«Не хочуць адаптавацца ў Беларусі». Imaguru даследаваў стартапы

Асноўныя патрэбы — рэлакацыя і легалізацыя.

11 каментарыяў

Стартап-хаб Imaguru і даследчы цэнтр Envision пры падтрымцы ЕС правялі даследаванне беларускай стартап-экасістэмы ў выгнанні. Фармат даследавання — глыбінныя інтэрв’ю з 11 заснавальнікамі буйных стартап-кампаній беларускага паходжання, іх сукупная ацэнка — большая за 5 млрд еўра.

Асноўная выснова — большасць заснавальнікаў буйных беларускіх стартапаў адчувае негатыўны ўплыў санкцый на развіццё свайго глабальнага бізнэсу. Беларускае паходжанне ва ўмовах санкцый замінае прадпрымальнікам любога маштабу развіваць свой бізнэс нават за мяжой. Гэта ўскосны эфект санкцый; ён можа распаўсюджвацца на прадпрымальнікаў, якія не маюць ніякіх сувязяў з палітычным рэжымам у Беларусі і не знаходзяцца ў санкцыйных спісах.

У той жа час апытаныя стартапы не лічаць санкцыі сур’ёзным або тым больш асноўным бар’ерам для росту свайго бізнэсу.

Таццяна Марыніч, CEO і заснавальніца Imaguru

— Праблемы з візамі, адкрыццём рахункаў, абмежаванне фінансавання — гэта толькі частка праблем, з якімі цяпер сутыкаюцца нашыя стартапы праз сваё паходжанне.

Напрыклад, інвестар аднаго з апытаных стартапаў адмовіўся ад угоды праз вайну, хаця заснавальнік жыве ў Еўропе ўжо больш за 7 гадоў. Іншай камандзе, якая робіць прадукт на 200 мільёнаў карыстальнікаў у Еўропе, адмаўляюць у атрыманні шматразовых віз. Некаторыя дзяржустановы ў ЕС, ладзячы due diligence, правяраюць людзей на наяўнасць славянскіх прозвішчаў.

Так што сітуацыя для беларускіх стартапаў застаецца складанай, але, як яны кажуць, калі вы навучыліся выжываць у Беларусі, вам больш нічога не страшна.

Даследаванне таксама выявіла, што апытаныя заснавальнікі інавацыйнага бізнэсу не жадаюць адаптавацца да наступстваў крызісу ўнутры Беларусі. У якасці антыкрызісных захадаў яны выбіраюць рэлакацыю супрацоўнікаў і ліквідацыю кампаній у Беларусі. У той жа час 90% апытаных заснавальнікаў хочуць захаваць сувязі і кантакты з Беларуссю, каб садзейнічаць пераменам і дапамагаць краіне ў будучыні.


Читать на dev.by