ШІ-стартап Zing з беларускімі каранямі назвалі найлепшай фітнес-аплікацыяй года
Тэхналагічны партал TechRadar апублікаваў топ фітнес-аплікацый на 2025 год. Найлепшай прызналі аплікацыю для трэніровак на базе ШІ Zing Coach, сярод кофаўндараў якога — беларуска Таццяна Парфянюк. Ён апярэдзіў такія сэрвісы, як Fitbit і Apple Fitness.
Рэдакцыя назвала Zing найлепшай фітнес-аплікацыяй, якая падыдзе большасці людзей. Персанальны ШІ-трэнер каштуе каля $20 у месяц, але падпіска адразу на год будзе таннейшай.
Аплікацыя мае просты дызайн і выдатна працуе на мабільных прыладах. Інтэрфейс можна кастамізаваць. У ім ёсць мноства карысных інструментаў — менавіта гэтым Zing пераўзыходзіць канкурэнтаў. Таксама заўсёды пад рукой чат-бот, якому можна задаваць пытанні пра розныя віды трэніровак, харчаванне і іншыя тэмы, звязаныя са здароўем. Напрыклад, даступны інструмент для падліку масы тлушчавай і безтлушчавай тканак, на аснове якога можна персаналізаваць фітнес-план. Акрамя таго, алпікацыя можа даваць карыстальніку парады падчас трэніровак і адсочваць іх эфектыўнасць.
Zing быў створаны ў Мюнхене ў 2021 годзе. Тады ж ён прыцягнуў першыя інвестыцыі і ўвайшоў у партфель інвестыцыйнай фірмы Palta Юрыя Гурскага. А летась Zing атрымаў яшчэ $10 млн.
Читать на dev.by