Лідзіруе толькі па заробках, а страты растуць. Як маецца беларускі ІТ-сектар у 2024 годзе?
Расказваем, як маецца ІТ-сектар сёлета ў параўнанні з іншымі галінамі беларускай эканомікі.
Змест
Зарплата — 1-е месца
Па ўзроўні сярэдняй зарплаты ў Беларусі ІТ-сектар застаецца на першым месцы сярод іншых галін. Але лідарства айцішнікаў ужо не такое безумоўнае, як раней.
Паводле звестак афіцыйнай статыстыкі, па выніках ліпеня сярэдні заробак у ІТ склаў 6,8 тысячы рублёў. Гэта ўсяго толькі на 2% больш за даходы супрацоўнікаў пасажырскага паветранага транспарту.
Для параўнання: год таму (у ліпені 2023) заробак у ІТ быў вышэйшы, чым у работнікаў пасажырскага паветранага транспарту, на 45%.
Уплыў на рост ВУП — 6-е месца
З аднаго боку, упершыню амаль за два гады ІТ-сектар перастаў тармазіць эканоміку. З другога, уплыў індустрыі на яе рост мінімальны на фоне астатніх галін.
Але доля сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій (ІКТ) у ВУП працягвае расці. Па выніках студзеня гэтага года доля была 3,8%, па выніках студзеня-мая — 4,5%, за студзень–ліпень — 4,9%. Па гэтым паказчыку ІКТ — на 4-м месцы сярод асноўных галін.
Адначасова аднавіўся рост валавой дабаўленай вартасці ІКТ-сектара (розніца паміж выдаткамі на вытворчасць і канчатковым коштам прадукту). За студзень-ліпень — плюс 0,2%. Папярэднія шэсць месяцаў быў суцэльны мінус.
Выручка — 13-е месца
Па росце выручкі па выніках паўгоддзя ІКТ па-за межамі топа-10. За студзень-чэрвень яна вырасла на 8,8% — гэта 13-е месца сярод асноўных відаў дзейнасці.
Рэнтабельнасць — 4-е месца
Летась сектар выпаў з топа-3 самых эфектыўных у беларускай эканоміцы — упершыню за апошнія некалькі гадоў.
За шэсць месяцаў гэтага года рэнтабельнасць продажаў у ІТ і сувязі склала 18,6%. Гэта 4-е месца сярод самых эфектыўных відаў дзейнасці.
Чысты прыбытак — 4-е месца
Сёлета сітуацыя з чыстым прыбыткам у ІКТ пакуль горшая за леташнюю. За паўгода кампаніі сектара атрымалі 800 млн рублёў чыстага прыбытку — на 6%, або на 56 млн рублёў менш, чым год таму.
Колькасць стратных кампаній — 7-е месца
За паўгоддзе Белстат налічыў у ІТ і сувязі 42 стратныя кампаніі — амаль у 1,5 разу больш, чым па выніках студзеня-чэрвеня мінулага года. Па колькасці стратных бізнэсаў сектар — на 7-м месцы сярод асноўных відаў дзейнасці.
Страты ў галіны выраслі. За студзень–чэрвень кампаніі атрымалі 54,5 млн рублёў страт — на 77% больш, чым летась (было 30,7 млн рублёў).
Читать на dev.by