Instagram заблакаваў медыя беларусаў пра Варшаву. За «расійскую прапаганду»
Instagram забаніў рускамоўную старонку The Warsaw, якую стварылі беларусы шэсць гадоў таму. Як паведамляюць беларускія выданні, на момант блакіроўкі яна мела 139 тысяч падпісчыкаў. У якасці прычыны сацсетка назвала скаргі на публікацыю пра расійскую прапаганду ў Польшчы, у якой згадваліся акаўнты, што спрабуюць стварыць пазітыўны вобраз Расіі для палякаў.
Спачатку Instagram выдаліў пост за распальванне варожасці, але адміністратарам удалося яго аднавіць. Пазней на публікацыю зноў паскардзіліся, і сацсетка выдаліла яе другі раз.
Цяпер акаўнт The Warsaw заблакаваны. Аўтары кажуць, што надзеі на вяртанне старонкі няшмат, таму яны перайшлі на новы акаўнт.
«Гэта не першая наша блакіроўка, але менавіта гэтая выглядае найбольш пагрозліва. Тэкст пры блакіроўцы быў такі: „вы можаце падаць апеляцыю, мы разгледзім блакіроўку паўторна, але ў выпадку адхілення апеляцыі акаўнт будзе выдалены назаўжды“. Мы, вядома, апеляцыю падалі, чакаем», — адзначаюць рэдактары The Warsaw.
У выпадку адмовы па гэтай апеляцыі яны плануюць змагацца за аднаўленне старонкі ў тым ліку праз суд.
Читать на dev.by