Чыноўнікі: ільготу 9% налета Парку не вернуць. А вось наконт «Вялікага каменя» ёсць сумневы

Згодна з праектам змяненняў у Падатковы кодэкс, падвышаная стаўка 13% будзе дзейнічаць яшчэ два гады, да студзеня 2025-га.

28 каментарыя

Намесніца міністра па падатках і зборах Эла Сяліцкая пацвердзіла намер пакінуць у сіле стаўку падаходнага падатку 13% для рэзідэнтаў ПВТ і Кітайска-беларускага парка «Вялікі камень». 

— Падаўжаюцца стаўкі падаходнага падатку ў памеры 13% для рэзідэнтаў Кітайска-беларускага парка «Вялікі камень» і для рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій», — перадае яе словы Белта. 

Сяліцкая нагадала, што гэтая мера была прынятая «падчас кавіднага перыяду» і накіраваная «на бюджэтную ўстойлівасць».

Між тым, у апублікаваным на pravo.by праекце змяненняў у Падатковы кодэкс згадваецца падаўжэнне стаўкі 13% толькі для рэзідэнтаў ПВТ. Згадкі «Вялікага каменя», якая была ў адной з папярэдніх версій праекта, там няма. Вось як цяпер выглядае гэтая папраўка:

12. Ад 1 студзеня 2023 г. да 1 студзеня 2025 г.:

12.3. даходы фізічных асоб, атрыманыя на працягу каляндарнага года паводле працоўных дагавораў ад рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій, абкладаюцца падаходным падаткам з фізічных асоб паводле стаўкі трынаццаць (13) працэнтаў.

Калі ў канчатковым варыянце яна будзе прынятая ў такой фармулёўцы, без згадкі «Вялікага каменя», гэта, верагодна, будзе азначаць, што рэзідэнтам Кітайска-беларускага Парку льгота з 1 студзеня аўтаматычна вернецца (стаўка 9% да 1 студзеня 2027 года прапісаная ў п. 51 Палажэння аб спецыяльным прававым рэжыме Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парку»Вялікі камень»). 

Аднак жа словы намесніцы міністра прымушаюць сумнявацца ў гэтым. Варта дачакацца падпісання законапраекта.

Адносна ПВТ сумненняў практычна не засталося: стаўка 9% у найбліжэйшыя пару гадоў не вернецца.

Ільготная стаўка падаходнага падатку ў 9% для рэзідэнтаў ПВТ і «Вялікага каменя» была паднятая да 13% ад 1 студзеня 2021 года з дапамогай артыкула ў Падатковым кодэксе. Гэта было зроблена на прапанову Мінфіна «для кампенсацыі выдаткаў праз COVID-19».


Читать на dev.by