ІП ад 1 студзеня не змогуць працаваць па спрошчанай сістэме. Што будуць рабіць айцішнікі?

Спрошчаная сістэма падаткаабкладання (ССП) для ІП дажывае апошнія тыдні. Будучыня айцішнікаў-ІП у тумане.

29 каментарыяў

Міністэрства па падатках і зборах нагадала аб тым, што 1 студзеня 2023 года спрошчаная сістэма для ўсіх ІП сыдзе ў нябыт.

«Ад 1 студзеня 2023 г. індывідуальныя прадпрымальнікі страчваюць права на прымяненне спрошчанай сістэмы падаткаабкладання (пункт 174 артыкула 2, артыкул 9 Закона Рэспублікі Беларусь ад 31.12.2021 № 141-З „Пра змяненне законаў у пытаннях падаткаабкладання“)», — гаворыцца ў паведамленні МПЗ.

Што там з самазанятымі і падаткам 10%

Прымяненне ССП для ІП, якія аказваюць паслугі, забаранілі яшчэ ад 2022 года, аднак дзейнасць у галіне камп’ютарнага праграмавання (падклас 62010 АКЭД) тады на год унеслі ў спіс выключэнняў. І вось пралангаваная для айцішнікаў магчымасць плаціць падатак па стаўцы 6% дажывае апошнія тыдні. Што ж далей? Насамрэч — незразумела. 

Год таму Мінфін прасоўваў новую форму працы для самазанятых — з выплатай падатку на прафесійны даход. У Падатковы кодэкс быў дададзены новы, 40-ы, раздзел — «Падатак на прафесійны даход» — які набывае моц 1 студзеня 2023 года.

Згодна з ім, прафесійны даход абкладаецца стаўкай 10%; даход звыш 60 000 BYN на год, атрыманы ад беларускіх арганізацый і (або) беларускіх ІП, абкладаецца па стаўцы 20%. Калі ж даход атрыманы ад фізічных асоб і замежных юрыдычных асоб, незалежна ад яго памеру прымяняецца стаўка 10%. Збор ФСАН ужо ўключаны ў гэтую стаўку.

Апошняя, 10-працэнтная, опцыя ў тэорыі ідэальна пасавала айцішнікам-ІП, якія працуюць на замежных заказчыкаў.

Але якія віды дзейнасці падпадаюць пад падатак на прафесійны даход? Пералік мае вызначыць Саўмін. Пакуль такога пераліку няма.

Таму і ўпэўненасці, што распрацоўшчыкі софту змогуць скарыстацца рэжымам самазанятасці з выплатай падатку на прафдаход, няма.

Больш за тое, у асяроддзі юрыстаў і падатковых кансультантаў пагаворваюць, што падатак на прафесійны даход могуць дазволіць толькі для тых, хто працуе з фізічнымі асобамі. Уявіць айцішнікаў, якія распрацоўваюць софт для фізічных асоб, даволі складана.

Што ж тады застаецца?

Варыянты прапісаныя ў паведамленні-напаміналцы МПЗ:

«Улічваючы напісанае, ад 1 студзеня 2023 года індывідуальныя прадпрымальнікі змогуць прымяняць два рэжымы падаткаабкладання:

— агульны парадак падаткаабкладання (прадугледжвае выплату падаходнага падатку з фізічных асоб);

— сістэму выплаты адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб у парадку і на ўмовах, вызначаных у раздзеле 33 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь».

Агульны парадак падаткаабкладання азначае, што ІП адымае ад даходаў выдаткі (або замест гэтага 20%), і з розніцы выплачвае падаходны падатак. Цяпер стаўка — 16%, але ў 2023 годзе яе плануюць падняць да 20%.

Выплата адзінага падатку з ІП і іншых фізічных асоб — форма, даступная самазанятым пэўнымі відамі дзейнасці. Для айцішнікаў сфера дзейнасці тут моцна абмежаваная.

Гэта «распрацоўка вэб-сайтаў, усталяванне (наладжванне) камп’ютараў і праграмнага забеспячэння, аднаўленне камп’ютараў пасля збою, рамонт, тэхнічнае абслугоўванне камп’ютараў і перыферыйнага абсталявання, навучанне працы на персанальным камп’ютары».

Прычым гаворка ў дадзеным выпадку вядзецца не пра ІП, а пра фізічных асоб, якія не ажыццяўляюць прадпрымальніцкай дзейнасці.

Дарэчы, адзіны падатак у 2023 годзе плануецца істотна павялічыць. 

Цяпер для распрацоўшчыкаў вэб-сайтаў ён:

— у Мінску — 237 BYN у месяц, а плануецца 593 BYN;

— у рэгіянальных цэнтрах і Мінскім раёне — 219 BYN, а плануецца 518 BYN;

— раённых гарадах (Баранавічы, Бабруйск, Барысаў, Жлобін, Маладзечна і інш.) — 207 BYN, плануецца 518 BYN;

— у астатніх населеных пунктах — 105 BYN, плануецца 263 BYN.

Не выключана, што пра лёс ІП і самазанятых у 2023 годзе мы даведаемся ў апошні момант. Давайце сачыць.


Калі вы ІП у Беларусі, пішыце пра свае планы ў каментарах або ў наш бот.

Айтишникам-ИП оставят упрощёнку в 2022-м. Проект приняли в первом чтении
По теме
Айтишникам-ИП оставят упрощёнку в 2022-м. Проект приняли в первом чтении
Минфин: айтишникам-ИП в 2022 году можно остаться на упрощёнке
По теме
Минфин: айтишникам-ИП в 2022 году можно остаться на упрощёнке
Кодить можно, размещать — нет. МНС пояснило за УСН
По теме
Кодить можно, размещать — нет. МНС пояснило за УСН

Читать на dev.by