца нешта тытанічнае, чым вы зможаце скарыстацца. Айцішнікі маюць веды і інжынерны розум — я думаю, склаўшы 2+2, яны змогуць знайсці рашэнне.
Што рабіць мы зразумелі — шукаць. А чаго не рабіць?
Не ўпадаць у роспач.
Растлумачце, як, калі раней на стратсэсіях мы маглі планаваць на 5 гадоў наперад, а цяпер занадта шмат невядомых?
Цяпер мы не плануем больш, чым на 2-3 гады наперад, таму што гэта бескарысна. Я думаю, што цяпер 2-3 гады — гэта добры гарызонт.
Калі ў кагосьці цяпер ёсць грошы, чаму іх трэба аднесці ў інвестыцыйны фонд, а не пакласці на дэпазіт — гэта ж надзейна: 7% у злотых?
Я не рэкамендую несці ў фонды апошнія грошы — ні ў якім разе. Калі вы сапраўды хочаце разбагацець, рабіце свой бізнэс. Таму што нават найлепшыя фонды прыносяць дзесьці 25% гадавых, але прадпрымальнік можа зрабіць 1000% гадавых на сваім бізнэсе.
Нам прыносяць грошы тыя людзі, якім іх «падзець няма куды» — яны ўжо вырашылі пытанне з машынай-кватэрай-яхтай і навучаннем дзяцей за мяжой. Па статыстыцы, фонды прамых інвестыцый і венчурныя фонды прыносяць большы даход, чым індэкс S&P 500 у доўгатэрміновай перспектыве.
Мінімальны цікет, які мы чакаем ад нашых інвестараў, — гэта $2 млн. Але, разумеючы, што ў многіх людзей няма такіх грошай, у новым фондзе, які мы зарэгістравалі на Кіпры, уключылі магчымасць укладваць ад $250 тысяч.
«Я выпрацаваў звычку класціся спаць шчаслівым»
Падзяліцеся сваімі сакрэтамі, як змагацца з засмучэннем і заставацца працаздольным цяпер — напрыклад, як вы пачынаеце раніцу?
З зарадкі — проста бераце і робіце. У Беларусі я стварыў невялікі клуб — 2-3 разы на тыдзень, а 7:00 раніцы мы гулялі ў тэніс, гэта вельмі добра зараджала.
На Кіпры ў нас ёсць такі ж клуб — мы стараемся гуляць і зранку, і ўвечары.
Працаваць начамі — гэта нармальна?
Калі ў вас аўрал — нармальна, але ў цэлым не. Мой прынцып: лепш арганізаваць свой рытм жыцця. Хутка Каляды, Новы год — добрая нагода ўзяць і вызначыць распарадак наступнага года: калі вы будзеце працаваць, калі — адпачываць, і калі — вучыцца. Месяц у годзе я вучуся — наведваю mini-MBA school.
Я запэўніваю: свет падладзіцца пад вас. Калі вы закладзеце сабе: гэты тыдзень адпачываю — усе будуць ведаць пра гэта і не будуць вас трывожыць.
Заклаўшы рытм года, далей вы можаце распісаць рытм месяца, — запланаваць нешта загадзя. Лепш нават зрабіць каляндар адкрытым. Супрацоўнікі Zubr Capital знаюць мой каляндар, яны могуць уставіць сустрэчу ў пустое «вакенца». Але, на жаль, пустых месцаў, як правіла, усё менш і менш.
Далей вы можаце скласці рытм тыдня — гэта таксама вельмі важна: у вас павінен быць час для працы і час для адпачынку. У мяне ў суботы шабат — я нічога не раблю, проста адпачываю, таму што гэта дае магчымасць мне хутка добра аднавіцца.
Сёння субота…
Так, я зрабіў выключэнне. Выходны ў мяне будзе ў панядзелак гэтым разам.
Які ў вас рытуал перад сном?
Я выпрацаваў звычку класціся спаць шчаслівым. Бываюць цяжкія дні — праўда, але вы кладзеце галаву на падушку і думаеце: сёння быў няпросты дзень, але калі я зрабіў усё, каб пераадолець цяжкасці, — значыць, я нездарма пражыў гэты дзень. Значыць, я магу быць шчаслівы. І я засынаю з усмешкай. І ад гэтага вельмі моцна сплю.
Пісаць супрацоўнікам у суботу, калі гэта не шабат, а як сёння, — гэта нармальна?
Пісаць — нармальна, але супрацоўнік павінен ведаць, што тэрмінова адказваць не трэба. Але я, як правіла, раблю пазнаку: «Не тэрмінова», — калі пішу ў суботу.
І іншую: «Не адказаў» (смех у зале). А наогул працаваць на выходных — нармальна?
Па маладосці я працаваў — а цяпер вырашыў, што трэба чаргаваць перыяды, калі ты вашуеш, з перыядамі адпачынку. У выхадныя я стараюся адпачываць: адзін дзень — шабат, адзін дзень — з сям’ёй або з сябрамі ў гольф гуляю.
Расстаўце па прыярытэтах: праца, сям’я, сон, падарожжы, хобі.
Роўна так, як вы і сказалі.
А якое ў вас хобі?
У мяне іх шмат: я збіраю карціны беларускіх мастакоў. Гэта маё захапленне: у мяне, напэўна, самая вялікая калекцыя ў Беларусі — каля 600-700 работ.
Яшчэ спорт — я гуляю ў тэніс, у гольф, займаюся акадэмічным веславаннем. Люблю ездзіць у вінакурні. З сям’ёй люблю бавіць час. Вельмі люблю бавіць час з сябрамі.
Раскрыйце сваё guilty pleasure.
Не магу сабе адмовіць у кухлі піва з селядцом, чорным хлебам, цыбуляй. Я разумею, што гэта вельмі шкодна. Я сачу за сваім харчаваннем, таму што калісьці прачытаў адную кітайскую кнігу пра тое, што кожны чалавек лыжкай і відэльцам капае сабе магілу. Але адмовіць сабе ў гэтым задавальненні не магу.
«Калі ў дзіцяці інжынерныя схільнасці — вучыце яго матэматыцы і фізіцы, яны заўсёды вывезуць»
Вы казалі, што месяц у годзе вучыцеся. Дзе вучыцца прадпрымальніку, які з’ехаў?
Дзякуй богу, на Захадзе шмат разнастайных курсаў. Я і мая памочніца скануем усю прастору MBA-курсаў, глядзім, якія найбольш важныя і цікавыя для майго бізнэсу. Апошні год я ездзіў у Лондан і слухаў выдатны курс прафесара з Чыкагскага ўніверсітэта, да гэтага я ездзіў у бізнэс-школу ў Оксфард.
Потым стараюся навязваць спецыялізаваныя курсы сярод нашых супрацоўнікаў: сустракаючыся афлайн, мы разглядаем найбольш цікавыя кейсы ў працоўных групах — і я зноўку іх «перажываю», таму што я з аднаго боку ведаю адказ, а з другога я ўжо паспеў яго забыць.
Гэта, дарэчы кажучы, вельмі добрае камандаўтварэнне. Таму што цяпер многія офісы аддаленыя. У нас 3 ці 4 лакацыі, але 3 разы на год мы абавязкова дзесьці збіраемся, праводзім 3-4 дні разам. Для нас разгляд цікавых кейсаў — адзін са спосабаў каманднай працы.
«Кароткая» адукацыя лепшая за доўгую? Ці трэба атрымаць MBA?
Асабіста для мяне цяпер «кароткая» адукацыя лепшая ў сілу таго, што ў нас вельмі дынамічна ідзе бізнэс — ты не можаш узяць перапынак на 18 месяцаў, колькі доўжыцца «доўгі» MBA.
У 2016 годзе я паступіў на MBA, а ў 2017 мы паднялі фонд — і я адмовіўся ад навучання, таму што разумеў: у мяне не будзе на гэта часу.
Што ж да рэкамендацый, скажу так: гледзячы, чаму вы хочаце навучыцца. Праблема стартапа — і мы бачым гэта пастаянна — класны фаўндар або дырэктар, «бірузовая» культура і іншае. Кампанія пачынае хутка расці — і ўсё рассыпаецца, таму што трэба рабіць рэгулярны менеджмент, а яго выбудаваць досыць складана — цябе гэтаму нідзе не вучылі.
У свой час мы напісалі кнігу «Усе кампаніі шчаслівыя аднолькава», у якой паспрабавалі ў дапамогу гендырэктару коратка выкласці, як перайсці ад стартаперскай культуры да рэгулярнага менеджменту. На жаль, тыраж скончыўся. Мы рыхтуем новы. Але мы вырашылі, што трэба абнавіць кейсы. Думаю, праз год зробім.
Няма ў мяне прамога адказу, ці трэба ісці вучыцца на MBA. Калі вы думаеце, што гэта вам дапаможа рабіць бізнэс — можа быць.
Чаму вучыць дзяцей, асабліва тым людзям, якія засталіся ў Беларусі?
Калі ў дзіцяці інжынерныя схільнасці, — вучыце матэматыцы і фізіцы, яны заўсёды «вывезуць». І попыт на іх вельмі высокі. Я заўсёды любіў набіраць студэнтаў з матэматычных факультэтаў, таму што з іх можна было зрабіць і добрых менеджараў, і добрых кіраўнікоў — у іх сістэмнае мысленне.
Але калі ў дзіцяці няма інжынернага мыслення, вучыце яго камунікаваць — гэта таксама вельмі моцна дапамагае ў жыцці. Вучыце дзяцей эмпатыі. Мая мама неяк сказала: «Алег, калі хочаш, зразумець чалавека, паспрабуй паставіць сябе на яго месца», — і ведаеце, гэта вельмі дапамагае прасунуцца ва ўсіх сферах: паставіць сябе на месца таго, з кім ты вядзеш перамовы, з кім працуеш.
Читать на dev.by