Як айцішніку працаваць пад 5% у Польшчы і не трапіць у непрыемнасці. Разбор

Даведаліся, як атрымаць і правільна прымяняць ільготу IP Box.

32 каментарыяў

Падатковая ў Польшчы правярае не толькі ІТ-кампаніі, але і айцішнікаў-ІП. І чапляецца да льгот, якія айцішнікі прымяняюць як творчыя работнікі, што ствараюць аб’екты аўтарскага права.

Мы ўжо разбіралі «аўтарскую» 50-працэнтную зніжку з партнёркай, кіраўніцай падатковай і карпаратыўнай практыкі ALG LEGAL Лідзіяй Ражковай. Цяпер з яе дапамогай тлумачым, што такое льгота IP Box для іпэшнікаў, каму яна належыць і ці можна ўвесь даход абкладаць падаткам у 5%. 

Што за IP Box у Польшчы: у чым там сутнасць?

IP Box (Intellectual Property Box) у Польшчы — гэта адмысловая льготная сістэма падаткаабкладання. Належыць ІП і юрыдычным асобам, якія вядуць навукова-даследчую дзейнасць і ствараюць аб’екты інтэлектуальнай уласнасці. Не належыць тым ІП на «рычалце», якія выбралі аднаразовы падатак на зарэгістраваны даход (ryczałt).

Сэнс ільготы ў тым, што замест звычайных працэнтных ставак (12%/32% або 19%) ІП можа плаціць 5%. Але з усіх даходаў.

Дзе чытаць законы пра IP Box?

У заканадаўстве паняцця IP Box няма; усе, хто хоча разабрацца па першакрыніцах, чытайце art. 30ca Ustawy o PIT (для JDG) і 24D Ustawy o CIT (для юрыдычных асоб). 

Што трэба для льготы?

Трэба выканаць некалькі ўмоў:

  • весці навукова-даследчую дзейнасць;
  • яе вынікі — аб’екты інтэлектуальнай уласнасці (АІУ) — маюць быць згаданыя ў законах аб PIT і CIT;
  • гэтыя АІУ маюць ахоўвацца ў адпаведнасці з заканадаўствам Польшчы або міжнароднымі дамовамі з удзелам Польшчы/ЕС;
  • атрымліваць выручку ад продажу права ўласнасці на АІУ (па аўтсортынгавых дамовах) або па ліцэнзійнай дамове ў дачыненні да такога права.

А што за спіс АІУ?

Ён закрыты. Там ёсць патэнты, зарэгістраваныя правы на прамысловыя ўзоры, на ахову карысных мадэляў, а яшчэ правы аўтара на камп’ютарную праграму. То-бок ільготу могуць прымяняць праграмісты, якія ствараюць софт.

Акей, распрацоўшчык-ІП робіць софт. А навукова-даследчая дзейнасць тут дзе?

Для таго каб дзейнасць была кваліфікаваная як даследаванні і распрацоўкі, трэба выконваць тры ўмовы:

  • творчы падыход пры вырашэнні задач;
  • сістэматычнасць, то-бок сталасць такой дзейнасці; 
  • павелічэнне запасу ведаў і выкарыстанне іх для стварэння новых праграм. То-бок дзейнасць мае быць інавацыйнай, трэба ствараць штосьці новае.

Гм, гучыць як нешта ўніверсальнае. То-бок усе распрацоўшчыкі-ІП могуць прэтэндаваць на льготу? А айцішнікі іншых спецыяльнасцяў?

Нацыянальная падатковая інфармацыйная служба (Krajowa Informacja Skarbowa) у сваіх інтэрпрэтацыях адназначна пацвярджае, што ІТ-спецыяліст, які стварае і ўдасканальвае камп’ютарныя праграмы, можа выкарыстоўваць ільготу IP Box.

З нашага пункта гледжання, ільготу могуць выкарыстоўваць праграмісты-аўтсорсеры, так як яны ствараюць цэлую камп’ютарную праграму альбо яе частку і перадаюць заказчыку свае маёмасныя правы. 

Праграмісты-прадуктавікі таксама, бо яны ствараюць праграмны прадукт і атрымліваюць прыбытак ад прадастаўлення невыключных правоў на яго мноству карыстальнікаў.

А вось айцішнікам іншых спецыяльнасцяў (тэсціроўшчыкам, маркетолагам, менеджарам праектаў, HR ды інш.), на нашую думку, ільгота не належыць.

За тэсціроўшчыкаў крыўдна, ну што ж. Куды бегчы афармляць IP Box распрацоўшчыку?

Спачатку накіроўваеце ў Нацыянальную падатковую інфармацыйную службу заяву на атрыманне індывідуальнай падатковай інтэрпрэтацыі. У ёй падрабязна апісваеце, чым займаецца прадпрыемства і ад чаго атрымлівае прыбытак. Можаце прыводзіць довады на карысць таго, што адпавядаеце ўсім умовам IP Box, і задаваць пытанні — хай падаткавікі пацвердзяць, што вы можаце карыстацца IP Box.

Атрымалі станоўчы адказ — можаце прымяняць ільготную стаўку.

А калі без усякай падатковай інтэрпрэтацыі прымяніць льготу, што будзе?

Лепш так не рабіць. Падатковая можа прыйсці з праверкай і даналічыць падатак, працэнты за пратэрміноўку, а таксама накласці штраф.

Дапусцім, пацверджанне атрыманае. Ці трэба весці нейкую дадатковую справаздачнасць?

Падаткавікі па-ранейшаму лічаць, што трэба весці спецыяльны ўлік кваліфікаваных АІУ. Але ўсё не так адназначна. Ёсць судовыя прэцэдэнты на карысць падаткаплацельшчыкаў.

У 2022 годзе з’явіліся рашэнні ваяводскіх адміністрацыйных судоў у Беластоку і Лодзі аб тым, што палажэнні законаў пра PIT і CIT не ўтрымліваюць абавязку па вядзенні спецыяльнага ўліку і яго формы. На думку судоў, дастаткова, каб запісы вяліся належным чынам і ў гадавой падатковай дэкларацыі можна было паказаць агульную суму даходаў/выдаткаў/страт, што абкладаюцца па стаўцы 5%, і даходаў, на якія льгота не распаўсюджваецца. 

Але мы б усё ж рэкамендавалі весці асобны бухулік па IP Box — каб пазбегнуць спрэчак з падатковай.

Пачакайце, а хіба не ўвесь даход абкладаецца па стаўцы 5%?

Не.

У гэтым і была прэтэнзія падаткавікоў да некаторых ІП. Ільгота не можа пакрываць увесь даход, атрыманы ад продажу інтэлектуальнага прадукту, калі ў яго кошце ёсць выдаткі на матэрыялы, кампаненты і да т. п. А яшчэ частка даходу можа быць звязаная з руцінай: бягучым абслугоўваннем сайта/праграмы або правядзеннем нарады.

Толькі прыбытак ад «навукова-даследчай» дзейнасці, то-бок той, што звязаная са стварэннем аўтарскіх правоў на софт, абкладаецца па льготнай стаўцы. 

Для разлікаў прыдумалі каэфіцыент NEXUS, які паказвае, якая доля агульнага даходу будзе падлягаць ільгоце IP Box. Гэты каэфіцыент з’яўляецца найбольш складаным элементам самой льготы IP Box і прадметам шматлікіх індывідуальных тлумачэнняў. Калі каэфіцыент меншы за 1, то частка даходу, якая не з’яўляецца кваліфікаваным прыбыткам, абкладаецца па звычайных стаўках.

Гэта падобна да аўтарскай ільготы для айцішнікаў, якія працуюць па кантрактах, так?

Так. Толькі ў супрацоўнікаў гэта «творчая» дзейнасць, а ў ІП — «навукова-даследчая».

Кампаненты і матэрыялы выкарыстоўваюць звычайна хардвершчыкі. А як распрацоўшчык простага софту мае разлічваць гэты каэфіцыент?

Для пераважнай большасці распрацоўшчыкаў, якія карыстаюцца льготай IP Box, каэфіцыент NEXUS роўны 1. 

А вось распрацоўшчыкам у кампаніях раяць ужываць творчую льготу не да ўсёй зп, а толькі да 70-80% (нібыта 20-30% часу яны выдаткоўваюць на руціну).  Несправядліва! 

IP Box і творчая льгота — усё ж розныя інстытуты. Пра масавыя прэтэнзіі да айцішнікаў на IP Box пакуль не чуваць. Да ІТ-кампаній з творчай ільготай іх больш.

Насамрэч пазіцыя падатковай не вельмі зразумелая. У моманце стандартная практыка для кодараў-ІП — каэфіцыент 1. Але не факт, што да яго не пачнуць чапляцца.

Таму для перастрахоўкі ІП на IP Box могуць не адносіць увесь даход на стварэнне АІУ, а ўжываць каэфіцыент 0,7-0,8 (паводле формулы).

Наколькі наогул (не)бяспечна прымяненне IP Box у Польшчы? Ці часта падатковая гэта права аспрэчвае і як карае?

Прымяненне любой ільготы звязанае з павышанай увагай падатковых органаў. Апошнім часам падатковыя органы актыўна правяраюць менавіта ІТ-спецыялістаў.

Але гэта не значыць, што льготу прымяняць не трэба. Проста варта рабіць гэта максімальна ўважліва, выконваючы закон і афармляючы дакументацыю.


dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам, увагай і данатамі.

Праз Patreon. 

З Беларусі — праз Donorbox.

І яшчэ крыптой, тут кашалькі.

Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.

У айцішнікаў у Польшчы ёсць творчая льгота. Для каго яна і чым небяспечная — разбор
Па тэме
У айцішнікаў у Польшчы ёсць творчая льгота. Для каго яна і чым небяспечная — разбор
Даведаліся, колькі нашых ІТ-кампаній цяпер у Польшчы. У 5 разоў больш, ніж да 2020
Па тэме
Даведаліся, колькі нашых ІТ-кампаній цяпер у Польшчы. У 5 разоў больш, ніж да 2020
Каго шукаюць і колькі плацяць EPAM, Wargaming і іншыя ў Польшчы
Па тэме
Каго шукаюць і колькі плацяць EPAM, Wargaming і іншыя ў Польшчы

Читать на dev.by