Дакладна не бурбалка: індыйская тэхнакампанія вырасла ў 550+ разоў за 1,5 года. У яе 2 супрацоўнікі і яшчэ няма вытворчасці
У сацсетках стала віруснай гісторыя поспеху індыйскай паўправадніковай фірмы RRP Semiconductor, пра якую да нядаўняга часу ледзь чулі нават на радзіме. За апошнія 20 месяцаў яе акцыі ўзляцелі больш чым на 55 тысяч працэнтаў — гэта рэкордны прырост сярод кампаній з рынкавым коштам ад $1 млрд, піша Bloomberg.
Паводле апошняй гадавой справаздачы, кампанія працуе ў страту, а ў штаце на фултайме ў яе налічваецца ўсяго 2 супрацоўнікі. У сферу чыпаў яна півотнулася толькі ў пачатку 2024 года, а да гэтага займалася тэплавізійнымі сістэмамі і камерамі для дронаў і называлася Chodankar.
RRP Semiconductor узляцела дзякуючы хайпу ў сетцы, зусім невялікай колькасці акцый у абарачэнні і ўзрастаючай масе рознічных інвестараў у Індыі, якія імкнуцца зарабіць на буме ШІ — тым больш што такіх кампаній у краіне няшмат. Як адзначае vc.ru, на рынку гандлююцца толькі прыкладна 2% яе акцый, а астатнія належаць заснавальніку.
Пры гэтым RRP Semiconductor адкрыта кажа, што яшчэ не пачала выпускаць працэсары, не ўдзельнічала ні ў якіх дзяржпраграмах і не звязана з якімі-небудзь вядомымі асобамі. Біржы і самой фірме нават прыйшлося заклікаць інвестараў да разважлівасці і не скупляць яе акцыі. Але сітуацыяй ужо зацікавіліся мясцовыя рэгулятары — расследаваць рэзкі рост акцый пачаў Савет па каштоўных паперах і біржах Індыі.
Читать на dev.by