ІТ-галіна Еўропы страціла $400 млрд рынкавай капіталізацыі, інвестыцый менш, аднарогаў — таксама
Еўрапейскія тэхналагічныя кампаніі за год патаннелі на $400 млрд, піша Reuters са спасылкай на даклад венчурнай фірмы Atomico. Аб’ём венчурнага фінансавання між тым паменшыўся амаль на 20%.
Калі пры канцы 2021 года сукупны кошт прыватных і публічных ІТ-кампаній Еўропы складаў $3,1 трлн, то цяпер — $2,7 трлн. Зніжэнню ў тым ліку спрыялі высокія працэнтныя стаўкі, інфляцыя, геапалітычная напружанасць і адток талентаў.
Многія кампаніі сёлета збіралі сродкі пры значна меншых ацэнках, чым раней. Так, шведскі сэрвіс куплі тавараў у растэрміноўку Klarna падняў $800 млн пры ацэнцы $6,7 млрд — гэта на 85% менш за $46 млрд, пры якіх ён атрымаў інвестыцыі ў 2021 годзе.
«Еўрапейская тэхналагічная экасістэма цяпер знаходзіцца ў найскладанейшых макраэканамічных умовах ад часоў сусветнага фінансавага крызісу», — адзначаюць у Atomico.
Сумарны аб’ём венчурных інвестыцый, прыцягнутых кампаніямі ў 41 краіне Еўропы, упаў на 18% — ад больш як $100 млрд у 2021 годзе да $85 млрд у 2022-м. Колькасць новых стартапаў-аднарогаў абвалілася ад 105 да 31.
Пры гэтым 77% апытаных даследчыкамі еўрапейскіх фаўндараў і інвестараў наладжаныя аптымістычна з нагоды будучыні галіны ў рэгіёне.
Читать на dev.by