Інвестфонд з Нідэрландаў уклаўся ў беларуска-амерыканскую ІТ-кампанію
Амерыканская кампанія Coherent Solutions і яе беларуская «дачка» ISsoft заключылі партнёрства з прыватным інвестфондам IceLake Capital.
«З інвестыцыямі IceLake мы працягнем развіваць напрамкі ў сферы ШІ, лічбавых платформаў і інжынірынгу, пашыраючы глабальную прысутнасць. А партнёрства дазволіць паскорыць інавацыі, узмацніўшы нашы магчымасці па стварэнні вымярымай лічбавай каштоўнасці для кліентаў па ўсім свеце», — гаворыцца ў пасце ISsoft у LinkedIn.
Заснавальнік і генеральны дырэктар Coherent Solutions Ігар Эпштэйн эміграваў з Беларусі ў ЗША ў 1992 годзе. У 1995-м запусціў кампанію па заказной распрацоўцы софту ў Мінеапалісе. У 2004-м яна адкрыла офіс у Мінску.
ISsoft зараз налічвае пяць офісаў у Мінску, Брэсце, Гродне і Гомелі і працуе ў асноўным на рынкі ЗША і Заходняй Еўропы. У Coherent Solutions, акрамя Беларусі, ёсць офісы распрацоўкі ў Балгарыі, Грузіі, Літве, Мексіцы, Малдове, Польшчы, Румыніі і Украіне. Па стане на 2023 год яе штат складаў 2200 супрацоўнікаў.
Фонд IceLake Capital быў створаны ў 2018 годзе і спецыялізуецца на кампаніях сярэдняга памеру ў сферы дзелавых паслуг і ПЗ. Офісы размяшчаюцца ў Нідэрландах, Германіі і Бельгіі.
Читать на dev.by